У панядзелак Папа Францішак нагадаў аб Міжнародным дні правоў дзіцяці, які адзначаўся 20 лістапада, у гадавіну прыняцця ў гэты дзень у 1989 годзе Канвенцыі ААН аб абароне дзяцей.
Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, лічыцца, што гэта адзін з самых шырока ратыфікаваных дакументаў у свеце і ў той жа час найбольш занядбаны на практыцы. Дзеці, між іншым, першыя ахвяры войнаў і канфліктаў.
У сваім допісе ў сацыяльных сетках Святы Айцец згадвае пра шматлікіх дзяцей, «пазбаўленых фундаментальнага права на жыццё, фізічнай і псіхічнай недатыкальнасці з прычыны канфліктаў».
«Колькі дзяцей вымушаныя ўдзельнічаць або дапамагаць у баях і пасля іх несці на сабе шрамы? Ніякая вайна не вартая слёз дзяцей», — дадаў Папа Францішак.
У дакладзе, падрыхтаваным з нагоды Дня правоў дзіцяці, нагадваецца, што самым неспрыяльным месцам для іх у свеце з'яўляецца Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, дзе трынаццаць са ста дзяцей паміраюць, не дажыўшы да пяцігадовага ўзросту, і менш за палову маюць шанец пайсці ў пачатковую школу. Аналагічная сітуацыя захоўваецца ў многіх краінах Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі. Цяжкае становішча дзяцей пагаршаецца сексуальнай эксплуатацыяй, прымусовай працай і ўдзелам ва ўзброеных канфліктах.
У дакладзе таксама паказваецца на значную дыскрымінацыю дзяўчынак, якія ў многіх краінах маюць значна менш правоў, чым іх аднагодкі — хлопчыкі. Іх аддаюць у школу ў другую чаргу, а ў Індыі, напрыклад, іх нараджэнне разглядаецца як цяжар, у той час як нараджэнне сына заўсёды азначае благаслаўленне.
Значна павялічылася колькасць дзяцей у раёнах, пацярпелых ад канфліктаў і войнаў. Гаворка ідзе пра амаль 470 мільёнаў непаўналетніх.
Тым часам больш за 150 мільёнаў дзяцей ва ўсім свеце вымушаныя працаваць, часта ва ўмовах, якія пагражаюць іх жыццю і здароўю.