Пошук

11.09.2024 14:32   Тэкст і фота: а. Юрый Находка OCD / Catholic.by

9 і 10 верасня ў санктуарыі Маці Божай Тракельскай (Гродзенская дыяцэзія, Радунскі дэканат) адбылася сустрэча кансэкраваных асобаў узроставай катэгорыі 40+.

Тэмай сустрэчы, якая праходзіла ў межах праграмы пастаяннай фармацыі, распрацаванай Каардынацыйнай групай вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў Беларусі, сталі словы з Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў: «Калі трэба хваліцца, то буду хваліцца сваёю слабасцю (2 Кар 11, 30).

У сустрэчы ў Тракелях узялі ўдзел 35 кансэкраваных асобаў.

У першы дзень удзельнікі, якія з’ехаліся з розных куткоў нашай краіны, знаёміліся пры каве і гарбаце. Пасля знаёмства ксёндз канонік Юрый Бяганскі, кусташ санктуарыя Маці Божай у Тракелях, распавёў аб сучасных і мінулых падзеях з яго гісторыі.

У канферэнцыі на тэму «Мужчынскае і жаночае здароўе ў другой палове жыцця» была прадстаўлена тэма здароўя і яго захавання з дапамогай эфектыўнага адпачынку, клопату пра знешні выгляд і фізічнай актыўнасці.

Ксёндз Дзяніс Крываносаў SAC цэлебраваў святую Імшу, падчас якой ксёндз Станіслаў Вашкевіч SAC прамовіў да сабраных гамілію. Душпастыр разважаў на прыкладзе прарока Іллі аб правільным перажыванні жыццёвых выпрабаванняў.

Пасля Імшы і супольнага абеда ўдзельнікі праслухалі канферэнцыю «Мацярынства і айцоўства кансэкраваных асобаў. Сексуальнасць — дапамога ці перашкода у жыцці кансэкраваных асобаў?».

Былі закранутыя розныя псіхалагічныя аспекты жыцця, якія датычыліся перажывання самотнасці, з магчымасцю прыгледзецца да механізмаў кампенсацыі. Пры гэтым была адзначана неабходнасць вучыцца адказна ўваходзіць у добрыя зносіны з людзьмі і ўмела перажываць як манаская асоба сваё кансэкраванае мацярынства і айцоўства.

Пасля супольнай малітвы Нешпарамі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам удзельнікі сабраліся на вясёлы вечар, а раніцай другога дня сустрэліся ў капліцы на Эўхарыстыі, спалучанай з Ютранню. Гамілію прамовіў ксёндз Яцэк Дубіцкі CM на тэму веры і важнасці адпаведнага духоўнага сілкавання для яе развіцця.

Пасля снедання кансэкраваныя асобы ўсёй грамадой скіраваліся на экскурсію у музей… «Лідскага піва».

Тут была магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй аднаго з найстарэйшых і найбольш вядомых беларускіх бровараў, агледзець прадстаўленыя экспанаты і даведацца шмат цікавага. Варта заўважыць, што ў Еўропе традыцыі піваварэння ўзніклі і ўжо шмат стагоддзяў падтрымліваюцца менавіта ў манаскім асяроддзі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця