
17 і 18 кастрычніка Прэзідэнт Рэспублікі Карэя Мун Джэ Ін наведаў Ватыкан, дзе ўзяў удзел у св. Імшы за мір на Карэйскім паўвостраве і сустрэўся з папам Францішкам.
Увечары 17 кастрычніка Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Францішка кардынал П’етро Паралін у ватыканскай базыліцы св. Пятра ўзначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыю ў інтэнцыі міру на Карэйскім паўвостраве. У св. Імшы ўдзельнічаў і паўднёвакарэйскі лідар, які з’яўляецца практыкуючым католікам.
«На Карэйскім паўвостраве пасля доўгіх гадоў напружанасці і падзелу, нарэшце, можа ў поўнай меры загучаць слова „мір“», — падкрэсліў у прамоўленай гаміліі бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.
Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі зазначыў, што па-сапраўднаму гэта слова можа зразумець толькі той, хто ў атмасферы пакутаў, насілля і нянавісці змагаўся з пачуццём меркаванай адсутнасці Бога.
«Як людзі добрай волі, мы ўсе ведаем, што мір будуецца штодзённымі рашэннямі, сур’ёзнымі намаганнямі на карысць служэння справядлівасці і салідарнасці, спрыяннем правам і годнасці чалавека, асабліва праз клопат пра самых бедных», — нагадаў іерарх.

Для верніка мір — гэта перадусім дар Бога і праява Яго прысутнасці. Такі мір з’яўляецца не абстрактнай і далёкай ідэяй, а канкрэтным досведам, якім жывеш у штодзённасці, нават калі вакол пануе неспакой. У той жа час, хрысціянская вера вучыць, што «мір без крыжа не з’яўляецца мірам Езуса», нагадаў кардынал.
Дзяржсакратар Яго Святасці ўзгадаў словы Паўла VI, кананізаванага ў мінулую нядзелю, які заклікаў «вучыць свет любіць мір, будаваць яго, бараніць яго» і «абуджаць у людзях нашага часу і будучых пакаленнях пачуццё любові да міру, заснаванага на праўдзе, справядлівасці, свабодзе і любові».
Кардынал Паралін нагадаў, што з Божай ласкай шлях прабачэння з’яўляецца магчымым, выбар на карысць братэрства паміж народамі з’яўляецца канкрэтным фактам, а мір — супольным гарызонтам для разнастайных суб’ектаў, якія складаюць міжнародную супольнасць.
Пасля св. Імшы Прэзідэнт Мун выказаў глыбокую падзяку ў адрас папы Францішка, які падтрымаў мірныя працэсы на Карэйскім паўвостраве, напоўніў адвагай і надзеяй карэйцаў, якія прагнуць міру і нанава адкрываюць сэнс братэрства.

18 кастрычніка папа Францішак асабіста прыняў паўднёвакарэйскага лідара на аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы.
Пасля сустрэчы з Пантыфікам палітык правёў размовы з Дзяржсакратаром кардыналам П’етро Паралінам і з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.
Падчас шчырых перамоваў былі падкрэслены добрыя двухбаковыя адносіны і станоўчы ўнёсак Касцёла ў сацыяльную, адукацыйную і медыцынскую сферы, а таксама на карысць дыялога і прымірэння паміж карэйцамі.
Былі высока ацэнены супольныя намаганні, накіраваныя на падтрымку ініцыятыў, што дазваляюць пераадолець напружанасць, якая яшчэ застаецца на Карэйскім паўвостраве, каб даць пачатак новаму перыяду міру і развіцця. Закраналіся таксама некаторыя пытанні рэгіянальнага характару.