Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 6 лютага прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Святы Айцец падзяліўся з вернікамі сваімі думкамі пра пілігрымку ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якую здзейсніў 3–5 лютага.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, Пётр нашага часу лічыць, што падарожжа ў гэтую мусульманскую краіну стала новай старонкай у гісторыі дыялогу паміж хрысціянствам і ісламам, а таксама ў будаванні міру ў свеце на фундаменце чалавечага братэрства.
«Папа ўпершыню накіраваўся на Аравійскі паўвостраў. Божы Провід пажадаў, каб праз 800 гадоў пасля візіту св. Францішка Асізскага да султана Маліка Аль-Каміля гэта быў Папа з імем Францішак.
Я часта думаў пра св. Францішка падчас падарожжа: гэта мне дапамагала трымаць у сэрцы Евангелле, любоў Езуса Хрыста ў розныя моманты гэтага візіту», — прызнаўся Святы Айцец.
«У маім сэрцы было Евангелле Хрыста, малітва да Айца за ўсіх Яго дзяцей, асабліва за самых бедных, за ахвяр несправядлівасці, войнаў, нястачы…; была малітва, каб дыялог паміж хрысціянствам і ісламам стаў вызначальным фактарам для міру ў сучасным свеце», — дадаў ён.
Пантыфік падзякаваў дзяржаўным і касцёльным уладам Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, мясцоваму духавенству, законнікам і свецкім вернікам за гасціннасць і добрую арганізацыю візіту. Краіна зрабіла вялікі прагрэс на працягу апошніх дзесяцігоддзяў і стала «скрыжаваннем паміж Усходам і Захадам, шматэтнічным і шматрэлігійным „аазісам“ і таму — адпаведным месцам для спрыяння культуры сустрэчы», падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.
Папа Францішак распавёў, што меў магчымасць сустрэцца з першым святаром, які прыбыў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і заснаваў тут вялікую колькасць каталіцкіх супольнасцяў, а таксама са шматлікімі іншымі пастырамі розных абрадаў з Лівана, Індыі, Філіпінаў і іншых краін.
«Акрамя перамоваў у Абу-Дабі быў зроблены яшчэ адзін крок: Вялікі імам Аль-Азхар і я падпісалі Дакумент аб братэрстве паміж людзьмі, у якім разам сцвердзілі агульнае пакліканне ўсіх людзей быць братамі, бо яны з’яўляюцца Божымі дзецьмі; асудзілі ўсе формы насілля, асабліва пад покрывам рэлігійных матываў, а таксама абавязаліся пашыраць у свеце сапраўдныя каштоўнасці і мір»,
— зазначыў Папа.
Святы Айцец выказаў пажаданне, каб гэты дакумент вывучаўся ў навучальных установах, а таксама заклікаў вернікаў пазнаёміцца з ім, каб даць імпульс развіццю дыялогу аб братэрстве паміж людзьмі.
«У такую эпоху, як наша, калі існуе моцная спакуса назіраць сутыкненне паміж хрысціянскай і ісламскай цывілізацыямі, а таксама лічыць рэлігіі крыніцай канфліктаў, мы пажадалі даць чарговы знак — ясны і рашучы, — што, наадварот, сустракацца магчыма, што магчыма паважаць адно аднаго і весці дыялог, і што, нягледзячы на адметнасці паміж культурамі і традыцыямі, хрысціянскі і ісламскі свет цэняць і абараняюць агульныя каштоўнасці: жыццё, сям’ю, рэлігійныя пачуцці, пашану да пажылых людзей, выхаванне моладзі і іншыя», — сказаў Пантыфік.
Папа Францішак адзначыў, што ў Эміратах пражывае каля мільёна хрысціянаў, пераважна працаўнікоў азіяцкага паходжання. Ён распавёў, што сустракаўся з мясцовымі католікамі ў катэдральным касцёле ў Абу-Дабі, а таксама цэлебраваў св. Імшу, «абвяшчаючы Евангелле благаслаўленняў» і молячыся «аб міры і справядлівасці з асаблівай увагай да Блізкага Усходу і Емена».
«Дарагія браты і сёстры, гэтае падарожжа адносіцца да „сюрпрызаў“ Бога. Таму праславім Яго і Ягоны Провід, а таксама памолімся, каб зерне, якое было кінута, прынесла плён згодна з Яго святой воляй», — сказаў на заканчэнне сваёй катэхезы Святы Айцец.