Пошук

06.10.2018 19:06   Падрыхтаваў: Ілья Лапато / Catholic.by

Спецыяльны пульт для галасавання, чэргі да Папы падчас перапынкаў і паштовыя скрыні для ўдзельнікаў Сіноду. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч – пра закуліссе Сіноду Біскупаў у Ватыкане.

У гэтыя дні старшыня беларускага епіскапату прымае ўдзел у Сінодзе на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання».

«На перапынках у Папы няма часу на каву – усе хочуць з ім пагаварыць»

− Як арганізаваны Сінод і дзе жывуць біскупы?

− Усе ўдзельнікі Сіноду жывуць у розных месцах Рыма. Я жыву ў Доме св. Марты на тэрыторыі Ватыкана. Не ведаю, чаму менавіта там – так вырашыў сакратарыят Сіноду.

Разам са мной тут размешчаны яшчэ каля 50-ці біскупаў. Раніцай для ўсіх удзельнікаў Сіноду цэлебруецца св. Імша ў базыліцы св. Пятра.

Першае пасяджэнне – з 9.00 да 10.30, затым перапынак на каву. У 11.00 праца аднаўляецца. Вечаровае пасяджэнне з 16.30 да 19.15.

Пад пасяджэннямі я маю на ўвазе Генеральныя кангрэгацыі, падчас якіх удзельнікі выступаюць паводле абазначаных у Instrumentum laboris тэмаў або працуюць у моўных групах.

– Як рэагуе на падзеі Сіноду папа Францішак?

– Цікава, што Святы Айцец спажывае пасілкі ў той самай сталовай Дому св. Марты, што і ўдзельнікі Сіноду, толькі за асобным сталом. На пасяджэнні ён ідзе пяшком.

На выступленні рэагуе вельмі жыва, часам нават робіць свае каментарыі. Падчас перапынка на каву ў Святога Айца няма часу на каву – да яго выстрайваецца чарга з жадаючых пагутарыць асабіста. Прыветнасць і простасць Папы заварожваюць.

«Пасля Імшы ў базыліцы св. Пятра адзін з кітайскіх біскупаў заблудзіўся»

− Упершыню ў працы Сіноду бяруць удзел два біскупы з Кітая. Гэтыя іерархі – з “катакомбаў” ці прызначаныя ўрадам Кітая? Як яны пачуваюцца на Сінодзе?

– Адзін з біскупаў – з «катакомбнага Касцёла», другі цяпер знаходзіцца ў еднасці з Папам.

Прыезд кітайскіх біскупаў стаў магчынамым пасля падпісання Часовай дамовы паміж Апостальскім Пасадам і Кітаем. Гэта сапраўдны прарыў у міжнародных адносінах.

На Сінодзе біскупы з Кітая адчуваюць сябе як у сваёй каталіцкай сям’і. Днямі падчас абеда разам з біскупамі з Літвы, Латвіі, Румыніі і Паўднёвай Карэі я апынуўся за адным сталом з кітайскімі біскупамі. За ежай крыху закранулі і сітуацыю ў іх мясцовым Касцёле.

Суразмоўцы зазначылі, што ў Кітаі няма двух Касцёлаў – падпольнага і афіцыйнага, гэта дзве часткі аднаго Касцёла. На сёння ў краіне шэсць мільёнаў католікаў, 96 біскупаў і тры тысячы святароў.

Дарэчы, нядаўна кітайскія біскупы цэлебравалі св. Імшу ў базыліцы св. Пятра, а пасля адзін з іх заблукаў у святыні. Я акурат праходзіў побач і дапамог яму вярнуцца ў Дом св. Марты (усміхаецца).

У Сінодзе бяруць удзел 267 біскупаў. Ці правяраецца як-небудзь прысутнасць іерархаў?

 На пасяджэннях у кожнага ўдзельніка ёсць пульт, які служыць для рэгістрацыі прысутнасці, галасавання і запісу на прамову падчас свабодных дыскусій.

Прысутных правяраюць у пачатку пасяджэнняў – пасля супольнай малітвы Літургіі гадзін з кароткай гаміліяй. 

Каб выступіць на вечаровай дыскусіі, трэба паспець націснуць на кнопку пульта. Учора гэта мне ўдалося.

Падчас выступлення я звярнуў увагу на праблему ідалаў у моладзі (вядомых спартсменаў, артыстаў, палітыкаў і г.д), заклікаўшы ўдзельнікаў Сіноду больш уважліва прыслухоўвацца да голасу сучаснай моладзі, якая будуе будучыню на фундаменце Евангелля, не зважаючы на працэсы секулярызацыі.

– Раскажыце пра мовы ў моўных групах?

 Усяго на Сінодзе 14 моўных груп: 3 французскія, 4 англійскія, 3 італьянскія, 2 іспанскія, 1 партугальская і 1 нямецкая. Апошнія дзве  найменшыя па колькасці ўдзельнікаў. Я запісаны ў адну з англійскіх груп.

У групы ўваходзіць каля 30 чалавек (каля 20-ці біскупаў, іншыя – аўдытары, эксперты, прадстаўнікі братніх Цэркваў і асістэнты).

Моўныя групы скончаць працу ў панядзелак і перададуць у сакратарыят Сіноду матэрыялы адносна першай часткі Працоўнага дакумента. Усе Кангрэгацыі падзелены на тры часткі згодна з трыма часткамі Instrumentum laboris. 9 кастрычніка распачнуцца працы Генеральных кангрэгацый па другой частцы Працоўнага дакумента.

– У працы Сіноду прымаюць удзел і свецкія эксперты. З якіх рэгіёнаў яны паходзяць?

– Згодна з афіцыйным спісам удзельнікаў Сіноду ў ім прымае ўдзел 49 аўдытараў. У большасці гэта свецкія, але ёсць некалькі святароў і законніц.

Тут прадстаўлены самыя розныя куткі планеты, уключаючы Аўстралію. Найбольшая колькасць экспертаў – пяць чалавек – з Італіі. Еўропа прадстаўлена аўдытарамі з Германіі, Францыі, Бельгіі і Славакіі.

Чатыры чалавекі прыехалі са Злучаных Штатаў Амерыкі, па два – з Канады, Аргенціны і Індыі. Большасць краін прадстаўляе толькі адзін прадстаўнік.

З Беларусі няма нікога, як і з Польшчы і Украіны. Аўдытарам з Расіі стала Аксана Піменава – сакратар выканаўчага камітэту сустрэч моладзі Архідыяцэзіі Божай Маці ў Маскве.

Аўдытары маюць права прамаўляць пасля выступленняў біскупаў. Напрыклад, у пятніцу выступіла каля 15-ці чалавек.

Наколькі адрозніваецца становішча моладзі ў Касцёле ў розных рэгіёнах? Ці лавілі Вы сябе на думцы, што, скажам, у Беларусі тая ці іншая праблема не зусім актуальная і наадварот.

Слухаючы даклады біскупаў з розных краін і кантынентаў, заўважаю, што сітуацыя моладзі з аднаго боку больш-менш падобная ва ўсім свеце: крызіс веры, надзеі і пакліканняў – але ў той самы час розная.

У свеце шмат краін, дзе рэлігія пераследуецца і моладзь не рэдка знаходзіцца ў сітуацыі, калі трэба захаваць сваю хрысціянскую ідэнтычнасць, часам падвяргаючы небяспецы сваё жыццё.

Розняцца таксама і магчымасці для душпастырства моладзі. У нас яшчэ мала святароў і недастаковая матэрыяльная база. На Захадзе такіх праблем няма. У нас ёсць сведчанне мучанікаў сучаснасці, на Захадзе яго значна менш.

Сённяшнія першыя пасяджанні моўных груп былі прысвечаны прадстаўленню яго ўдзельнікаў. Кожны коратка распавёў пра сітуацыю Касцёла ў сваёй краіне і душпастырстве моладзі.

Таксама па тэме:

У маёй групе шмат афрыканцаў. Адразу бачна, што ў іх іншы настрой: вучыць моладзь евангельскаму радыкалізму і «не прыкрывацца» міласэрнасцю, бо страцім моладзь.

Ці ёсць біскупы, якія цікавяцца становішчам моладзі ў краінах Усходняй Еўропы, у Беларусі?

Так. Многіх біскупаў ведаю даўно. Тыя, каго сустракаю ўпершыню, спачатку пытаюцца, адкуль я. Пачуўшы, што з Беларусі, звычайна распытываюць пра сітуацыю Касцёла і адпаведна моладзі.

Ці будзе ва ўдзельнікаў Сіноду выхадны ў суботу і нядзелю? Ці прапанавана якаясьці культурная праграма?

У суботу пасля абеду і ў нядзелю – пасяджэнняў няма, таму ёсць шмат прапаноў, чым заняць гэты час.

Кожны ўдзельнік Сіноду мае сваю скрынку, дзе атрымлівае ўсю інфармацыю, запрашэнні на розныя сустрэчы і г.д. З найбольш цікавых – сустрэча з моладдзю ў зале Паўла VI у суботу вечарам.

Таксама ёсць запрашэнне на 13 кастрычніка адведаць катакомбы, прыйсці на сустрэчу аб узаемаадносінах паміж пакаленнямі на 23 кастрычніка, сустрэчу супольнасці факаляраў 10, 11 або 12 кастрычніка. Напэўна, будуць і іншыя запрашэнні.

Абноўлена 06.10.2018 19:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця