Пошук

05.12.2023 11:39   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота / Canva.com

3 снежня у Дубаі (ААЭ) у гандлёва-выставачным цэнтры Expo City адкрыўся Павільён веры — ініцыятыва, накіраваная на павышэнне ўзроўня ўдзелу рэлігійных арганізацый у Канферэнцыі ААН па змене клімату (Сop 28).

Пра гэта паведамляе Беларуская служба парталу Vatican News.

«Няхай Усявышні благаславіць нашы сэрцы, каб разам мы маглі быць будаўнікамі міру і абаронцамі стварэння», — заклікаў Папа Францішак у пасланні з нагоды адкрыцця Павільёна веры.

У тэксце, прачытаным кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржсакратаром Яго Святасці, Пантыфік падкрэсліў, што рэлігіі, з’яўляючыся сумленнем чалавецтва, нагадваюць нам пра тое, што мы смяротныя істоты з патрэбай у бясконцым.

«Мы смяротныя, мы абмежаваныя, і абараняць жыццё азначае таксама супрацьстаяць маніі пражэрлівай усемагутнасці, якая спусташае планету», 

— заўважыў Святы Айцец.

Папа Францішак папярэдзіў, што чалавек не павінен лічыць сябе гаспадаром свету, жыць так, як быццам Бога не існуе, дазваляць сабе захапляцца мінучымі рэчамі і замест таго, каб мець у сваім распараджэнні тэхналогію, дазваляць ёй панаваць над сабой, «зрабіць сябе таварам» і стаць абыякавым.

Пантыфік падкрэсліў, што кліматычная драма з’яўляецца таксама драмай рэлігійнай, «паколькі яе карані ляжаць у гордасці самадастатковасці стварэння», а «стварэнне без Створцы гіне».

Святы Айцец заклікаў, каб Павільён веры стаў месцам сустрэчы, а рэлігіі заўсёды былі «гасцінным месцам», дзе гучыць прарочае сведчанне аб неабходнасці трансцэндэнтнасці, братэрства, павагі і клопату адно аб адным, дзе не апраўдваецца прыгнёт стварэння.

Гаворачы аб «дзеянні», Папа Францішак звярнуў увагу на вострую неабходнасць у ініцыятывах на карысць навакольнага асяроддзя, і ў гэтым выпадку не дастаткова толькі эканамічных сродкаў, неабходна выхоўваць да «стрыманага і братэрскага ладу жыцця». Ён нагадаў, што «рэлігіі таксама пакліканы выхоўваць у кантэмпляцыі, таму што стварэнне з’яўляецца не толькі сістэмай, якую трэба абараняць, але і дарам, які трэба прыняць».

У пасланні Пантыфіка гаворыцца і пра неабходнасць малітвы і спачування, бо інакш свет будзе жыць толькі ў матэрыялізме, які складаецца з грошай і зброі.

Святы Айцец указаў на ўзаемазалежнасць міру і аховы стварэння.

«Мы ўсе бачым, як войны і канфлікты разбураюць навакольнае асяроддзе і падзяляюць народы, што ўскладняе ўдзел у агульных справах, такіх як абарона планеты», — падкрэсліў Папа Францішак.

Папа нагадаў аб тым, што ахова міру — гэта таксама задача рэлігіі.

«Калі ласка, няхай у гэтым не будзе ніякай непаслядоўнасці. Няхай дзеянні не адмаўляюць таго, што прамаўляецца вуснамі: не трэба абмяжоўвацца толькі размовамі аб міры, і няхай будзе занята выразная пазіцыя ў адносінах да тых, хто, называючы сябе вернікам, распальвае нянавісць і не супрацьстаіць насіллю», — дадаў Пантыфік.

«Браты, сёстры, няхай Усявышні благаславіць нашы сэрцы, каб мы разам былі будаўнікамі міру і абаронцамі стварэння», — такі заклік прагучаў у канцы папскага паслання.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця