Пошук

31.10.2018 12:18   Catholic.by

Моладзь, будзь радасцю і надзеяй Беларусі

Дарагія браты і сёстры,

1. Два дні таму, 28 кастрычніка, Каталіцкі Касцёл адзначаў свята святых Апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша. Яны былі вучнямі Езуса, каб потым ажыццявіць Яго наказ абвяшчаць Евангелле ўсяму свету (пар. Мц 28, 19-20).

Заданне, якое атрымалі апосталы, заўсёды застаецца актуальным. Таму Божае слова неабходна абвяшчаць усім людзям, асабліва моладзі, якая з’яўляецца надзеяй Касцёла і свету і перажывае шматлікія крызісы.

3-28 кастрычніка 2018 г. у Ватыкане праходзіў Сінод Біскупаў, прысвечаны тэме моладзі. У ім прынялі ўдзел каля 270 біскупаў і 50 аўдытараў, большасць з якіх — моладзь з розных кантынентаў і краін з рознымі сацыяльна-палітычнымі і эканамічнымі сістэмамі; з месцаў, дзе каталіцтва як з’яўляецца галоўным веравызнаннем, так і знаходзіцца ў меншасці і нават перажывае часы ганенняў.

Упершыню ўдзел у Сінодзе прыняла дэлегацыя з Кітая, якая складалася з двух біскупаў і аднаго святара. Гэты факт дае надзею на новыя перспектывы нармалізацыі адносін паміж Апостальскім Пасадам і Кітаем. Цікава і тое, што кітайскія біскупы запрасілі папу Францішка наведаць Кітай з пастырскім візітам.

Неабходна адзначыць, што сітуацыя ў краінах, дзе рэлігія яшчэ зусім нядаўна моцна пераследавалася, змяняецца вельмі хутка. Падчас Сіноду Прэзідэнт Паўднёвай Карэі, які з’яўляецца католікам, сустрэўся са Святым Айцом Францішкам і перадаў Папу вуснае запрашэнне лідара Паўночнай Карэі наведаць гэту краіну.

На жаль, Беларусь па вядомых прычынах усё яшчэ застаецца закрытай для візіту Пантыфіка. Нядаўна свет адзначаў 40-годдзе абрання на Пятровы Пасад кракаўскага кардынала Караля Вайтылы, вядомага пад імем Яна Паўла II. У пачатку свайго пантыфікату ён заклікаў розныя палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя сістэмы адчыніць дзверы Езусу. І так сталася, што дзверы для Хрыста адчыніліся ў многіх краінах свету.

Адчыніліся яны і ў Беларусі. Але, на жаль, дзверы нашай Бацькаўшчыны з яе больш чым тысячагадовай хрысціянскай традыцыяй усё яшчэ застаюцца зачыненымі для Вікарыя Хрыста на зямлі.

Ці не станецца так, што Папа хутчэй наведае Паўночную Карэю, дзе ёсць католікі, але няма касцёльных структур, або Кітай, які не мае афіцыйных дыпламатычных адносін з Апостальскім Пасадам, чым Беларусь — краіну з тысячагодавай хрысціянскай традыцыяй, дзе католікі складаюць вялікую колькасць насельніцтва і якая падтрымлівае адносіны са Святым Пасадам на ўзроўні паслоў?!

3. Вяртаючыся да Сіноду, трэба падкрэсліць, што ён быў не толькі Сінодам Біскупаў на тэму моладзі, але таксама Сінодам з моладдзю. Кожны біскуп, святар, кансэкраваная асоба і свецкі меў магчымасць выступіць і выказаць сваю пазіцыю па праблеме маральнага і сацыяльнага становішча моладзі, крызісу веры і паклікання, а таксама прадставіць свае меркаванні па іх вырашэнні.

Дзякуючы гэтаму выявілася сусветная і вельмі неаднародная панарама стану моладзі ў розных краінах і на розных кантынентах. Гэта вельмі важна, бо чацвёртая частка чалавецтва — моладзь ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў.

4. На фармацыю сучаснай моладзі вялікі ўплыў аказваюць тэндэнцыі маральнай разбэшчанасці, імкнення да абсалютнай свабоды без адказнасці, крызіс інстытуту сям’і і непавага да Божага дару жыцця, палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя крызісы, міграцыя, пераслед хрысціянства ў некаторых краінах Афрыкі і Азіі, секулярызацыя культуры, нястрыманае імкненне да ўлады, багаццяў і прыемнасцяў, няўменне адрозніваць дабро ад зла, сацыяльная несправядлівасць, парнаграфія, наркаманія, алкагалізм, не адпавядаючае Божай волі разуменне сексуальнасці і г.д.

Асаблівая ўвага была прысвечана ўплыву СМІ на фармацыю моладзі. З геаграфіі мы ведаем, што існуе шэсць кантынентаў. Аднак рэальнасць, у якой знаходзіцца і жыве моладзь, нагадвае своеасаблівы «сёмы кантынент» — віртуальны свет камунікацыі, які выхоўвае маладога чалавека.

Нельга дэманізаваць СМІ, але трэба звяртаць увагу на тое, як яны выкарыстоўваюцца. Іх пазітыўны ўплыў можа быць вельмі значным. Аднак адначасова яны могуць весці да разбурэння маральнага хрыбта маладога чалавека.

Аналіз становішча моладзі паказвае, што нават самыя ідэалістычныя натхненні могуць быць выкарыстаны дэструктыўнымі сіламі ў сваіх мэтах і весці да страты сэнсу жыцця і надзеі.

5. Сінод шукаў адпаведныя шляхі і сродкі для выратавання моладзі з акіяну праблем, у які яна трапіла. Для гэтага ён сваю ўвагу канцэнтраваў больш на канкрэтнай сітуацыі, чым на тэорыі паводле прынцыпу, які прапанаваў папа Францішак у Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium («Радасць Евангелля»).

Рэальнасць важнейшая за ідэю (пар. EG 231–233).

Мэтодыку працы Сіноду можна параўнаць з вядомым старажытным рымскім прынцыпам: Veni, vidi, vici (Прыйшоў, убачыў, перамог). Праца Сіноду адбывалася паводле формулы «Распазнаць, ацаніць і зрабіць адпаведны выбар».

6. Асобная ўвага была прысвечана праблеме распазнавання стану веры моладзі і яе паклікання. Праблема ў тым, што сучасная моладзь перажывае нязведаны дагэтуль крызіс веры і не можа прыняць рашэнне адносна свайго паклікання. Пад пакліканнем неабходна разумець не толькі пакліканне да святарства ці кансэкраванага жыцця, але таксама да сямейнага, да прафесіі, да самотнага жыцця і да т.п.

7. Касцёл атрымаў ад Езуса місію навучаць. Але трэба ведаць, як дастасаваць вучэнне Евангелля да жыцця сучаснага маладога чалавека. Гэта падобна да таго, якія лекі прапісаць хвораму. Калі ідзём ў аптэку, то купляем прапісаныя доктарам лекі, а не абы-які. Хоць усе лекі лечаць, аднак канкрэтныя лекі прызначаны для лячэння канкрэтнай хваробы.

Езус, які ўзрастаў у ласцы ў Бога і людзей (пар. Лк 2, 52), павінен быць мадэллю для сучаснага маладога чалавека, падкрэслівалася на Сінодзе Біскупаў.

Асяроддзе, у якім Ён рыхтаваўся да публічнай місіі, — гэта сям’я. Таксама і нашы натуральныя, і парафіяльныя сем’і павінны быць месцам фармацыі маладога чалавека і яго суправаджэння на гэтым шляху. Менавіта сям’я павінна стаць школай выхавання і падрыхтоўкі да свядомага самастойнага жыцця.

Катэхізацыя і малітва, асабліва ў сям’і, з’яўляецца магутнай прыладай фармацыі моладзі, таму яна не можа быць толькі фармальнай. Неабходна больш выкарыстоўваць яе керыгматычнае вымярэнне, бо Божае слова заўсёды жывое і актуальнае (пар. Гбр 4, 12).

Сям’я павінна стаць месцам першай хрысціянскай адукацыі і сацыялізацыі маладога пакалення, а таксама «санктуарыем малітвы».

Бацькі, старэйшыя людзі, выхавацелі, святары, кансэкраваныя асобы і сама моладзь павінны адчуваць абавязак духоўнага суправаджэння маладых людзей, практыкуючы пры гэтым прынцып братэрскай перасцярогі, калі гэта патрэбна.

Сучасны малады чалавек можна пазнаць сябе па евангельскім аповедзе ў вучнях з Эмаўса (пар. Лк 24, 13–35). Са смерцю Езуса яны страцілі надзею і не пазналі Яго, хоць Ён прыгадваў ім вучэнне пра смерць і ўваскрашэнне Збаўцы.

Яны пазналі Яго толькі па ламанні хлеба, гэта азначае ў Эўхарыстыі. Таксама і сучасная моладзь павінна адкрыцца на дзеянне Святога Духа і прымаць удзел у сакрамэнтальным жыцці, асабліва ў Эўхарыстыі.

Свет камунікацыі і культуры можа дасягнуць кожнага чалавека і змяніць яго. Але для гэтага ён павінен быць адпаведным, прасякнутым духам Евангелля і вучэння Касцёла. Таму ён сам павінен быць евангелізаваны, каб стаць тым, які евангелізуе. Павінен таксама быць прывабным для моладзі і выкарыстоўваць зразумелую ім мову.

Служэнне бліжнім і патрабуючым, асабліва валанцёрская праца, з’яўляецца дапаможным шляхам да пазнання хрысціянскага паклікання.

Для эфектыўнай евангелізацыі неабходна больш інтэнсіўнае выкарыстанне музыкі, у якую ўсё мацней пагружаецца моладзь, а таксама спорту, які з’яўляецца сферай шматвектарнага развіцця і дыялогу маладых людзей.

8. Для практычнай рэалізацыі гэтых і падобных прапаноў неабходны адпаведны план душпастырства моладзі, выпрацаваны разам з ёй. Прыйшоў час адмовіцца ад формулы: «У нас так заўсёды было і няма неабходнасці ўводзіць змены». Такое мысленне памылковае.

Змяняюцца часы і выклікі. Старыя душпастырскія метады не заўсёды эфектыўныя і прывабныя. Як інтэрнэт замяніў тэлеграф у перадачы інфармацыі, таксама і новыя душпастырскія метады павінны ўдасканальвацца, натуральна, з захаваннем выпрабаваных часам метадаў. Усё грамадства з яго выхаваўчымі, палітычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі інстытутамі адказнае за выхаванне моладзі.

Такім чынам, Сінод Біскупаў прадставіў практычную праграму душпастырства моладзі. Рашэнні Сіноду — гэта як быццам настольная кніга для біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх, якія займаюцца душпастырствам моладзі. Вучэнне Евангелля і Касцёла павінна быць дастасавана ў штодзённай пастырскай практыцы, бо інакш мы будзем прапаноўваць моладзі пустую шакаладную ўпакоўку без якаснага швейцарскага шакаладу.

9. Святыя Сымон і Юда Тадэвуш ахвяравалі жыццё ў імя абвяшчэння Евангелля, якое прадстаўляе вечна маладога Езуса. Толькі такі Езус можа дапамагчы моладзі вырашыць яе праблемы.

Апостал Сымон меў мянушку zelotus, што азначае «руплівы». Святы Юда Тадэвуш з’яўляецца апекуном у вельмі складаных, нават немагчымых справах.

Даручым справу фармацыі моладзі свв. Сымону і Юдзе Тадэвушу. Нашыя апекуны, выпрасіце ў Бога ласку, каб Касцёл у Беларусі быў руплівым і не стаміўся ў выхаванні моладзі на прынцыпах Евангелля з мэтай пераадолення крызісу веры і адказнага распазнавання свайго паклікання згодна з Божай воляй. Няхай беларуская моладзь ніколі не развітваецца з Богам і Евангеллем, як не развітваецца яна з мабільнікам, каб наш Касцёл быў маладым і дынамічным у выконванні сваёй місіі быць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення (пар. LG 48), а таксама радасцю і надзеяй (пар. GS 1) нашай Бацькаўшчыны. Амэн.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium (LG).
2. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes (GS).
3. Папа Францішак. Апостальская адгартацыя Evangelii gaudium (EG).

Абноўлена 31.10.2018 15:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.