Пошук

02.04.2025 15:34   Тэкст: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Паводле: sdb.by
Плакат: sdb.by

25 сакавіка на 29-м Генеральным Капітуле Таварыства cвятога Францішка Сальскага, які адбыўся ў Турыне (Італія), ксёндз Фабіо Атард SDB быў абраны новым Генеральным настаяцелем салезіянскага таварыства. Ён стаў 11-м пераемнікам ксяндза Боско.

Яму даручана кіраўніцтва салезіянскай кангрэгацыяй і спрыянне місіі, накіраванай на дабро моладзі, асабліва найбяднейшай і найбольш патрабуючай, у 136-і краінах свету. 

Раней ксёндз Фабіо прадстаўляў салезіянскую кангрэгацыю на важных міжнародных форумах па моладзевай палітыцы, міграцыі і працаўладкаванні моладзі ў Бруселі і Нью-Ёрку. 

Акрамя адміністрацыйных роляў, ксёндз Атард заўсёды вылучаўся як будаўнік мастоў паміж тэалогіяй і пастырскай дзейнасцю. У 2005 годзе ён заснаваў і ўзначаліў Інстытут пастырскай фармацыі на Мальце, які займаўся падрыхтоўкай свецкіх асоб, занятых у пастырскай працы. Ён працягваў выкладаць у якасці запрошанага прафесара ў Папскім Салезіянскім Універсітэце, спрыяючы інтэлектуальнаму і духоўнаму развіццю салезіянскіх педагогаў і іх супрацоўнікаў.

Яго ўнёсак у развіццё сусветнага Касцёла быў адзначаны ў 2018 годзе, калі Папа Францішак прызначыў яго кансультантам Дыкастэрыі па справах свецкіх асоб, сям’і і жыцця. Яго ўдзел у Сінодзе па справах моладзі (2018) падкрэсліў яго імкненне даць моладзі голас і садзейнічаць яе большай інтэграцыі ў жыццё Касцёла. 

Пасля завяршэння тэрміну на пасадзе Генеральнага саветніка ксёндз Атард у 2020-2023 гадах каардынаваў фармацыю салезіянаў і свецкіх супрацоўнікаў у Еўропе. Гэты праект прывёў да стварэння магістарскай праграмы для падрыхтоўкі салезіянаў і свецкіх супрацоўнікаў, якую цяпер ажыццяўляе Папскі Салезіянскі Універсітэт. 

Як новы Генеральны настаяцель, ксёндз Фабіо Атард стане на чале кангрэгацыі, якая налічвае 13750 салезіянаў, арганізаваных у 92 правінцыі, і якая працуе ў 136 краінах свету. Дзякуючы глыбокай духоўнасці, харызматычнаму бачанню, выбітнай акадэмічнай кар’еры і дзесяцігоддзям досведу ён цалкам гатовы ажыццяўляць кіраўніцтва салезіянскай кангрэгацыяй і салезіянскай сям’ёй у XXI стагоддзі. Яго абранне — гэта новая зара для Кангрэгацыі, якая пад яго кіраўніцтвам працягне расці як глабальная сіла адукацыі, евангелізацыі і сацыяльнай трансфармацыі. Айцец Атард будзе натхняць і матываваць салезіянаў, свецкіх супрацоўнікаў і моладзь ва ўсім свеце, каб працягваць місію Дона Боско: быць сведкамі і насіцелямі Божай любові для моладзі, асабліва для тых, хто найбольш патрабуе. 

Пад яго кіраўніцтвам салезіянская кангрэгацыя працягне квітнець, ажыццяўляючы мару Дона Боско і змяняючы жыцці тысяч маладых людзей па ўсім свеце. Ён прызваны ўзначаліць другую па велічыні рэлігійную кангрэгацыю ў свеце, несучы надзею і святло новым пакаленням.

Таксама на 29-м Генеральным Капітуле вікарыем Генеральнага настаяцеля быў абраны ксёндз Стэфано Мартольё SDB. Тым самым падоўжылася яго кадэнцыя на пасадзе, даручанай яму яшчэ папярэднім Капітулам.

Згодна з Канстытуцыямі салезіянаў, вікарый з’яўляецца першым памочнікам Генерала ў кіраванні Таварыствам і мае звычайную вікарыяльную ўладу. Ён дзейнічае ад імя Генерала ў выпадку яго адсутнасці або перашкод. Асабліва яму даручана клапаціцца аб рэлігійным жыцці і дысцыпліне.

На 28-м Генеральным Капітуле ў 2020 годзе Стэфано Мартольё быў упершыню абраны вікарыем Генеральнага настаяцеля, і на гэтай пасадзе кіраваў салезіянскай кангрэгацыяй з 17 жніўня 2024 года да цяперашняга Капітула ў адпаведнасці з тэрмінамі, устаноўленымі Святым Пасадам пасля прызначэння Анхеля Фернандэса Арціме кардыналам.

Абноўлена 02.04.2025 15:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця