Пошук

21.03.2018 15:43   Catholic.by

У гэтым дзённіку пра свой удзел у перадсінадальнай сустрэчы моладзі ў Ватыкане расказвае прадстаўніца Беларусі Кацярына Адамчык.

18–25 сакавіка ў Ватыкане праходзіць сустрэча моладзі, па выніках якой будзе распрацаваны дакумент, які паслужыць апорным у правядзенні Сінода Біскупаў у кастрычніку 2018 года на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання».

Пра аўтара:

Кацярына Адамчык — парафіянка касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, студэнтка мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля, удзельніца душпастырства моладзі Fides.

***

Нядзеля, 25 сакавіка

У апошнія два дні для нас зладзілі экскурсіі ў сабор св. Яна Хрысціцеля на Латэранскім халме, дзе мы прайшлі Крыжовы шлях разам з кардыналамі і біскупамі. Таксама наведалі з экскурсіяй Кастэль Гандэльфа — летнюю рэзідэнцыю Папы. А яшчэ паспрабавалі італьянскую піцу і сустрэліся з с. Крысцінай Скучыяй, якая перамагла ў італьянскай версіі шоў «Голас».

У нядзелю мы ўсе былі запрошаны на святочную св. Імшу, якую на плошчы св. Пятра цэлебраваў Папа Рымскі.

Асобна хацелася б адзначыць, што на сустрэчы былі не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій, веравызнанняў і нават атэісты, якія назвалі гэту сустрэчу вельмі цікавай і важнай.

Дзяўчына, якая лічыць сябе атэісткай, сказала, што сустрэча дапамагла ёй паглядзець на Касцёл знутры, зразумець, што мы не «секта», не «фанатыкі», а людзі, аб’яднаныя адным бацькам, адным настаўнікам, у якіх у сэрцах закладзена самая галоўная запаведзь свету: любі бліжняга як самога сябе.

Хлопец, якія вызнае будызм, таксама адзначыў, што сустрэча паслужыць прыкладам, як незалежна ад таго, у каго мы верым, мы заўсёды павінны заставацца людзі, быць памочнікамі і падтрымліваць адно аднаго. Ён сказаў, што гэта дапаможа нам знайсці агульныя кропкі судакранання розных рэлігій і стаць бліжэй адно аднаго.

Увогуле, было б добра, каб тэма моладзі ў Касцёле падымалася часцей. Не толькі на бягучым Сінодзе, але і на канферэнцыях, сустрэчах і ўсемагчымых форумах.

Ведаю, што папа Ян Павел ІІ штомесяц запрашаў на абед моладзь з розных краін, каб «адчуць дыханне» моладзі, адчуць іх жыццё, зразумець іх праблемы і проста правесці час разам.

Было б нядрэнна, каб такія сустрэчы арганізоўваць штогод.

***

Субота, 24 сакавіка

Наш дакумент, над якім ішла праца ў групах усе гэтыя дні, нарэшце выпрацаваны.

У заключнай частцы ўдзельнікі падкрэслілі важнасць дакумента даволі радыкальнай фразай, звернутай да ўдзельнікаў Сінода Біскупаў 2018 года: «Будзе сорамна, калі гэты дыялог [з моладдзю] не будзе мець магчымасці да працягу і развіцця».

Дакумент быў шмат разоў зменены, але канчатковы вынік тыднёвай працы каштаваў выдаткаваных сіл, начэй і перажыванняў. Заўтра апошні дзень — і дадому!

***

Чацвер, 22 сакавіка

Пачынаем працу над унясеннем дапаўненняў у фінальны дакумент перадсінадальнай сустрэчы моладзі. А гэта — мая група:

***

Серада, 21 сакавіка

Першапачаткова мне здавалася, што гэта немагчыма — прыйсці да нейкіх агульных высноваў, таму што людзей вельмі шмат, шмат думак, шмат розных культур.

Але цяпер паступова прыходзіць усведамленне, што незалежна ад таго, дзе мы жывём, мы сутыкаемся амаль з аднолькавымі праблемамі: каталіцкай моладзі ў ХХІ стагоддзі даводзіцца пражываць некалькі «жыццяў» адначасова: жыццё свецкае, касцёльнае і віртуальнае.

Часта, выходзячы з касцёла, яны «выключаюць сваю веру», таму што баяцца знешніх думак, баяцца паказаць сваю індывідуальнасць, сваю прыналежнасць да каталіцтва.

Моладзь імкнецца быць лепш за іншых, зусім забываючыся пра сваё духоўнае выхаванне. Будучы залежнай ад сацыяльных сетак, яна губляе сваю ідэнтычнасць і разменьваецца на ідэалы, навязаныя СМІ.

Другая частка абмеркаванняў дакумента датычыцца распазнання паклікання. Людзі, прыходзячы ў касцёл, пад пакліканнем разумеюць толькі пакліканне да святарства або манаства, але ніхто не кажа пра іншыя пакліканні: быць урачом, настаўнікам, добрым сем’янінам.

Гаварылі і пра праблему т.зв. «фэйкавага паклікання», калі моладзь звязвае сваё жыццё з манаствам або святарствам, беручы пад увагу толькі знешнія выгоды такога жыцця: незвычайнае адзенне, становішча ў грамадстве, аўтамабіль...

Таксама моладзь падымала пытанне цэлібату і прысутнасць людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі ў семінарыях.

У трэцяй частцы дакумента, прысвечанай працы Касцёла і людзей, доўга ішлі абмеркаванні пра даступнасць святароў і біскупаў для простых вернікаў.

Вельмі часта святары занятыя фінансамі, арганізацыяй, офіснымі справамі і ў іх зусім не застаецца часу на парафію. Ёсць сэнс дапусціць свецкіх людзей у структуру Касцёла, каб палепшыць гэту працу.

Таксама гэта была б вялікая палёгка для святароў, каб яны змаглі ўдзяліць увагу праблемам і патрэбам парафіі. Гаварылася і пра голас Касцёла ў інтэрнэце: евангелізацыю праз сацыяльныя сеткі, блогі святароў і г.д.

Праца пабудавана такім чынам, што кожны можа выказаць сваю думку і ўнесці галоўныя пункты ў фінальны дакумент.

Усе максімальна зацікаўленыя і ўсе працуюць дзеля адной мэты: палепшыць становішча моладзі ў Касцёле, зацікавіць, аб’яднаць і не страціць гэта важнае пакаленне, таму што моладзь сёння — гэта фундамент Касцёла, без якога яго сцены проста разваляцца.

Спадзяюся, у пятніцу мы ўжо пабачым выніковы дакумент і іерархі разам з Папам уважліва прааналізуюць яго. Вельмі чакаю пятніцы, праца вельмі натхніла, і я раблю ўсё магчымае, каб голас моладзі з Беларусі быў цалкам пачуты і прыняты пад увагу.

***

20 сакавіка. Атмасфера форуму

Адчуваецца эмацыйнасць сустрэчы. Вельмі шмат людзей, ва ўсіх розныя думкі.

Фота: vatican.va

Наколькі я іх слухаю, настолькі разумею, што ў Касцёле ў Беларусі не так шмат праблем, як у іншых краінах.

Дзяўчына з Эфіопіі расказала, што ў іх ніхто не рыхтуе дзяцей да прыняцця Першай Камуніі — яны прыступаюць да сакрамэнту без падрыхтоўкі (!). Да сёння ў гэтай краіне не перакладзены Катэхізіс.

Адно з пытанняў, якое абмяркоўвалася, было прысвечана душпастырству моладзі і распазнанню паклікання. Любы занятак, які прыносіць нам унутранае задавальненне, з’яўляецца нашым пакліканнем.

У гэтым найперш дапамагае шчырая малітва, а таксама «курсы» фармацыі, рэкалекцыі, як у некаторых манаскіх супольнасцях, а таксама чуванні моладзі, дні засяроджанасці і г.д. Галоўнае — адкрыцца на голас Бога ў сэрцы...

***

Сустрэча з Папам

Форум распачаўся з канферэнцыі, якую адкрыў папа Францішак. Якая ж сонечная энергетыка сыходзіць ад Святога Айца!

Яго суправаджаюць ахоўнікі, але Пантыфік вельмі адкрыты і добразычлівы, падыходзіць і наўпрост вітае нас. Па-чалавечы гэта вельмі радуе.

Прамаўляючы перад моладдзю, Святы Айцец папрасіў нас быць самімі сабой і дома, і ў Касцёле, не баяцца гаварыць пра ўсё адкрыта: не толькі пра нашу любоў да Хрыста, але і пра нейкія свае страхі і пачуцці, каб біскупы і мясцовы Касцёл маглі зразумець рэальныя праблемы касцёльнай моладзі.

Запомнілася яшчэ адна думка Папы: выкарыстоўваць менш сарказму ў паўсядзённых зносінах, бо за ім мы хаваем рэальныя перажыванні і эмоцыі, а ім трэба даваць выхад і шукаць параду.

***

19 сакавіка. Форум знутры

Зранку ёсць магчымасць пазнаёміцца з тыпова італьянскімі сняданкамі (выдатны культурны інсайд!). На абед падаюць традыцыйную італьянскую пасту, гародніну і які-небудзь смачны дэсерт.

Сярод удзельнікаў — моладзь з усіх частак свету.

У маёй групе ёсць хлопцы і дзяўчаты са Швецыі, Швейцарыі, Латвіі, Эфіопіі, Кеніі, Іарданіі, Германіі, ЗША, Кітая і Паўднёвай Карэі — выдатны шанц даведацца, якое месца займае моладзь у Касцёле гэтых краін і з якімі цяжкасцямі сутыкаецца

***

План сустрэчы

Першую частку тыдня мы будзем працаваць над выніковым дакументам перадсінадальнай сутрэчы. Гэты ж дакумент паслужыць апорным падчас Сінода Біскупаў у кастрычніку 2018 года. Адказная місія!

У чацвер — «дашліфоўка» каментарыяў да гэтага дакумента. У пятніцу дакумент прадставяць біскупам.

***

18 сакавіка. Пачатак

Ужо ў аэрапорце можна было адчуць усю значнасць будучай перадсінадальнай сустрэчы. Пашпартны кантроль для ўдзельнікаў форуму — на асобных гейтах, без чэргаў.

Сустрэча арганізаваная. Нас давезлі ў кампус, раздалі бэйджы і пакет удзельніка з дакументамі па будучай сустрэчы. Большасць з нас пасялілі ў гатэль, жывём у агульным пакоі па тры чалавекі.

Хтосьці на час форуму будзе жыць у будынку семінарыі. Мяркуючы па праграме, форум абяцае насычаныя дыскусіі і пастаянны дыялог яго ўдзельнікаў.

Абноўлена 27.03.2018 00:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа