Пошук

26.02.2019 10:05   Catholic.by
Св. Францішак і султан Аль-Каміль. Public Domain

З 1 па 3 сакавіка ў Егіпце з удзелам прадстаўніка папы Францішка будзе ўрачыста адзначана 800-годдзе сустрэчы св. Францішка Асізскага з султанам Меледынам Аль-Камілем, паведамляе агенцтва КАІ.

Гэтая гістарычная падзея адбылася ў 1219 г. у горадзе Дам’ецце (Дум’ят), што на поўначы Егіпта.

Святога Айца на юбілейным святкаванні прадставіць Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Леанардо Сандры.

З гэтай нагоды егіпецкія францішкане падрыхтавалі шэраг святочных мерапрыемстваў.

1 сакавіка ў Дум’ят — горад, каля муроў якога ў верасні 1219 г. адбылася гістарычная сустрэчы св. Францішка з султанам, — прыбудзе вялікая пілігрымка. 2 сакавіка ў адным з найстарэйшых у свеце ісламскім універсітэце Аль-Азхар пройдзе канферэнцыя на тэму «Дыялог у міры і стрыманасці». Яе арганізатарамі выступіў сусветны саюз выпускнікоў універсітэта Аль-Азхар, а таксама францішкане Егіпта.

3 сакавіка кардынал Сандры ўзначаліць цэлебрацыю ўрачыстай св. Імшы ў касцёле св. Юзафа ў Каіры.

Вось як адбылася сустрэча каталіцкага святога з султанам-мусульманінам. Вядома, што св. Францішак далучыўся да Пятага крыжовага паходу і 24 чэрвеня 1219 г. на караблі паплыў у Аку.

У верасні 1219 г. бядняк з Асізі наведаў Егіпет, дзе імкнуўся паразмаўляць з султанам адносна міру і веры.

Размова не прынесла непасрэдных вынікаў, але султан выступіў з прапановай на пэўны час вярнуць хрысціянам Ерузалем і частку Палестыны, якую ўдзельнікі крыжовага паходу не прынялі.

Толькі праз дзесяць гадоў прапанаваны султанам план быў рэалізаваны ў супрацоўніцтве з рымскім імператарам і каралём Сіцыліі Фрыдрыхам ІІ. Імператар узначаліў Шосты крыжовы паход, але не жадаў весці баявых дзеянняў і абмежаваўся толькі дыпламатычнымі крокамі. У асобе султана Аль-Каміля ён знайшоў выдатнага партнёра для перамоваў.

У іх выніку ў Ерузалеме ўключна з Гарой Святыні (Храмавая гара) склалася добра арганізаваная сістэма падвойнага суверэнітэту, што зноў давала хрысціянам магчымасць па ўзгадненні цэлебраваць св. Імшу ў катэдры на гары і ў мячэці Аль-Акса.

Пра сустрэчу св. Францішка з султанам і яе значэнне для міжрэлігійнага дыялогу казаў папа Францішак падчас свайго нядаўняга візіту ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Абноўлена 04.02.2021 10:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.