Пошук

01.06.2020 14:12   Паводле: Vatican News
Фота Zenit.org

31 мая было апублікавана пасланне Папы Францішка на 94-ы Сусветны дзень місій. Дакумент мае назву «Вось я, пашлі мяне (Іс 6, 8)».

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец адзначае ў пасланні, што «місія, якую Бог даручае кожнаму, прымушае перайсці ад „я“ палахлівага і замкнёнага да „я“ адшуканага і адноўленага дзякуючы прынясенню сябе ў дар».

Ва ўступе Папа падзякаваў Богу за руплівасць, з якой Касцёл перажыў Надзвычайны місійны месяц у кастрычніку 2019 г., і нагадаў, што сёлета «місійны шлях усяго Касцёла працягваецца ў святле слоў, якія знаходзім у аповедзе пра пакліканне прарока Ісаі: „Вось я, пашлі мяне (Іс 6, 8)“».

«Гэта заўсёды новы адказ на пытанне Пана: „Каго Мне паслаць?“ (Іс 6, 8).

Такое пакліканне выходзіць з Божага сэрца, з Яго міласэрнасці і звернута як да Касцёла, так і да чалавецтва ў сучасным сусветным крызісе»,

— напісаў Пантыфік.

У гэтым кантэксце, па словах Святога Айца, «пакліканне да місіі, запрашэнне выйсці з уласнай замкнёнасці дзеля любові да Бога і да бліжняга бачыцца як магчымасць для дзялення, служэння, заступніцтва». Бог чакае «нашай асабістай гатоўнасці быць пасланымі» па прыкладзе Езуса Хрыста, чые «Асоба і справа цалкам увасабляюць паслухмянасць волі Айца» (гл. Ян 4, 34; 6, 38; 8, 12-30; Гбр 10, 5-10).

«Касцёл, універсальны сакрамэнт Божай любові да свету, працягвае ў гісторыі місію Езуса і пасылае нас паўсюль, каб праз нашае сведчанне веры і абвяшчэнне Евангелля Бог у чарговы раз праявіў сваю любоў і мог дакрануцца і пераўтварыць сэрца, розум, цела, грамадства і культуру ў кожным месцы і часе», — дадаў Папа Францішак.

Ён падкрэсліў, што місія — «свабодны і свядомы адказ на пакліканне Бога», якое «можна ўспрыняць, толькі калі зазнаём асабістыя адносіны любові з жывым Езусам у Касцёле», і запрасіў кожнага задаць сабе пытанне адносна гатоўнасці прыняць прысутнасць Духа Святога ў сваім жыцці, пачуць пакліканне да місіі — на дарозе сужэнства, кансэкрацыі, святарства ці звычайнага паўсядзённага жыцця.

Асабліва сёння, у часы пандэміі, зразумець, што нам кажа Бог, становіцца сапраўдным выклікам для місіі Касцёла.

«У гэтых умовах пытанне Бога: „Каго Мне паслаць?“ ізноў скіравана  да нас і чакае велікадушнага і ўпэўненага адказу: „Вось я, пашлі мяне!“

Бог працягвае шукаць, каго паслаць у свет і да народаў, каб сведчыць пра сваю любоў, пра выбаўленне ад граху і смерці і вызваленне ад зла», — сцвердзіў Папа.

Пантыфік даручыў усіх вернікаў паўсюднага Касцёла заступніцтву Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Зоркі евангелізацыі і Суцяшальніцы засмучаных, місійнай Апосталкі свайго Сына, Езуса Хрыста.

Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень місій у трэцюю нядзелю кастрычніка.

Абноўлена 01.06.2020 15:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.