Удзельнікі 14-га пасяджэння Звычайнай Рады Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў, якія сустракаліся ў Ватыкане 7 і 8 мая 2018 г., прынялі праект Працоўнага дакумента (Instrumentum Laboris) XV Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання».
Працу Рады ўзначаліў папа Францішак. Сам Сінод пройдзе 3-28 кастрычніка ў Ватыкане.
Праект Instrumentum Laboris з’яўляецца плёнам працы экспертаў на аснове адказаў на анкету падрыхтоўчага дакумента і выніковага дакумента перадсінадальнай сустрэчы моладзі, якая праходзіла ў Ватыкане 19-24 сакавіка 2018 г.
Таксама ў яго ўвайшлі вынікі працы міжнароднага семінара па становішчы моладзі, які праходзіў у верасні 2017 г., і каментароў розных людзей і груп.
Дакумент стаў прадметам абмену думкамі членаў Рады. Іх заўвагі былі ўключаны ў канчатковую версію. Перагледжаны тэкст быў ухвалены ўсімі ўдзельнікамі.
Акрамя таго, члены Звычайнай Рады абмеркавалі некаторыя арганізацыйныя аспекты Сінода Біскупаў і Звычайнай агульнай асамблеі, якая хутка пройдзе ў Ватыкане.
У канцы Святы Айцец падзякаваў членам Рады і ўдзельнікам за іх уклад і за дух братэрства, у якім адбылася сустрэча, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў.