Пошук

21.03.2018 17:40   Catholic.by

Беларуска Кацярына Адамчык, якая прымае ўдзел у перадсінадальнай сустрэчы ў Ватыкане, паразмаўляла з некаторымі ўдзельнікамі пра становішча хрысціян у іх краінах.

Пра каталіцкую моладзь расказваюць удзельнікі з Лівана, Егіпта і Трынідад і Табага.

Ліван: выбарчы прэзідыум у душпастырстве

Ліванцу Тоні толькі 23 гады, але ў сваім універсітэце ён — прэзідэнт хрысціянскай супольнасці студэнтаў. Такая супольнасць дзейнічае ў кожным з універсітэтаў Лівана.

Гэта выбарчая пасада на год. Акрамя прэзідэнта ёсць і адмысловы прэзідыум, які таксама складаецца са студэнтаў. У абавязкі супольнасці ўваходзіць у тым ліку і душпастырская дзейнасць.

Як у нас арганізоўваюцца пілігрымкі ў Будслаў і Тракелі, у іх — пілігрымкі ў іншыя краіны. За правядзенне пілігрымак якраз і адказвае прэзідэнт супольнасці. Паводле слоў Тоні, перайманне гэтых абавязкаў свецкай моладдзю значна спрашчае служэнне мясцовым святарам.

Егіпет: татуіроўка на запясці хрысціянаў

Хлопец Рані — хрысціянін з Егіпта. Доўгі час мусульмане вельмі варожа ставіліся да прадстаўнікоў любых іншых рэлігій і часта забівалі іх.

Каб абараніць веру, з пэўнага ўзросту кожнаму хрысціяніну ў Егіпце пачалі рабіць татуіроўку на запясці — крыжык.

Фота Stream.org

Татуіроўка як знак бясспрэчнай прыналежнасці да хрысціянства служыць напамінам пра Бога і вызваляе ад спакусы адрачэння ад веры ў моманты небяспекі для жыцця.

Трынідад і Табага: ухіл у душпастырстве — на спорт

Трынідад і Табага — астраўная дзяржава ў Карыбскім моры, паблізу ад узбярэжжа Венесуэлы. Прадстаўляць моладзь гэтай краіны ў Ватыкан прыбыла дзяўчына Хадзін Боўэл.

Раней у Трынідад і Табага каталіцтва лічылася самай распаўсюджанай канфесіяй, але сёння яго выцясняюць новыя пратэстанцкія Цэрквы.

Мясцовы Касцёл сутыкаецца з крызісам пакліканняў, таму асноўны націск у душпастырстве робіцца на фармацыю маладых людзей, каб яны да канца зразумелі сваё сапраўднае пакліканне.

Каля 17 працэнтаў католікаў прыходзіць на Імшу па нядзелях, але большасць — гэта дарослыя людзі, а не моладзь. Канцэрты хрысціянскіх гуртоў і моладзевыя чуванні праводзяцца вельмі рэдка. Асноўны ўхіл мясцовыя душпастыры робяць на ўдзел каталіцкай моладзі ў спартыўных мерапрыемствах.

Фота RugbyAmericasNorth.com

Паводле слоў Хадзін Боўэл, мясцовыя біскупы адкрытыя да патрэбаў моладзі і даюць ёй слова. Але праблемы часта застаюцца на парафіяльным узроўні, таму моладзь заахвочваюць быць больш актыўнай у парафіях.

Фармацыя моладзі ў Трынідад і Табага праводзіцца толькі ў тых рэгіёнах, дзе арганізавана моладзевая супольнасць або моладзевы цэнтр. У мясцовым Касцёле дзейнічае супольнасць Opus Dei, якая праводзіць рэкалекцыі. Але, на жаль, не ўсе пра іх ведаюць.

Абноўлена 22.03.2018 12:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця