Пошук


18–25 сакавіка ў Ватыкане пройдзе падрыхтоўчы этап Сіноду Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання», запланаванага на кастрычнік. У ім возьмуць удзел дзяўчаты і хлопцы з розных краін свету, якія разам абмяркуюць ролю моладзі ў Каталіцкім Касцёле.

Беларусь на падрыхтоўчым Сінодзе прадставіць Кацярына Адамчык, выпускніца Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, парафіянка касцёла Найсвяцейшай Тройцы (Св. Роха) на Залатой Горцы.

«Я нарадзілася і вырасла ў Мінску. Вывучала сіналогію (кітаязнаўства). Сёння працую ў IT-кампаніі і займаюся тэхнічнай падтрымкай камп’ютарных гульняў для азіяцкага рэгіёна, вучуся ў тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля ў Мінску», — расказвае пра сябе дзяўчына.

У гутарцы з журналістам Catholic.by яна разважае пра каталіцкую моладзь, свой шлях да веры і змены, якія маглі б ажывіць Касцёл у Беларусі.

«У Касцёл прыйшла пасля стажыроўкі ў Кітаі»

«У дзяцінстве я не часта наведвала касцёл. У сям’і, на жаль, не было такой традыцыі. Да Бога прыйшла ўжо ў свядомым узросце... Студэнткай я паехала на стажыроўку ў Кітай. Было складана: ты адзін і няма нікога, з кім можна пагаварыць на роднай мове.

Я жыла ў Шанхаі, былой брытанскай калоніі, дзе калісьці неслі служэнне хрысціянскія місіянеры. Сёння гэта дастаткова каталіцкі горад. Аднойчы побач з кампусам я прыкмеціла касцёл. Зайшоўшы, я адчула, што я не адна — нават за тысячу кіламетраў ад дома ёсць людзі, з якімі ў мяне шмат агульнага, бо ўсе хрысціяне вераць у аднаго Бога.

Я глядзела на гэтых людзей і разумела, што павінна шанаваць тое, што маю дома. У Кітаі вернікам час ад часу даводзіцца канспіравацца і нават пераапранацца, каб патрапіць на Імшу...

Вярнуўшыся ў Беларусь, я першы раз свядома і самастойна прыйшла ў касцёл. Тады асабліва не ведала, як трэба тут сябе паводзіць. Хтосьці з радасцю дапамагаў, тлумачыў. Іншыя скоса пазіралі: калі нічога не ведаеш, навошта прыйшла?..

Людзі ў касцёле часта звяртаюць увагу толькі на твой знешні выгляд, а не на тое, што ты прагнеш знайсці. Я ж лічу, што няважна, у чым хадзіць; галоўнае — што ты тут, да Бога прыйшла твая душа, а не твая спадніца ці кашуля.

На першым месцы павінна быць унутранае. І нічога страшнага, калі ты чагосьці не ведаеш: ты прыйшоў, і гэта ўжо добра».

«Баюся, што мы выкажамся, а нічога не зменіцца»

На сустрэчу ў Ватыкан запрошана моладзь з усіх рэгіёнаў, у якіх працуюць афіцыйныя прадстаўніцтвы Ватыкана. Чакаецца, што ў падрыхтоўчым Сінодзе возьмуць удзел не толькі католікі, але і праваслаўныя, а таксама прадстаўнікі іншых канфесій.

«Перажыванні ёсць, таму што прадстаўляць моладзь Беларусі мне давядзецца адной, а зрабіць гэта будзе няпроста, бо ў нашай моладзі шмат меркаванняў.

Спадзяюся, што спраўлюся. Я адмыслова праводзіла вялікае апытанне сярод каталіцкай моладзі пра іх бачанне Касцёла. Адзінае, чаго баюся, — што на ватыканскім форуме выкажамся, а нічога не зменіцца. Біскупы нас паслухаюць, а на практыцы гэта выкарыстана не будзе.

Моладзі варта даць больш свабоды. Не заганяць у рамкі, а даць выказацца. Не баяцца яе, не абвінавачваць адразу ва ўсіх грахах, а прыняць такой, якая яна ёсць. Яна не дрэнная, не „страчаная“ — яна іншая.

У чым асаблівасць моладзі Беларусі? Мы занадта памяркоўныя. Многія не пагодзяцца, але, на жаль, гэта так. Як нам скажуць, так мы і робім. Ні кроку назад ці ўперад. Мы баімся свабоды, таму што ніколі яе па-сапраўднаму не адчувалі.

У сацсетках можам шмат пісаць, што нам штосьці не падабаецца, але нічога асабліва не робім, каб гэта змяніць.

Калі трэба штосьці арганізаваць, людзі кажуць: „Клас, было б добра“. Калі ж даходзіць да справы, то нікога няма.

«Варта актыўней евангелізаваць у сацыяльных сетках»

Я назірала за моладдзю ў Касцёле ў Кітаі і Германіі. Там бачны энтузіязм, які яны вельмі добра выкарыстоўваць на практыцы. У Германіі пры касцёле нават ёсць асобныя моладзевыя рады, якія арганізоўваюцца, каб праводзіць мерапрыемствы для парафіяльнай моладзі.

Арганізацыю на сябе там бяруць свецкія, а святары выконваюць свае святарскія абавязкі. Нам да гэтага яшчэ далёка. Што перашкаджае? Відаць, савецкае мінулае. Няма традыцыі: у большасці з нас бацькі былі атэістамі, а калі веры няма ў сям’і, то пераймаць яе цяжка.

Жыццё — гэта рух, і Касцёл павінен быць прысутны там, дзе ў ім ёсць патрэба.

Евангелізацыю сёння неабходна актыўней пераносіць у сацыяльныя сеткі. Якраз там часцей за ўсё „сядзіць“ моладзь. У інтэрнэце моладзь шукае паратунку ад праблем. Касцёлу варта зрабіць інтэрнэт інструментам у сваёй евангелізацыі.

Біблію варта не проста цытаваць: яе пажадана адаптаваць да сучаснага пакалення моладзі. Не паўтараць сухія гісторыі, а перарабляць іх з улікам сённяшніх рэалій.

Каб заахвоціць моладзь прыходзіць у Касцёл, трэба паглядзець, чым жывуць і чым цікавяцца сёння хлопцы і дзяўчаты, дзе і як яны праводзяць вольны час. Каб моладзь не думала, што на сустрэчах ёй будуць „прамываць мазгі“.

Іх цікавіць музыка? Тады можна ствараць музычныя гурты, ладзіць музычныя фэсты. Проста ісці насустрач. Каб гэта было цікава не толькі святарам і Касцёлу, а найперш свецкім людзям і моладзі.

«Моладзі трэба вучыцца паважаць альтэрнатыўную думку»

Калі знаходзішся сярод касцёльнай моладзі, то бачыш, як часта яна не прымае альтэрнатыўную думку. Вось скажаш, што ёсць штосьці, што выходзіць за рамкі касцёльнай тэматыкі, і адразу адчуваеш непрыманне, нежаданне ведаць аб чымсьці радыкальна новым.

А як тады евангелізаваць іншых, быць святлом у сваім асяроддзі, калі ты закрыты для пашырэння свайго светапогляду і не хочаш зразумець, чым жывуць іншыя?

Хочацца, каб каталіцкая моладзь была больш адкрытай. Мы не можам абмяжоўвацца толькі нашай верай у Бога і адначасова закрывацца для бліжняга. Бо як мы зможам яго палюбіць, калі нават не паважаем яго думку?

Але я веру ў нашу моладзь. У нас ёсць усё, каб стварыць моцную сям’ю Касцёла і адрадзіць традыцыю веры ў сваіх сем’ях».

Абноўлена 11.04.2018 22:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.