19 сакавіка ў калегіуме Mater Ecclesiae у Кастэль-Гандольфа каля Рыма распачалася перадсінадальная сустрэча моладзі, у якой прымаюць удзел каля 300 хлопцаў і дзяўчат з усяго свету — католікі, праваслаўныя, мусульмане, будысты, атэісты...
Сваімі назіраннямі з Catholic.by дзеліцца Каця Адамчык, удзельніца сустрэчы з Беларусі — парафіянка касцёла Найсвяцейшай Тройцы (Св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску і ўдзельніца душпастырства моладзі Fides.
«Сустрэча распачалася канферэнцыяй, якую ўзначаліў Папа Рымскі. Вітаючы дэлегатаў з розных краін, Святы Айцец падзякаваў моладзі за ўклад у развіццё Касцёла, а таксама расказаў пра асноўныя аспекты Сінода Біскупаў, які пройдзе ў кастрычніку 2018 года.
Пантыфік падрабязна апісаў мэты перадсінадальнай сустрэчы моладзі, а таксама паслухаў сведчанні маладых людзей з Афрыкі, Аўстраліі, Кітая, В’етнама і Украіны.
Кітай на моладзевым форуме прадставіла законніца Тэрэзіна Чэн, якая вывучае тэалогію ў Папскім Урбаніянскім універсітэце.
Паводле яе слоў, кітайская моладзь усё часцей сутыкаецца са спакусамі секулярнага грамадства: шукае матэрыяльныя даброты і перажывае крызіс тоеснасці.
Пасля форуму з’явіцца працоўны дакумент для будучага Сінода
На сустрэчы будзе выпрацаваны працоўны дакумент Сінода Біскупаў. 21 сакавіка пасля падсумавання працы ў групах удзельнікі сустрэчы будуць рыхтаваць выніковы дакумент.
Праца над ім арганізавана такім чынам, каб абмеркаваць тры блокі пытанняў. Першы блок датычыцца моладзі ў цэлым (фармацыі асобы, адносін паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў і рэлігій, ролі інтэрнэту і тэхналогій у жыцці моладзі, а таксама пошуку сэнсу жыцця).
У другой частцы дакумента будуць абмеркаваныя тэмы моладзі і яе веры, а таксама пакліканняў. Што такое пакліканне і як яго распазнаць? Хто клапоціцца пра развіццё пакліканняў у Касцёле?
Трэцяя частка датычыцца касцёльнай фармацыі і душпастырства моладзі.
Для працы над дакументам моладзь падзялілі на чатыры моўныя групы: англійскую, іспанскую, італьянскую і французскую.
У кожнай групе ёсць куратар, які кіруе дыялогам, але не прымушае выказвацца, калі сказаць няма чаго. Таксама ёсць сакратар, які фіксуе галоўныя моманты на працягу сустрэчы.
У маёй групе ёсць хлопцы і дзяўчаты са Швецыі, Швейцарыі, Латвіі, Эфіопіі, Кеніі, Іарданіі, Германіі, ЗША, Кітая і Паўднёвай Карэі — выдатны шанц даведацца, якое месца займае моладзь у Касцёле гэтых краін і з якімі цяжкасцямі сутыкаецца.
Што расказваюць пра моладзь у Касцёле ўдзельнікі?
Дзяўчына з Эфіопіі адзначыла, што ў іх да сёння няма Катэхізіса і ніхто не рыхтуе дзяцей да прыняцця Першай Камуніі.
Калі выслухалі сведчанні ўсіх удзельнікаў групы, стала зразумела, што насамрэч кожная краіна, незалежна ад эканамічнага становішча, сутыкаецца з аднолькавымі праблемамі моладзі: недастатковая аплата працы, уплыў сацыяльных тэхналогій...
Моладзь «жыве» ў сацыяльных сетках, імкнучыся часта толькі збіраць лайкі: калі за 20 хвілін здымак не набраў 50 лайкаў, яго выдаляюць. У музеях хлопцаў і дзяўчат цікавяць не экспанаты, а тое, як на іх фоне лепш зрабіць сэлфі...
Хлопец са Швейцарыі прывёў прыклад з малаком, гатункаў якога вельмі шмат у магазінах: малако каровы, казы, па розным кошце і якасці. Мы спрабуем знайсці самае таннае і якаснае, а як важна часам спыніцца і прыслухацца да сябе. Не гнацца за модай і фінансавым дабрабытам, а слухаць душу.
Адзначалася і тое, што моладзь сёння баіцца ствараць сем’і, баіцца сталець і браць на сябе адказнасць».
***
Перадсінадальная сустрэча моладзі будзе праходзіць да 24 сакавіка. Як інфармуе Ватыканскае радыё, 25 сакавіка пасля завяршэння форуму яго ўдзельнікі прымуць удзел ва ўрачыстай Эўхарыстыі на плошчы св. Пятра, якую Папа ўзначаліць з нагоды ХХVІІІ Сусветнага дня моладзі, што будзе адзначацца ў Пальмовую нядзелю.