Пошук

20.03.2018 15:40   Паводле: Libreria Editrice Vaticana / Catholic.by

У Ватыкане 18–25 сакавіка праходзіць перадсінадальная сустрэча моладзі, на якой будзе выпрацаваны дакумент для наступнага Сінода Біскупаў, прысвечаны тэме моладзі.

Сярод удзельнікаў ватыканскага форуму — каля 300 хлопцаў і дзяўчат з розных краін свету, а таксама маладыя законнікі і законніцы.

Адна з іх — сястра Тэрэзіна Чэн з Кітая, якая вывучае тэалогію ў Папскім Урбаніянскім універсітэце пры калегіуме Mater Ecclesiae у Кастэль-Гандольфа.

Законніца расказала пра выклікі секулярнага грамадства, з якімі сутыкаецца моладзь у яе краіне.

«Кітай у наш час робіць радыкальныя крокі на шляху развіцця. Людзі імкнуцца перадусім да пошуку матэрыяльных дабротаў. Моладзь перажывае крызіс тоеснасці — іх сэрцы скіраваныя на супастаўленне сябе з іншымі».

Гаворачы пра культурную падрыхтоўку сясцёр, с. Тэрэзіна задала  Пантыфіку пытанне: як законніцы знайсці раўнавагу паміж грамадскай культурай і духоўным жыццём.

На фота: сястра Тэрэзіна Чэн з Папам Францішкам. Чырвоны шарф у Кітаі — знак цеплыні і радасці.

«Узровень культурнай падрыхтоўкі манахінь невысокі, і толькі з дапамогаю сваёй духоўнасці яны могуць узаемадзейнічаць з моладдзю і прыцягваць яе.

У такой сітуацыі я хацела б спытацца ў Вас, Святы Ойча, якім чынам мы, маладыя законніцы, можам знайсці раўнавагу паміж дамінуючай у грамадстве культурай і духоўным жыццём, каб выканаць сваю місію»

Адказваючы на пытанне маладой сястры з Кітая, папа Францішак сказаў:

«Фармацыя законнікаў у кансэкраваным жыцці павінна грунтавацца на чатырох стаўпах: духоўнае жыццё, інтэлектуальные жыццё, супольнае жыццё і апостальскае жыццё».

Аберагаць законнікаў ад свету, звяртаючы ўвагу толькі на духоўную фармацыю, на думку Святога Айца, «азначае зводзіць на нішто, выпустошваць асобу».

«Сапраўдная апека адбываецца ва ўзрастанні, але не такім, як растуць памідоры зімой у цяпліцах, таму што, калі іх збіраюць, у іх няма смаку.

Маці, якая гіперапякуе сваё дзіця, яго прыгнятае, не дае яму расці, не дае яму свабодна ўзрастаць. Такім чынам, у жыцці мы сустракаем так шмат старых халасцякоў і старых дзеваў, якія не змаглі знайсці жыцця любові, сужэнства, таму што былі змушаны да залежнасці ад маці, не мелі свабоды выбару.

Лепш, каб хлопец, дзяўчына згубілі пакліканне, чым каб былі нездаровымі законнікам, законніцай, якія потым робяць зло.

Калі мы чытаем пра выпадкі злоўжыванняў, колькі з тых, хто ў іх вінаваты, былі пазбаўлены развіцця, свабоды, выхавання пачуццяў і дайшлі аж да такога? Людзі даходзяць да такога, таму што не атрымалі выхавання пачуццёвасці. 

У вас будуць дзеці, але, калі ласка, добра іх выхоўвайце», — з такім заклікам Папа звярнуўся да трох соцень маладых людзей.

«Не прыгнятайце, не гіперапякуйце. Гэта дрэнна, гэта вельмі дрэнна, гэта вядзе да псіхалагічнай нясталасці. Калі святар або сястра прывязаныя да грошай, гэта горш. Не забывайцеся пра тое, што д’ябал уваходзіць праз кішэні, гэта першая прыступка, потым ганарыстасць, пыха і адсюль — усе грахі. Лепш галадаць і не быць прывязанымі да грошай».

Абноўлена 20.03.2018 22:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа