Пошук

22.09.2021 12:12   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: ansa.it

Славацкія СМІ падвялі вынікі візіту Папы Францішка ў краіну, які праходзіў 12–15 верасня. У іх падкрэсліваецца, што Папа заклікае славакаў да веры, якая, «як сцвярджаюць некаторыя, аслабла».

Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News прапануе кароткі агляд публікацый славацкай прэсы на тэму нядаўняга візіту Пантыфіка ў гэтую пераважна каталіцкую краіну з даволі моцнымі да нядаўняга часу традыцыямі веры і роляй Касцёла ў грамадскім жыцці.

Славацкая газета Denník N, спасылаючыся на словы Пантыфіка, адзначыла, што славакі «не павінны падтрымліваць жорсткую рэлігійнасць, не павінны асуджаць і абвінавачваць іншых», ім трэба «крэатыўна» прачытаць Евангелле, «весці дыялог са светам, з тымі, хто шукае, і з няверуючымі».

Пакорны Касцёл, як падкрэсліў Папа, не можа засяроджвацца на сабе, ён павінен «акунуцца ў рэальнае жыццё людзей».

У сваіх прамовах, як каментуе Denník N, Святы Айцец шмат казаў пра свабоду, якую славакі здабылі, прайшоўшы праз пуcтыню камунізму, праводзячы такім чынам паралель з біблійнай кнігай Зыходу. «Прасцей крыху цыбулі, чым праца і рызыка, каб не страціць свабоду», — адзначыў ён у прамове да духавенства ў братыслаўскай катэдры. А спакуса мець удосталь «цыбулі», як адзначаецца ў славацкім выданні, усё яшчэ ёсць. Паводле журналістаў, «цёмныя сілы мафіі, карупцыі і несправядлівасці змагаюцца з ачышчэннем», аднак «зерне надзеі, пасеянае падчас візіту, можа прарасці, калі мы будзем патрабаваць гэтага больш».

На заканчэнне аўтар каментара ўзгадвае візіт Яна Паўла ІІ у тагачасную Чэхаславакію ў красавіку 1990 года. Прэзідэнт Вацлаў Гавел тады сказаў: «Я не ўпэўнены, ці ведаю, што такое цуд. Нягледзячы на гэта, я адважваюся сцвярджаць, што ў гэтую хвіліну я ўдзельнічаю ў цудзе. Пасланец любові прыбывае ў краіну, знішчаную ідэалогіяй нянавісці».

Парадаксальна, але сёння, пасля больш як 30-і гадоў свабоды, сучасны пасланец любові і надзеі, магчыма, патрэбны больш, чым тады.

Так падсумавала візіт Францішка ў Славакію газета Denník N.

Рэдакцыя парталу Svet kresťanstvaPostoj, у сваю чаргу, засяродзілася на візіце Пантыфіка ў самы бедны раён краіны, які знаходзіцца непадалёк ад горада Кошыцы, і ў якім жывуць цыганы.

«Папа Францішак сам выбраў Luník IX як месца свайго візіту. Прыбыў туды менавіта таму, што гэта адзін з самых бедных жылых раёнаў Славакіі, жадаючы сустрэцца з людзьмі, выкінутымі на перыферыю грамадства. Luník IX з’яўляецца сімвалам такога адкінутага грамадства», — напісаў Postoj.

Раней, як адзначае Беларуская рэдакцыя Vatican News, у мясцовых СМІ шмат увагі было прысвечана прамове Папы Францішка перад прадстаўнікамі палітыкі, грамадзянскай супольнасці і рэлігійных арганізацый у Славакіі, якая прагучала 13 верасня.

Сярод выданняў, якія каментуюць папскую прамову ў сацыяльным кантэксце сённяшняй Славакіі, — ліберальная Sme. Газета падкрэсліла, што «ў часы ўзмацнення палярызацыі грамадства ёсць шмат тых, хто лічыць за лепшае закрыць вушы на заклік Папы Францішка да гуманізму і талерантнасці».

Заклік Пантыфіка да пакоры, якой у сучасным грамадстве ў значнай ступені не хапае, можа, аднак, «дасягнуць прынамсі часткі грамадства».

У славацкай прэсе практычна няма значных каментароў да заяў Пантыфіка. Адзін з нямногіх даў Францішак Міклошка, адзін з самых вядомых дысідэнтаў камуністычнай эпохі, пазней старшыня парламента, Славацкай нацыянальнай рады ў Браціславе.

«Адважуся сказаць, што мы, славакі, ніколі не чулі такой прамовы, як агучаная Святым Айцом у садзе Прэзідэнцкага палаца», — адзначыў Міклошка на славацкім інтэрнэт-партале Svet kresťanstva Postoj.

«Папа паказаў, як разумець традыцыі, і адначасова заставацца адкрытымі для будучыні», — дадаў ён.

Міклошка — адзін з удзельнікаў дэманстрацыі 25 сакавіка 1988 года на вуліцах Браціславы, на якую выйшлі з запаленымі свечкамі каля 10 тыс. славакаў, патрабуючы свабоды веравызнання, грамадзянскіх свабод і павагі да правоў чалавека. «Вы перажылі пераслед, вы здалі экзамен. Цяпер нас чакае выпрабаванне свабодай», — цытуе ён Папу Францішка.

Газеты таксама адзначаюць, што Папа знайшоў час у панядзелак, каб ненадоўга сустрэцца з сем’ямі маладога журналіста-расследвальніка Яна Куцяка і яго нявесты Марціны Кушніравай, забітых у 2018 годзе. Судовае разбіральніцтва па гэтай справе яшчэ не завершана.

У гэтым кантэксце галоўны рэдактар газеты Denník N Матуш Кастольны ўспамінае словы Пантыфіка аб тым, што закон павінен аднолькава распаўсюджвацца на ўсіх, а правасуддзе «ніколі не можа прадавацца».

Абноўлена 22.09.2021 12:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.