Пошук

10.12.2018 09:59   Паводле: інтэрнэт-крыніц / Catholic.by

У новай рубрыцы «Марыйныя санктуарыі» мы будзем расказваць пра беларускія санктуарыі — месцы, вядомыя дзякуючы людской веры і пашане да Божай Маці.

Гісторыю Марыйных санктуарыяў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, паводле адной з версій, можна адлічваць з 1470 года.

Першыя цудадзейныя абразы на тэрыторыі Беларусі

Пастушкі, якія пасвілі жывёлу ў ваколіцах Жыровіцаў, убачылі аднойчы на дзікай грушцы нейкі прадмет, ад якога ва ўсе бакі разыходзіліся ясныя прамяні. Гэта быў маленькі абразок Маці Божай, які ззяў незвычайным бляскам.

Хлопчыкі забралі яго і занеслі да свайго пана — літоўскага падскарбія (адпавядае сённяшняму скарбніку, або кіраўніку цэнтрабанка) Аляксандра Солтана, які загадаў пабудаваць на тым месцы драўляную святыню. Слава цудоўнага абраза пачала прыцягваць да Жыровіцаў вялікую колькасць пабожнага люду. 19 верасня 1730 года абраз першым на тэрыторыі сучаснай Беларусі быў каранаваны папскімі каронамі.

Ілюстрацыя з zhirovichi-monastery.by

Другім па ліку каранаваным цудадзейным абразом з’яўляецца абраз Маці Божай Бялыніцкай, пра гісторыю якога мы ўжо пісалі на нашым партале.

Абраз у Будславе

Сёння ўзгадаем іншы вядомы ў Беларусі цудадзейны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, да якога імкнуцца шматлікія пілігрымы з Беларусі і замежжа.

Будслаўскі абраз Маці Божай — адна з найбольш шанаваных каталіцкіх ікон Беларусі, якая знаходзіцца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Будслаў.

Абраз быў падараваны ў 1598 папам Клімэнтам VIII менскаму ваяводу Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Пасля смерці Паца абраз перайшоў да капэлана Ісака Салакая, які ў 1613 падараваў яго будслаўскаму кляштару бэрнардынаў.

Шату для абраза ў першай палове XVII ст. падараваў віленскі гвардыян бэрнардынаў Фларыян Калецкі. Абраз праславіўся цудамі аздараўленняў, якія апісаў пробашч кс. Элеўтэрый Зялевіч у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650).

Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. абраз быў часова вывезены ў мястэчка Саколка (Беласточчына). Бэрнардыны Літоўскай правінцыі развівалі культ абраза, ад пачатку ХІХ ст. друкуючы з яго гравюры. Пасля скасавання кляштара ў 1859 г. вядомасць абраза зменшылася.

Ад пачатку 1990-х шанаванне абраза аднаўляецца. З 1990 года штогод адбываюцца пілігрымкі, прымеркаваныя да 2 ліпеня — успамін Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі.

У 1991–1992 абраз быў рэстаўраваны Віктарам Лукашэвічам. 2 ліпеня 1996 Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названая Апякункай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У 1998 кардынал Казімір Свёнтэк каранаваў цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі.

Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 72×65 см, іканаграфічна належыць да заходнееўрапейскага тыпу Адыгітрыі. На зваротным баку дошкі знаходзіцца надпіс з каштоўнымі звесткамі з гісторыі абраза і аўтара.

Іканаграфія тыпу Адыгітрыі, трактаваная вольна, у духу італьянскага Рэнесансу. Маці Божая напісаная па пояс, у чырвоным адзенні, белым галаўным уборы і цёмна-зялёным мафорыі (доўгая жаночая накідка з галавы да пят) з карункавай аблямоўкай.

Асоба з правільнымі рысамі, мадэлёўка аб’ёму светлаценевая, левая палова ў глыбокім цені. Дзіцятка на левай руцэ ў вольнай паставе, у светлым хітоне і цёмна-жоўтым плашчы.

Пухлыя ручкі працягнутыя да Маці: правая благаслаўляе, а левай Езус Хрыстус як бы падае Маці гранат, шматзначны знак вечнага жыцця, а таксама хрысціянства, шматлікіх вернікаў якога сімвалізуюць зярняты. Асоба прыгожая, з тонкімі рысамі, погляд скіраваны на гледача. Фон высветлены, салатава-шэрага адцення, німбы вохрыстыя, разграфлёныя вострымі прамянямі.

На абразе — срэбная шата, арнаментаваная вольна раскінутымі кветкамі, і карона з каштоўнымі камянямі. Абраз укладзены ў срэбную раму з арабескавым арнаментам у стылі позняга Рэнесансу, у арнамент упісаная постаць святога Казіміра і, магчыма, святой Ядвігі. Усе гэтыя ўпрыгожванні належаць да найлепшых узораў ювелірнага мастацтва ў Беларусі.

Сёння будслаўскі касцёл аб'яўлены помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. 1 ліпеня 2000 г. у Будславе адбыўся марыялагічны кангрэс. Кожны год на святкаванне ўрачыстасцяў у Будславе, якое з 2012 г. пераносіцца на першую пятніцу і суботу ліпеня замест традыцыйнага 2 ліпеня, прыбываюць тысячы вернікаў. У 2018 г. будслаўскі фэст унесены ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.

Абноўлена 10.12.2018 15:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця