Пошук

11.06.2025 10:20   Тэкст: Таццяна Ефіменка / Фота: з архіва руху «Маці ў малітве» / Catholic.by

З 30 мая па 1 чэрвеня ў Пінску адбылася трохдзённая фармацыйная сустрэча для жанчын — удзельніц малітоўнага руху «Маці ў малітве», якая сабрала каля 130-і матуль з усіх дыяцэзій Беларусі.

У сустрэчы ўзялі ўдзел духоўны айцец руху — айцец Юрый Кулай OCD з Мінска, духоўны мадэратар руху ў Віцебскай дыяцэзіі — ксёндз Антон Лагунёнак з Дунілавічаў (Пастаўскі дэканат), духоўны мадэратар руху ў Гродзенскай дыяцэзіі — ксёндз Валерый Пупкевіч SCI з парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне, а таксама каардынатар руху «Маці ў малітве» на нацыянальным узроўні Людміла Губіна і адказная за рух у Пінскай дыяцэзіі Ядзвіга Лепская.

Цэлебрацыю святой Імшы на распачацце сустрэчы ў Пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Звяртаючыся да сабраных жанчын, іерарх адзначыў вялікае значэнне сведчання веры і малітвы маці для яе дзяцей, а таксама для іншых людзей. Пастыр Пінскай дыяцэзіі падзякаваў за дар мацярынскай малітвы сабраным матулям. Ён таксама адзначыў важную ролю духоўнага кіраўніцтва ў руху, якое ажыццяўляюць айцец Юрый Кулай разам з іншымі святарамі з паасобных дыяцэзій.

У прамоўленай гаміліі біскуп распавеў пра святых пінскай зямлі. У прыватнасці, ён прывёў як прыклад Слугу Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, які ў сваім жыцці быў чалавекам малітвы. Падчас літургіі на распачацце сустрэчы біскуп Дзям’янка благаславіў новых удзельніц руху, якія прынялі на сябе абавязкі асаблівай мацярынскай малітвы не толькі за сваіх дзяцей, але за розных асобаў, якія патрабуюць духоўнай матчынай апекі.

Першы дзень скончыўся адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту і разважаннем над Божым Словам, якія правеў айцец Юрый Кулай. Святар звярнуў увагу на духоўная ачышчэнне, адзначыўшы, як важна ўбачыць бруд сваіх грахоў і ачысціцца ад іх.

У другі дзень раніцай разважанне над Божым словам правёў ксёндз Антон Лагунёнак. Тэмай для разважання было прабачэнне. Ксёндз Антон падкрэсліў, наколькі важна прыняць ад Бога прабачэнне, каб пасля прабачыць іншага.

Пасля снядання матулі мелі магчымасць пазнаёміцца з горадам Пінскам і яго гісторыяй на адмысловай экскурсіі. У гэты дзень, праведзены разам, удзельніцы руху з розных мясцін пазнаёміліся больш асабіста і цесна. Сваё сведчанні далі матулі, чыі дзеці з’яўляюцца святарамі або законнымі сёстрамі, зазначыўшы, што пакліканне — гэта дар і вялікая адказнасць дзяцей, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу і людзям.

У нядзелю, якая стала апошнім днём сустрэчы, разважанне над Божым словам на тэму тэалагальнай цноты надзеі правеў ксёндз Валерый Пупкевіч. Святар звярнуў увагу на тое, што праз надзею мы шукаем Бога і ідзем да мэты нашага жыцця — Божага Валадарства.

У нядзелю маці таксама ўзялі ўдзел у святой Імшы з эўхарыстычнай працэсіяй, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Удзельніцы сустрэчы скарысталіся нагодай, каб павіншаваць маладога іерарха з 20-годдзем святарскага служэння і ўручылі яму сімвалічны падарунак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця