
Святую Імшу апоўначы 5 ліпеня, у другі дзень Будслаўскага фэсту, узначаліў Віцэ-старшыня ККББ біскуп Алег Буткевіч.
Эўхарыстыі традыцыйна папярэднічала працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай вакол прыкасцёльнага пляцу. Яе ўдзельнікі, несучы ў руках запаленыя свечкі, маліліся радаснымі таямніцамі ружанца. У спеве ім дапамагаў хор «Залатая Горка» з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) ў Мінску пад кіраўніцтвам Святланы Шэйпы.

На пачатку начной Імшы Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прывітаў прысутных іерархаў: біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, якога папрасіў узначаліць Эўхарыстыю і прамовіць гамілію, біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, Генеральных вікарыяў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупаў Юрыя Касабуцкага і Аляксандра Яшэўскага SDB, найстарэйшага ўзростам біскупа эмэрыта Казіміра Велікасельца, ардынарыя дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве біскупа Клеменса Піккеля, Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, традыцыйных рэлігій у Беларусі, дыпламатычных місій,святароў, дыяканаў, кансэкраваных асоб і вернікаў.
Гамілію біскуп Буткевіч распачаў заклікам з Гадзінак аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі: «Будзь нам, Маці Міласэрна, вернай дапамогай, барані нас ад спакус і шатана злога». Ён нагадаў, што многія з прысутных, якія ішлі ў малітоўнай працэсіі з ружанцамі ў руках, адбылі пешую або роварную пілігрымку — гэта значыць шлях, «які праходзілі многія нашыя продкі, каб тут, у Будславе, ушаноўваць верную слугу Пана» з перакананнем, што Марыя заўсёды пачуе іх малітвы.
Далей пастыр засяродзіўся над цнотай надзеі — цэнтральнай тэме сёлетняга юбілейнага года. Каб раскрыць яе сутнасць, ён звярнуўся да фрагмента Евангелля пра цуд Езуса ў Кане Галілейскай. Біскуп нагадаў словы Марыі да слугаў: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2, 5). Езус пакінуў сваё вучэнне — Евангелле, каб тыя, хто вераць у Яго, ведалі, што трэба рабіць.
«Чаму вучыць нас наша хрысціянская вера? Яна вучыць прабачэнню, любові да бліжняга, міласэрнасці, шанавання як сваёй чалавечай годнасці, так і іншага чалавека. І над усім гэтым матчынай просьбай Марыі ўзвышаецца "Зрабіце!"»
— сказаў іерарх.
Паводле яго слоў, на праблему, калі нам цяжка выканаць тое, што мы ведаем тэарэтычна, Езус адказвае: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5). А «праз Марыю мы маем найкарацейшы і, што важна, пэўны шлях да Езуса», які з'яўляецца Яе найкаштоўнейшым Дарам.
Пастыр папярэдзіў, што нельга збудаваць годнага жыцця без Бога: «Сутнасць веры застаецца перадусім у жывых адносінах з Богам, у пошуку і прыняцці Яго волі, у павазе да Яго слова. Калі гэтага няма, усё астатнее застаецца бессэнсоўнай дэкарацыяй і забабонам».
Аргументуючы сваю пазіцыю, біскуп Буткевіч нагадаў словы Папы Бэнэдыкта XVI з яго кнігі «Камяні жывыя», якія Пантыфік прамовіў у кантэксце ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей: «Я думаю, што калі мы чытаем Евангелле і ведаем яго старазапаветную перадгісторыю, абодва бакі павінны навярнуцца і зноў, і зноў знаходзіць у сабе мужнасць верыць у Бога... Толькі ў навяртанні сэрцаў да Бога можа нарадзіцца сіла для прыняцця адно аднаго, давер да людзей і здольнасць любіць іх і зносіць іх адрозненні». Іерарх выразіў перакананне, што жыць паводле Евангелля, гэта значыць прабачыць іншаму чалавеку, а тым больш палюбіць ворагаў, па-сапраўднаму магчыма толькі маючы веру ў Бога і Ягоную ласку ў сэрцы.
Біскуп нагадаў, што калі мы кажам: «На Беларусі Бог жыве», у гэты момант варта запытаць сябе: А ці Ён жыве ў маім сэрцы? Пагрозай для веры, паводле яго слоў, з'яўляецца не толькі абыякавасць, якая яе нішчыць, але і перакананне ў тым, што «я ўжо ўсё ведаю і нічога новага ў тым Святым Пісанні не адкрыю». Пастыр, як некаль Хрыстус вучням, параіў слухачам у такім выпадку выплысці на глыбіню: Duc in altum!
Урэшце, вялікім Божым дарам для веруючых з'яўляецца сама Марыя. «А хто такі веруючы чалавек?» — спытаўся іерарх прысутных. І сам даў наступны адказ на гэтае пытанне: «Гэта той, хто, чытаючы Святое Пісанне, адносіць да сябе яго словы». Ён нагадаў сцвярджэнне святога апостала Якуба, які ў сваім Пасланні сказаў, што калі вера не праяўляецца ва ўчынках, яна застаецца мёртвай (пар. Як 2, 17).
«Таму ўчынкі, якія вынікаюць з нашай веры, і ёсць тым Словам Божым, якое ў нашым жыцці, па прыкладу Найсвяцейшай Панны, становіцца целам»,
— сцвердзіў пастыр Касцёла.
Завяршаючы гамілію, біскуп Буткевіч пажадаў прысутным на Імшы, каб іх жыццё «было вялікай хвалой Богу Адзінаму ў Тройцы, якой было і застаецца жыццё Найсвяцейшай Панны Марыі».













































































































