Пошук

30.09.2017 20:39   Пераклад: Мікола Гракаў / Catholic.by

30 верасня 2017 г.

«Дрэва жыцця»

Дарагія сабраты ў біскупстве і ў святарстве,
дарагія сябры

1. Мы перажывалі гэтыя дні ў святле Уваскрослага, маючы ў сэрцы канферэнцыі біскупаў нашых краінаў. У нашай Радзе насамрэч мае месца гэтая разнастайнасць гістарычных шляхоў, галасоў і традыцый, з якой і складаецца сугучная сімфонія адзінай каталіцкай веры. Таксама і з гэтай прычыны нашая штогадовая сустрэча — гэта ласка для нас і для нашых Касцёлаў, калі пасля вяртання мы пастараемся данесці да нашых сабратоў тое, што тут выявілася і што ў больш шырокай перспектыве дапаможа ў душпастырскай дзейнасці ўсім. Місія, уласцівая РКБЕ, з цягам гадоў вымалёўваецца ўсё лепш, і чым большымі становяцца культурныя, пастырскія і сацыяльныя выклікі, тым больш узрастае пакорная неабходнасць у органе, які, адкінуўшы прыватныя інтарэсы, імкнецца спрыяць дабру ўсяго кантынента. Мы ведаем, што толькі адноўленае прапаведаванне Хрыста можа вярнуць душу і аблічча гэтай зямлі, на якой Евангелле нарадзіла культуру, цывілізацыю і гуманізм.

2. Бачанне прарока Захарыі, які сузірае новы Ерузалем, што сягае ажно да краёў зямлі, пацвярджае асноўную місію пастыраў: евангелізацыю. Абвяшчаць Хрыста — Збаўцу ўсіх людзей, які аб’явіў Айца і паказаў сапраўднае аблічча чалавека; перадаваць людзям праўды, якія з’яўляюцца шляхам да неба, «сведчыць перад усім светам пра Нябеснае Валадарства» (ІІ прэфацыя пра апосталаў); сведчыць пра Касцёл, пакліканы адлюстроўваць святло свайго Абранніка, — гэта не толькі наша місія, а таксама сэнс і радасць нашага жыцця. Без гэтага што б у нас засталося, кім бы мы былі? Няшчаснымі людзьмі, служкамі таго, чаго няма! Таму нам неабходна быць з Панам Богам, ісці за Ім праз пустыні, якія Ён рыхтуе для кожнага з нас; нам неабходна стаць, як Майсей, перад палаючым кустом, каб не даць туману ахінуць наш розум, каб нашым сэрцам не даць астынуць і каб не пайсці шукаць суцяшэння ў ілюзорных агнях свету. Нам неабходна разам з нашымі святарамі сагравацца полымем малітвы і блізіх адносінаў з Тым, хто паклікаў нас па імені.

3. Евангелле дае ўзор місіі і «наследавання Хрыста»: гаворыць нам пра крыж Езуса. Наўпрост крыж не названы, але ён нібы прасвятляецца: можна памерці ў хвале, а можна памерці ў прыніжэнні. Пан выбірае шлях прыніжэння: «Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей» (пар. Лк 9, 44).

Гэта азначае самоту і пакінутасць, кпіны і насілле, абразы і здзекі ажно да ганебнай смерці.
Настаўнік у размове са сваімі вучнямі кажа гэтае балючае прароцтва незвычайным чынам: «Укладзіце сабе ў вушы словы гэтыя» (пар. тамсама). Моцны і непрыгожы выраз: ён дае зразумець, што тое, што Ён скажа, будзе жорсткім і непрыемным. Ён не хоча напалохаць апосталаў, але хоча адкрыць ім праўду: праўду, што не вяжацца з логікай гэтага свету, які гоніцца за поспехам і знешнім эфектам. Гэта праўда, што ўваходзіць глыбей пад паверхню асабістых, касцёльных і грамадскіх гісторый, каб дасягнуць да ядра вечнасці, што асвятляе кожную падзею. Сапраўды, менавіта прайшоўшы праз прыніжэнне, Езус з’яўляецца Збаўцам, Пераможцам, крыніцай ласкі, вялікім Сябрам. Крыж — хвалебны, таму што ён — дрэва жыцця, але ён застаецца крыжам, адзіным мастом паміж зямлёю і небам. Так ёсць для вучняў, для нас, пастыраў, для нашай місіі, для Касцёла: таксама і ён павінен прайсці гэты шлях, па якім ягоны Абраннік ідзе перад ім і разам з ім, паўтараючы яму: «Будзь адважным, не бойся, бо Я з табою».

Таксама і нам, Касцёлу Еўропы, Ён паўтарае тыя самыя словы. Мы з даверам іх прымаем разам з Марыяй, нашай Маці. Мы прымаем іх як ласку, якая ўзрушвае і ніколі не здрадзіць.

Абноўлена 13.10.2017 16:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа