Пошук

20.06.2024 15:02   Паводле: КАІ / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: museumnext.com

З 2001 года 20 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень бежанцаў, устаноўлены ААН.

Сёння статыстычныя лічбы выклікаюць трывогу: па дадзеных Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН), у цяперашні час больш за 120 мільёнаў чалавек з’яўляюцца перасяленцамі.

Гэтая колькасць прыкладна роўная колькасці насельніцтва Японіі, і гэта новы «сумны рэкорд», што стаў вынікам войнаў і канфліктаў у многіх краінах.

Справаздача аб глабальных тэндэнцыях, апублікаваная УВКБ ААН, паказвае, што за апошнія дзесяць гадоў колькасць вымушана перамешчаных асобаў падвоілася. У дакуменце арганізацыя падкрэслівае, што ключавым аспектам гэтай тэндэнцыі з’яўляюцца насілле і канфлікты па ўсім свеце. Напрыклад, у Судане на канец 2023 года ў выніку насілля былі перамешчаныя 10,8 млн чалавек. У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і М’янме мільёны людзей былі вымушаныя пакінуць месцы свайго пражывання ў выніку канфліктаў. У сектары Газа да канца мінулага года былі вымушана пераселены 1,7 мільёна чалавек. Канфлікт у Сірыі застаецца самым вялікім крызісам, у выніку якога былі перамешчаныя 13,8 мільёна чалавек.

«Гэтыя лічбы хаваюць незлічоныя чалавечыя трагедыі. Пакуты людзей павінны падштурхнуць міжнародную супольнасць да тэрміновага вырашэння прычын перамяшчэння», — падкрэсліў Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Філіпо Грандзі падчас прэзентацыі справаздачы ў Жэневе. Колькасць бежанцаў і людзей, якія шукаюць абароны, вырасла да 43,4 мільёна. Большасць бежанцаў застаюцца ў суседніх краінах, і 75 працэнтаў з іх жывуць у краінах з нізкім і сярэднім узроўнем даходу.

У якасці прыкладу ў справаздачы УВКБ ААН згадваецца, між іншым, Італія. У мінулым годзе на італьянскае ўзбярэжжа прыбылі амаль 160 тысяч чалавек. У цэнтры святкавання Дня бежанца ў Італіі, якое распачнецца з мерапрыемства ў кампусе Луіса ў Рыме, ляжыць ініцыятыва «Моц інклюзіўнасці». У мерапрыемстве возьмуць удзел бежанцы, прадстаўнікі розных установаў, прыватнага сектара і грамадзянскай супольнасці. Уступнае слова прамовіць кардынал Матэо Марыя Дзупі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі.

У Сусветны дзень бежанцаў адзінаццаць італьянскіх гарадоў падасветляць свае помнікі ў межах кампаніі салідарнасці #WithRefugees. Ініцыятыва, распачатая ў 2017 годзе, ужо стала пастаяннай падзеяй у Італіі, вядомай на міжнародным узроўні. У ёй удзельнічаюць наступныя гарады: Агрыджэнта, Анкона, Бары, Верона, Генуя, Неапаль, Палерма, Трыест, Турын, Удзінэ і Фларэнцыя.

Апытанне, праведзенае УВКБ ААН у 52-х краінах, паказвае яшчэ адзін «знак надзеі і салідарнасці»: гэта ўспрыманне бежанцаў.

Ва ўсім свеце 51 працэнт рэспандэнтаў лічаць, што «большасць бежанцаў, якія прыязджаюць у маю краіну, паспяхова інтэгруюцца ў сваё новае грамадства». Аднак апытанне таксама паказвае, што карціна таго, як успрымаюцца бежанцы, складаная і што існуюць істотныя адрозненні ў меркаваннях у залежнасці ад пытання і месцазнаходжання рэспандэнтаў, адзначыла італьянскае агенцтва SIR, каментуючы справаздачу УВКБ ААН.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.