Пошук


3 чэрвеня ў Мінску, як і штогод, прайшла традыцыйная працэсія Божага Цела. Сам жывы Езус, рэальна прысутны ў Эўхарыстыі, прайшоў у гэты дзень вуліцамі беларускай сталіцы.

Працэсія распачалася св. Імшой на цвінтары касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы, каля сценаў святыні першай каталіцкай супольнасці ў Мінску, гісторыя якой налічвае ўжо больш за шэсць стагоддзяў.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі тут узначаліў прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр.

На пачатку сваёй гаміліі арцыбіскуп Пінтэр зазначыў, што ўрачыстасць Божага Цела нясе ў сабе памяць мінулых падзей, нашае сёння і перспектывы на будучыню.

 

Рэха мінулых падзей, пра якія казаў Нунцый, прагучала ў словах з Паслання да Габрэяў. Яны кажуць пра смерць Хрыста, якая змяніла нашае існаванне.

«Шмат хто абяцаў і спрабаваў змяніць нашае жыццё на лепшае, прычым нярэдка шляхам фізічнага або псіхалагічнага насілля, шляхам выкарыстання ўлады. Не так учыніў наш Адкупіцель.

Гэтай раніцай мы публічна сведчым, што „свет збаўлены Укрыжаваным“, а не „ўкрыжавацелямі“. Свет выкуплены цярпеннем Бога і знішчаны нецярплівасцю людзей», — сцвердзіў прадстаўнік Святога Айца, прыгадаўшы словы папы Бэнэдыкта XVI.

 

Сучаснасць — гэта рэальная прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі. Гэта не проста сімвал, — падкрэсліў Апостальскі Нунцый, — а сам Пан Езус Хрыстус у выглядзе хлеба.

«Мы пойдзем у працэсіі з Хрыстом, каб Ён спаслаў сваё благаслаўленне на цярпенні нашых хворых, на самотнасць і надзеі нашай моладзі, на цяжкасці нашых сем’яў», — сказаў арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Скіраванасць у будучыню, на яго думку, праяўляецца ў тым, што вернікі разам з Хрыстом адпраўляюцца ў дарогу шляхамі жыцця.

«Прыняцце Камуніі мае на ўвазе і патрабуе ад нас, каб мы былі сведкамі Хрыста ў штодзённым жыцці, каб так, як Ён, мы служылі на карысць бліжніх», — заклікаў арцыбіскуп Пінтэр, нагадаўшы пры гэтым словы папы Францішка з апостальскай адгартацыі «Радуйцеся і весяліцеся»:

«Той, хто сапраўды хоча праславіць Бога сваім жыццём, пакліканы пакутаваць, аддаваць свае сілы, стамляцца, стараючыся чыніць справы міласэрнасці».

Заахвоціўшы вернікаў гэтымі словамі Папы, ягоны прадстаўнік у нашай краіне заклікаў іх прасіць у Бога ласку любіць канкрэтна тых, хто знаходзіцца побач; адвагу дзяліцца верай і надзеяй з іншымі і сілы адмовіцца ад спакусы замкнуць сваё жыццё ў камфортным палацы з высокім мурам і поўным смутку.

«Калі мы будзем вернымі вучнямі Езуса, тады ўжо сёння, ад гэтага алтара, зможа пачацца глыбокае аднаўленне нашага жыцця і нашага Касцёла ў Беларусі. А гэта нам вельмі патрэбна», — завяршыў сваё настаўленне Апостальскі Нунцый.                    

Ад Залатой Горкі працэсія, у якой святары, па чарзе змяняючыся, неслі Хрыста ў Эўхарыстыі, скіравалася да плошчы Перамогі, дзе каля Вечнага агню быў падрыхтаваны першы алтар. Другі прыпынак адбыўся на Кастрычніцкай плошчы. Далей на шляху працэсіі быў касцёл св. Сымона і св. Алены і падрыхтаваны там трэці алтар. Завяршылася працэсія ўрачыстым благаслаўленнем перад апошнім, чацвёртым алтаром каля катэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Абноўлена 05.06.2018 11:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.