Пошук

31.10.2018 11:08   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

30 кастрычніка ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў урачыстую св. Імшу ў гонар святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша — свайго нябеснага апекуна.

Свята гэтых апосталаў сёлета прыпала ў нядзелю, калі ў Рыме завяршыўся Сінод Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання». Касцёл у Беларусі на гэтым высокім форуме прадстаўляў менавіта арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, які ў дзень завяршэння Сіноду адзначыў свае імяніны. Пасля вяртання іерарха на радзіму павіншаваць яго з гэтай нагоды ў ягоным катэдральным касцёле сабраліся прадстаўнікі духавенства і шматлікія вернікі.

У прамоўленай падчас Імшы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіўся на місіі апосталаў — сведкаў Хрыста, служэнне якіх ён сёння працягвае ў Касцёле.

«Заданне, якое атрымалі апосталы, заўсёды застаецца актуальным. Божае слова неабходна абвяшчаць усім людзям, асабліва моладзі, якая з’яўляецца надзеяй Касцёла і свету і якая перажывае шматлікія крызісы», — адзначыў арцыбіскуп.

Ён нагадаў, што з 3 па 28 кастрычніка ў Ватыкане праходзіў прысвечаны моладзі Сінод, у якім бралі ўдзел каля 270 біскупаў і прадстаўнікі моладзі з розных кантынентаў і краін з рознымі сацыяльна-палітычнымі і эканамічнымі сістэмамі.

     

«Упершыню ў Сінодзе ўзяла ўдзел дэлегацыя з Кітая <…>. Гэты факт дае надзею на нармалізацыю адносін паміж Святым Пасадам і Кітаем», — падкрэсліў беларускі дэлегат Сіноду Біскупаў. Пры гэтым ён зазначыў, што сітуацыя ў краінах, дзе рэлігія яшчэ зусім нядаўна пераследавалася, змяняецца вельмі хутка. Так, падчас Сіноду з папам Францішкам сустрэўся прэзідэнт Паўднёвай Карэі і перадаў яму вуснае запрашэнне лідара Паўночнай Карэі наведаць гэтую закрытую камуністычную краіну.

«На жаль, — заўважыў з горыччу старшыня беларускага епіскапату, — Беларусь па вядомых прычынах усё яшчэ застаецца закрытай для візіту Пантыфіка. <…> Ці не станецца так, што Папа хутчэй наведае Паўночную Карэю, дзе ёсць католікі, але няма касцёльных структур, або Кітай, які не мае афіцыйных дыпламатычных адносін з Апостальскім Пасадам, чым Беларусь — краіну з тысячагодавай хрысціянскай традыцыяй, дзе католікі складаюць вялікую колькасць насельніцтва і якая падтрымлівае адносіны са Святым Пасадам на ўзроўні паслоў?!» — задаў рытарычнае пытанне іерарх.

Вяртаючыся да тэмы Сіноду, арцыбіскуп Кандрусвіч адзначыў, што гэта быў не проста Сінод Біскупаў на тэму моладзі, а «Сінод разам з моладдзю». Дзякуючы выступам і сведчанням удзельнікаў на форуме была дастаткова канкрэтна прадстаўлена сітуацыя моладзі ў свеце ва ўсёй яе разнастайнасці. Асноўныя пагрозы для маладога пакалення сёння — гэта маральная разбэшчанасць, імкненне да абсалютнай свабоды без адказнасці, крызіс сям’і і непавага да Божага дару жыцця, палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя крызісы, міграцыя, пераслед хрысціянства ў некаторых краінах, секулярызацыя культуры, нястрыманае імкненне да ўлады, багацця і прыемнасцяў, няўменне адрозніць дабро ад зла, сацыяльная несправядлівасць, парнаграфія, наркаманія, алкагалізм і іншыя формы залежнасці.

Як адзначыў іерарх, асаблівая ўвага на Сінодзе была прысвечана ўплыву СМІ на фармацыю моладзі.

«З геаграфіі мы ведаем, што існуе шэсць кантынентаў. Аднак рэальнасць, у якой знаходзіцца і жыве моладзь, нагадвае своеасаблівы „сёмы кантынент“ — віртуальны свет камунікацыі <…>. Нельга дэманізаваць СМІ, але трэба звяртаць увагу на тое, як яны выкарыстоўваюцца. Іх пазітыўны ўплыў можа быць вельмі вялікім. Аднак адначасова яны могуць весці да разбурэння маральнага стрыжня маладога чалавека», — сцвердзіў арцыбіскуп.

Ён паведаміў, што на Сінодзе ішоў пошук адпаведных шляхоў і сродкаў для выратавання моладзі з акіяну праблем, у які яна трапіла. З гэтай мэтай удзельнікі форуму больш звярталі ўвагу на канкрэтную сітуацыю, а не на тэорыю, паводле прынцыпу, прапанаванага папам Францішкам у Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium («Радасць Евангелля»): рэальнасць важней за ідэю. Праца Сіноду вялася паводле формулы «Распазнаць, ацаніць і зрабіць адпаведны выбар».

Пры гэтым асаблівая ўвага была прысвечана праблеме распазнання стану веры моладзі і яе паклікання. Пад пакліканнем разумелася не толькі пакліканне да святарства ці кансэкраванага жыцця, але таксама да стварэння сям’і, выбару прафесіі і г.д. У гэтым маладому чалавеку павінна дапамагчы перадусім сям’я, у якой ён выхоўваецца, а таксама Касцёл. Наогул, на Сінодзе прагучала нямала прапановаў на гэтую тэму, для практычнай рэалізацыі якіх неабходна не баяцца ісці наперад і выкарыстоўваць новыя магчымасці для евангелізацыі, якія дае сучасны свет.

    

«Рашэнні Сіноду — гэта як быццам настольная кніга для біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, якія займаюцца душпастырствам моладзі», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч. На яго думку, добрая вестка Евангелля і вучэнне Касцёла павінна быць асновай душпастырскай практыкі, каб яна не ператваралася ў пустую форму без паўнавартаснага зместу.

Сваю гамілію арцыбіскуп завяршыў малітвай, у якой даручыў справу выхавання моладзі святым апосталам Сымону і Юду Тадэвушу: «Нашыя апекуны, выпрасіце ў Бога ласку, каб беларускі Касцёл быў руплівым і не знясілеў у выхаванні моладзі на прынцыпах Евангелля з мэтай пераадолення крызісу веры і адказнага распазнавання свайго паклікання згодна з Божай воляй».

На заканчэнне Імшы прысутныя павіншавалі іерарха з імянінамі, выказаўшы яму свае пажаданні.

Абноўлена 31.10.2018 12:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа