У новай рубрыцы «Марыйныя санктуарыі» мы будзем расказваць пра беларускія санктуарыі — месцы, вядомыя дзякуючы людской веры і пашане да Божай Маці.
У папярднім матэрыяле мы распавялі пра Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, а цяпер гаворка пойдзе пра санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Тракельскай — Каралевы нашых сем'яў.
Цудадзейны абраз Маці Божая Тракельскай знаходзіцца ў галоўным алтары касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Тракелі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Гэты абраз рымскай іканаграфіі, згодна з легендай, быў намаляваны ў канцы ХVІ ст. Паводле аднаго з паданняў, яго прывезлі з Вільні ў 1595 годзе, дзе ён быў створаны мясцовым мастаком.
Па характары вобразаў яго можна параўнаць з абразом 1640 года віленскага мастака фламандскага паходжання Пенса ў Святой Ліпцы на Варміі (Польшча). У другой палове XVII ст. (магчыма, каля 1664 года) абраз Маці Божай з Дзіцяткам быў дапоўнены выявай св. Казіміра, які стаіць, укленчыўшы, з ружанцам у руках.
У 1994 г. Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч зрабіў касцёл у Тракелях дыяцэзіяльным санктуарыем. Свята цудатворнага абраза адзначаецца ў першую нядзелю ліпеня, у гэты час у Тракелі традыцыйна арганізуюцца штогадовыя пілігрымкі.
5 ліпеня 2009 года адбылася ўрачыстая каранацыя абраза папскімі каронамі. Здзейсніў акт каранацыі кардынал Казімір Свёнтэк.
Тракельскі абраз — адзін з самых высокамастацкіх спісаў Маці Божай «Снежнай» у Беларусі. Ён прадстаўляе Маці Божую з Дзіцяткам Езусам на левай руцэ.
З дасканалым познерэнесансным стылем жывапісу гарманіруе металічная шата з каронамі. Сваёй правай далонню Марыя ахапіла левую руку, якая трымае Божага Сына. 3 правага боку ад Яе ўкленчыў святы Казiмiр з ружанцам у руках — заступнік земляў Вялікага Княства Літоўскага.
Выява святога Казіміра намалявана на асобным палатне і даклеена да асноўнага падчас першай рэстаўрацыі абраза ў другой палове XVII ст. Праўдападобна, гэта было звязана з кананізацыяй Казіміра і выданнем тагачасным Пантыфікам у 1664 г. кананізацыйнай булы.
З 11 лістапада 2018 г. да 2 лютага 2019 г. Гродзенскі дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Тракельскай праводзіць конкурс вершаў, песень, відэаролікаў і іншых творчых прац на тэму «Маці Божая Тракельская, вядзі нас за сабой».