Пошук

01.02.2025 17:39   Catholic.by

2 лютага Сусветны Касцёл святкуе Ахвяраванне Пана. З гэтай нагоды Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе сваё віншаванне ўсім прадстаўнікам кансэкраванага жыцця.

Ваша Эксцэленцыя
біскуп Аляксандр Яшэўскi SDB
Адказны за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця пры ККББ

Паважаны ксёндз Андрэй Лысы SChr
Старшыня групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі



Сёстры і браты манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця Касцёла ў Беларусі

З нагоды Сусветнага дня кансэкраванага жыцця прыміце самыя шчырыя словы пажаданняў.

Цяжка сёння сабе ўявіць Касцёл без прысутнасці кансэкраваных асоб: вашай малітвы, ахвярнай працы і апостальскага служэння.

У гэты асаблівы час, Юбілейны 2025 год, Вы як «Пілігрымы надзеі на шляху да міру» з’яўляецеся знакам надзеі для кожнага чалавека, якога сустракаеце на сваім пілігрымім шляху службы.

Папа Францішак у Буллі “Spes non confundit” зазначае: Найвышэйшае сведчанне надзея знаходзіць у Маці Божай. У Ёй мы бачым, што надзея — гэта не даверлівы аптымізм, але дар ласкі ў рэалістычнасці жыцця. Як кожная маці, Марыя кожны раз глядзела на свайго Сына, думала пра Яго будучыню, і словы, якія Сімяон скіраваў да Яе ў святыні, безумоўна, закарбаваліся ў Яе сэрцы: «Вось Дзіцятка гэтае прызначана для падзення і ўзыходжання многіх у Ізраілі, і за знак, які будзе супраціўляцца. І меч праб'е тваю душу».

Мае дарагія. Наш Пан і Збаўца Езус Хрыстус з’яўляецца адзінай Надзеяй для свету і кожнага чалавека. Няхай жа радасць і супакой будуць і вашай сілай у штодзённым сведчанні жыцця паводле Евангелля.

Дзякуем Вам перш за ўсё за малітву, за пастырскую працу, за ўдзел ва ўсіх пастырскіх праграмах Касцёла ў Беларусі.

Спадзяюся, што гэты Юбілейны год прынясе багатыя духоўныя плёны сёстрам і братам кансэкраванага жыцця, а праз вас паспрыяе сталенню Касцёла, а гэта значыць для кожнага чалавека асабіста і ў жыцці нашай радзімы.

Разам з вамі малюся аб вытрымцы ў пакліканні, якім Вас адарыў Найвышэйшы Святар Езус Хрыстус. Праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, якая ахвяравала ўсё сваё жыццё Богу, прашу аб новых пакліканнях да служэння Богу і чалавеку на нашай Бацькаўшчыне.

З дарам малітвы,


Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск 28-01-2025
Ва ўспамін св. Тамаша Аквінскага

Абноўлена 01.02.2025 17:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа