У Егіпце былі знойдзены рэшткі старажытнага кляштару, які можа аказацца самым старым з вядомых хрысціянскіх кляштараў у свеце.
Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, археолагі лічаць, што манахі пасяліліся ў ім ужо ў 350 годзе. «Гэта выключна важнае адкрыццё, што сведчыць пра вельмі ранняе існаванне арганізаваных манскіх супольнасцяў на тэрыторыі Рымскай імперыі», — адзначыў археолаг Віктар Гіка, адказны за раскопкі, якія з перапынкамі вяліся з 2009 года франка-нарвежскай групай даследчыкаў у супрацоўніцтве з Міністэрствам турызму і старажытнасцяў Егіпта.
Руіны старажытнага кляштару знаходзяцца ў аазісе аль-Бахарыя, што ў 370 км на паўднёвы захад ад Каіра.
Археолагі раскапалі тое, што калісьці было манаскімі келлямі, рэшткі трох касцёлаў, надпісы на грэчаскай мове, а таксама шмат гліняных начынняў і шкляных алейных лямп.
Навукоўцы адзначаюць, што ў тыя часы шкло лічылася даволі дарагім матэрыялам.
Паводле археолагаў, у гэтым месцы жыццё кіпела ўжо праз пару дзесяцігоддзяў пасля таго, як імператар Канстанцін легалізаваў хрысціянства ў Рымскай імперыі, у склад якой уваходзіў і Егіпет. Пік развіцця кляштару прыпаў на V–VI стагоддзі.
Археолаг Віктар Гіка падкрэсліў, што найбліжэйшыя кляштары, якія ўзніклі прыблізна ў той самы час, знаходзяцца на адлегласці ад 2,4 да 3,8 тыс. км ад аль-Бахарыі.
Такім чынам, адкрыты ім кляштар самы ізаляваны, што сведчыць пра папулярнасць у гэтым рэгіёне жыцця анахарэтаў, або хрысціянскіх пустэльнікаў.
Археолагамі былі знойдзены грэчаскія надпісы, з якіх навукоўцы чэрпаюць інфармацыю пра манаскае жыццё ў егіпецкім кляштары. Некаторыя тэксты ўтрымліваюць цытаты з твораў Эвагрыя Пантыйскага — аднаго з найбольш вядомых айцоў пустэльнікаў. Была таксама знойдзена керамічная таблічка з лістом, у якім ідзе гаворка пра падарожжа аднаго з манахаў у Канстанцінопаль, а гэта сведчыць пра тое, што кляштар быў звязаны са светам, а яго насельнікі маглі падарожнічаць на вялікія адлегласці.
У выніку раскопак сталі таксама вядомыя некаторыя падрабязнасці штодзённага жыцця супольнасці. Яны сведчаць пра тое, што кожны з манахаў жыў у асобным памяшканні і быў ізаляваным ад іншых. Пустэльнікі сустракаліся толькі па вечарах у суботу, у нядзелі і ў святы на супольным літургічным спеве і на абедах.
Яны займаліся, між іншым, вытворчасцю віна, жывёлагадоўляй і гандлем.
Віктар Гіка адзначыў, што з-за складаных метэаралагічных умоў у гэтай мясцовасці раскопкі не будуць даступнымі для турыстаў. Гістарычны аб’ект пасля завяршэння даследванняў закансервуюць, ці папросту зноў закапаюць.