Пошук

29.01.2026 12:23   Catholic.by

28 студзеня Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, прыняў удзел у мерапрыемстве, прымеркаваным да Міжнароднага дня мірнага суіснавання, якое праводзілася Офісам Пастаяннага каардынатара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ААН) у Рэспубліцы Беларусь сумесна з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Міжнародны дзень мірнага суіснавання, заснаваны рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН, закліканы садзейнічаць умацаванню ўзаемаразумення і салідарнасці паміж людзьмі і народамі, развіццю дыялогу і павагі рэлігійнай і культурнай разнастайнасці.

Сустрэча аб’яднала прадстаўнікоў асноўных рэлігійных канфесій, а таксама органаў дзяржаўнай улады, дыпламатычнага корпуса, грамадскіх арганізацый, моладзі, бізнесу і сістэмы ААН. Адмысловая ўвага ў межах мерапрыемства была нададзена ролі духоўных і маральных каштоўнасцяў, міжканфесійнай згоды і сацыяльнай інклюзіі як асновы мірнага і гарманічнага развіцця грамадства.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Сакрэта, Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Расул Багіраў, старшыня прэзідыўма ГА «Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі» Ніна Іванова.

Фота: BELTA

Фармат мерапрыемства спалучаў афіцыйную частку з культурна-асветніцкай праграмай, у якой была прадстаўлена інклюзіўная арт-ініцыятыва «Моцныя духам» Беларускага фонду міру, якая аб'ядноўвае дзяцей з інваліднасцю і мастакоў праз сумесную творчасць.

У ходзе мадэраванай дыскусіі ўдзельнікам прапаноўвалася адказаць на пытанне: «Што значыць для Вас мірнае суіснаванне?» З пункту гледжання Каталіцкага Касцёла над гэтым пытаннем паразважаў Мітрапаліт Станеўскі.

Ён адзначыў, што ў каталіцкім веравучэнні і сацыяльным вучэнні Касцёла мірнае суіснаванне азначае не проста адсутнасць вайны, а актыўны пошук гармоніі, узаемаразумення, цярпімасці і супрацоўніцтва паміж людзьмі, нацыямі і дзяржавамі з розным культурным, рэлігійным ці палітычным ладам. Яно грунтуецца на павазе да чалавечай годнасці і правоў кожнага чалавека.

Таксама іерарх акцэнтаваў увагу прысутных на асноўных прынцыпах паводле пазіцыі Каталіцкага Касцёла:

  • Павага адрозненняў: мірнае суіснаванне мае на ўвазе здольнасць розных груп людзей жыць разам, паважаючы пры гэтым адрозненні адна адной.
  • Дыялог і супрацоўніцтва: нацэлена на ўзаемадзеянне і паразуменне паміж рознымі культурамі і веравызнаннямі, што спрыяе мірнаму жыццю.
  • Адмова ад гвалту: уключае адмову ад вайны і гвалту як спосабаў вырашэння спрэчак, выступаючы за мірнае ўрэгуляванне.
  • Рэлігійны плюралізм: у сучасным кантэксце часта разглядаецца як прызнанне неабходнасці суіснавання розных рэлігійных груп у адным грамадстве пры гарантаванай свабодзе веравызнання.

Гэты канцэпт часта падкрэслівае важнасць добрасуседства і магчымасці свабоднага веравызнання, што садзейнічае пераадоленню супярэчнасцей.

«Сапраўды мір — гэта дар уваскрослага Хрыста, мір бяззбройны і раззброены, пакорны і настойлівы. Ён паходзіць ад Бога і перамяняе свет. У той жа час канфрантацыя паглыбляе нестабільнасць і непрадказальнасць. Пантыфік заклікае ўсіх людзей адкрыцца на мір і стаць яго сведкамі. Мы пакліканы ісці гэтым, пракладзеным Уваскрослым Хрыстом, шляхам.Таму мы павінны прыняць мір як рэальную магчымасць, а не лічыць яго далёкай і недасяжнай, выходзячай па-за гарызонт нашых мараў, мэтай»,

падкрэсліў іерарх.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа