Падышла да заканчэння перадсінадальная сустрэча моладзі ў Рыме на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання». 24 сакавіка пасля мноства паправак фінальны дакумент нарэшце быў гатовы. 25 сакавіка ён будзе прадстаўлены папу Францішку.
У дакуменце тры часткі. Першая апісвае праблемы і магчымасці маладых людзей у свеце. У ёй гаворыцца пра фарміраванне асобы, адносіны адзін з адным, планаванне будучыні, адносіны з сучаснымі тэхналогіямі і пошук сэнсу ў жыцці.
Галоўным акцэнтам першай часткі дакумента стала абмеркаванне анлайн-жыцця маладых людзей, якое патрабуе асаблівай увагі Касцёла.
У другой частцы гаворка ідзе пра пакліканне і яго распазнанне. Яна падрабязна прадстаўляе меркаванне моладзі аб адносінах маладых людзей да Бога, Касцёла і веры.
Таксама асобны параграф апісвае распазнанне паклікання з пункту гледжання не толькі святарства, але і паклікання ў жыцці, пошуку сябе і свайго месца. Паколькі «пакліканне было дадзена Езусам падчас хросту, то, нават калі мы не можам знайсці сваё месца, у нас заўсёды ёсць пакліканне быць дзецьмі Бога».
Трэцяя частка прысвечана касцёльным і душпастырскім ініцыятывам. Яна акцэнтуе ўвагу на непасрэдным удзеле моладзі ў жыцці Касцёла як неад’емнай частцы касцёльнага жыцця. Таксама апісваюцца месцы, на якія павінен арыентавацца Касцёл, каб не згубіць пакаленне маладых людзей, не ўпусціць іх і не даць згаснуць іх веры і любові.
У заключнай частцы маладыя людзі падкрэслілі важнасць гэтага дакумента даволі радыкальнай фразай, звернутай да ўдзельнікаў Сінода Біскупаў 2018 года: «Будзе сорамна, калі гэты дыялог [з моладдзю] не будзе мець магчымасці да працягу і развіцця».
Дакумент быў шмат разоў зменены, але канчатковы вынік тыднёвай працы каштаваў выдаткаваных сіл, начэй і перажыванняў.