Пошук

05.06.2025 10:23   Тэкст: Біскуп Андрэй Зноска / Фота: з архіва катэдральнай парафіі ў Пінску / Catholic.by

У нядзелю 1 чэрвеня вуліцы старажытнага Пінска сталі сведкамі прыгожай урачыстасці. Як гэта стала традыцыяй у горадзе над Пінай, на пачатку лета вернікі каталіцкіх парафій арганізуюць працэсію з Найсвяцейшым Сакрамэнтам з катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў касцёл святога Бэнэдыкта.

Сёлета эўхарыстычныя набажэнствы ў сталіцы Палесся ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Адметным стаў таксама набожны ўдзел у працэсіі жанчын, згуртаваных у руху «Маці ў малітве», якія ў гэтыя дні сабраліся ў будынку былой Пінскай семінарыі на свой штогадовы з’езд.

Урачыстасць распачалася святой Імшой у катэдральнай базыліцы, падчас якой біскуп Андрэй маліўся за ўсю Пінскую дыяцэзію, просячы Бога аб умацаванні эўхарыстычнай пабожнасці і развіцці шчырага культу і глыбокай любові да Найсвяцейшага Сакрамэнту ў вернікаў і духавенства.

У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на пагрозе прывыкання да наяўнасці ў касцёлах табернакулюмаў з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, абясцэньваннем гэтага вялікага дару, якім з'яўляецца Эўхарыстыя, і заахвоціў прысутных частай асабістай адарацыяй распальваць у сабе любоў да Езуса Эўхарыстычнага.

Напрыканцы Імшы вернікі павіншавалі біскупа Андрэя з 20-й гадавінай святарскага пасвячэння.

Эўхарыстычная працэсія праходзіла вуліцамі Пінска з малітоўнымі прыпынкамі каля чатырох алтароў. Першы алтар асаблівы, бо ён традыцыйна размяшчаецца на плошчы Леніна, дакладна ў тым месцы, дзе знаходзіўся алтар разбуранага ў часы атэізму велічнага езуіцкага касцёла. Працэсія была выдатна арганізавана ў супрацоўніцтве з дзяржаўнымі ўладамі горада, дзякуючы чаму і вернікі маглі без перашкод ісці ў рэлігійным шэсці, і дарожны рух транспарту не патрабаваў істотных зменаў.

Эўхарыстычныя набажэнствы завяршыліся пры новапабудаваным касцёле святога Бэнэдыкта спевам гімну «Te Deum» («Цябе, Бога, праслаўляем») і ўрачыстым благаслаўленнем.

Біскуп Андрэй падзякаваў усім арганізатарам і ўдзельнікам свята, асабліва адзначыўшы руплівасць і падрыхтоўку міністрантаў і дзяўчынак, якія пасыпалі шлях перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам пялёсткамі кветак, а таксама духавы аркестр Баранавіцкага музычнага каледжа, які ўпрыгожваў літургію і дадаваў бадзёрасці руху працэсіі.

Абноўлена 06.06.2025 01:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця