Пошук

02.10.2019 09:02   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: interris.it

30 верасня быў абнародаваны Апостальскі ліст папы Францішка Aperuit illis з нагоды 1600-й гадавіны смерці вялікага знаўцы і перакладчыка Святога Пісання святога Гераніма. У дакуменце ў форме motu proprio, які з’явіўся з уласнай ініцыятывы Пантыфіка, Трэцяя нядзеля Звычайнага перыяду абвяшчаецца нядзеляй Божага слова.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэты дзень будзе асаблівым чынам прысвечаны цэлебрацыі, спалучанай з разважаннем над Божым словам і яго распаўсюджваннем.

У дакуменце, які пачынаецца словамі з Евангелля паводле святога Лукі «Адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне» (Лк 24, 45), Святы Айцец зазначае, што ўстанаўленне нядзелі Божага слова з’яўляецца адказам на ініцыятыву шматлікіх вернікаў, якія даўно аб гэтым прасілі.

Папа нагадвае пра некаторыя важныя крокі, ужо зробленыя для адкрыцця багацця Божага слова: дагматычную канстытуцыю Другога Ватыканскага Сабора Dei Verbum, Сінод Біскупаў на тэму «Божае слова ў жыцці і місіі Касцёла», які прайшоў у 2009 г., а таксама Апостальскую адгартацыю папы Бэнэдыкта XVI Verbum Domini — «Слова Пана», якая была абнародавана пасля Сіноду.

Нядзеля Божага Слова будзе адзначацца ў перыяд, які заахвочвае да ўмацавання сувязі з юдэямі і малітвы аб адзінстве хрысціянаў. «Святое Пісанне ўказвае тым, хто яго слухае, шлях, па якім трэба ісці, каб дасягнуць сапраўднай і моцнай еднасці», — піша Пантыфік.

Папа Францішак жадае, каб нядзеля Божага слова адзначалася ўрачыста.

У літургіі можа адбывацца ўрачыстае ўнясенне Святога Пісання, чытанне Божага слова; гаміліі могуць быць прысвечаны каштоўнасці Бібліі. У гэты дзень біскупы могуць прымаць адпаведных кандыдатаў у шэрагі лектараў або даручаць іншае падобнае служэнне, каб падкрэсліць важнасць абвяшчэння Божага слова ў літургіі. Таксама і пробашчы могуць знайсці адпаведную форму, каб уручаць Біблію ці адну з яе кніг усёй парафіяльнай супольнасці, падкрэсліваючы важнасць штодзённага чытання Святога Пісання і малітоўнага разважання над ім, напрыклад, у форме lectio divina.

Святы Айцец заўважае, што Біблія не можа ўспрымацца ў якасці зборніка кніг, прызначанага для невялікай групы людзей. Ён папярэджвае пра недапушчальнасць «манапалізацыі» святога тэксту.

«Біблія — гэта кніга народа Пана, які, слухаючы яе, пераходзіць ад рассеяння і падзелаў да адзінства.

Божае слова яднае вернікаў і робіць іх адным народам», — дадае Папа.

Пантыфік звяртае ўвагу на важнасць гамілій для тлумачэння Божага слова. Ён сцвярджае, што трэба тлумачыць Святое Пісанне простай мовай, адпаведнай тым, хто слухае.

«Для многіх нашых вернікаў гэта адзіная магчымасць для пазнання прыгажосці Божага слова, усведамлення яго сувязі са штодзённым жыццём. Нельга імправізаваць у каментаванні святых чытанняў.

Мы, прапаведнікі, пакліканыя не зацягваць празмерна гаміліі і не выкарыстоўваць у іх неналежных аргументаў», — нагадвае папа Францішак.

Спасылаючыся на евангельскі ўрывак пра сустрэчу Езуса з вучнямі, якая адбылася па дарозе ў Эмаўс, пастыр паўсюднага Касцёла звяртае ўвагу на непадзельную лучнасць Святога Пісання з Эўхарыстыяй.

«Біблія — гэта не зборнік гістарычных кніг і не хроніка. Яна цалкам скіравана на цэласнае збаўленне асобы», — падкрэслівае Святы Айцец.

Папа Францішак гаворыць пра тое, як важна быць адкрытым для дзеяння Святога Духа падчас чытання і тлумачэння Бібліі. Гэта неабходна для таго, каб пазбегнуць фундаменталісцкага падыходу і не адысці ад таго натхнёнага, дынамічнага, духоўнага характару, які мае святы тэкст. Трэба сілкавацца Божым словам, каб глыбей перажываць адносіны з Богам і братамі, натхняцца ім для ўчынкаў міласэрнасці, піша папа Францішак.

Абноўлена 20.01.2022 10:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.