Пошук

02.10.2018 17:18   Vatican News / Catholic.by

3-га кастрычніка ў Ватыкане распачынаецца XV Звычайная генеральная асамблея Сіноду Біскупаў, прысвечанага тэме «Моладзь, вера і распазнанне паклікання». Ён будзе ісці больш за тры тыдні і завершыцца 28 кастрычніка. 

Беларусь на форуме прадстаўляе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Ад вынікаў Сіноду будзе залежаць будучыня Касцёла. Спадзяюся, што выніковы дакумент Сіноду амаладзіць Касцёл, які з новымі сіламі будзе ісці наперад, мужна пераадольваючы праблемы сучаснага пастырства», – зазначыў беларускі іерарх.

Што вядома пра Сінод, на якім збяруцца іерархі з усяго свету?

1. Сярод 267 біскупаў упершыню іерархі з Кітая

У працы Сіноду Біскупаў прымуць удзел 267 каталіцкіх біскупаў, з якіх 181 іерарх абраны біскупскімі канферэнцыямі, 41 – прызначаны Папам, а 31 біскуп удзельнічае ex officio (паводле функцыі, якую выконвае ў Касцёле – гэта ватыканскіх ведамстваў, Сіноду Біскупаў і т.п.).

Упершыню ў Сінодзе прымуць удзел два каталіцкія біскупы з Кітая.

Звычайная Рада Сіноду будзе пашырана з 15 да 21 члена. Шэсць з іх будуць прызначаны непасрэдна Святым Айцом (раней было толькі тры), астатніх 15 прызначаць Сінадальныя Айцы (біскупы-ўдзельнікі Сіноду).

2. У цэнтры ўвагі – моладзь у Касцёле

Удзельнікі Сіноду будуць гаварыць пра моладзь – іх веру і месца ў сённяшнім Касцёле, а таксама пра выклікі, з якімі яна сутыкаецца штодня.

У працы Сіноду будуць задзейнічаны 49 аўдытараў, з якіх 36 чалавек – моладзь ва ўзросце 18-29 гадоў.

Усе ўдзельнікі Сіноду атрымалі Instrumentum laboris («Працоўны дакумент») – стартавы дакумент, распрацаваны на аснове адказаў моладзі на анкету Сіноду і выніковага дакумента Перадсінадальнай сустрэчы моладзі 19-24 сакавіка 2018 г.

Таксама ў яго ўвайшлі вынікі працы міжнароднага семінара па становішчы моладзі, які праходзіў у верасні 2017 г., і каментароў розных людзей і груп.

Instrumentum laboris уяўляе сабой кнігу на 180 старонак, якая падзелена на тры часткі.

Першая частка прысвечана распазнанню паклікання і праблем сучаснай моладзі праз уменне прыслухоўвацца да іх саміх. Другая – інтэрпрэтацыі праз прызму веры ўсяго, з чым сутыкаюцца маладыя людзі. Трэцяя – выбару жыццёвага шляху, да якога кліча Святы Дух.

3. Новая інструкцыя па правядзенні Сіноду Біскупаў

Ватыканскі форум упершыню пройдзе паводле нядаўна прынятай новай Інструкцыі па цэлебрацыі сінадальных пасяджэнняў і дзейнасці Генеральнага сакратарыята Сіноду Біскупаў.

Новая інструкцыя дапаўняе сабой Апостальскую канстытуцыю Папы Episсopalis communio, якая вызначае статус і працу Сіноду.

Новая інструкцыя замяніла сабой папярэдні дакумент Ordo Synodi Episcoporum, які дзейнічаў апошнія 50 гадоў і пастаянна дапрацоўваўся.

Першыя два тыдні Сіноду яго ўдзельнікі будуць выступаць з дакладамі на генеральных аўдыенцыях, затым працаваць у моўных групах. Па выніках Сіноду будзе падрыхтаваны фінальны дакумент з прапановамі Святому Айцу Францішку.

Абноўлена 03.10.2018 01:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця