8 снежня ў Калінінградзе (Расія) на 78-м годзе жыцця адышоў у вечнасць ксёндз Пётр Фідэрмак, святар Спішскай дыяцэзіі (Славакія), які належаў да руху факаляраў і пэўны час нёс служэнне ў Беларусі.
Пётр Фідэрмак нарадзіўся 27 лютага 1947 года ў вёсцы Мнішак над Попрадам у Славакіі ў сям’і цесляра, дзе было 13 дзяцей. Пасля службы ў войску паступіў у духоўную семінарыю ў Браціславе.
Пасвячаны ў святары для Спішскай дыяцэзіі 10 чэрвеня 1973 года ў катэдры святога Марціна ў Браціславе.
Вывучаў філасофію ў Папскай тэалагічнай акадэміі ў Кракаве (Польшча). Служыў пробашчам некалькіх парафій у Славакіі, потым сакратаром Канферэнцыі біскупаў, выкладчыкам сацыялогіі ў семінарыі.
У чэрвені 1994 года Папа Ян Павел II надаў яму ганаровы тытул капелана Яго Святасці, або папскага прэлата.
З 1996 года служыў у Расіі. Паўсюль, дзе яму даводзілася несці служэнне, ксёндз Пётр быў вядомы як «святар-будаўнік»: апроч пастырскіх абавязкаў кіраваў будаўніцтвам катэдральных касцёлаў у Новасібірску і Іркуцку, будаўніцтвам і рамонтам шматлікіх парафіяльных касцёлаў і капліц (у прыватнасці ў Туле, Курску, Красназнаменску, Слаўску і Несцераве), а таксама іншых касцёльных будынкаў, у тым ліку Апостальскай нунцыятуры ў Мінску.
З 2007 года служыў у архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве ў парафіях Тулы, Курска і ў розных парафіях Калінінградскай вобласці Расіі.
Вечны адпачынак дай яму, Пане…