Пошук

05.02.2019 14:38   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Фота: shropshirestar.com / Catholic.by
Фота shropshirestar.com

Раніцай 5 лютага папа Францішак узначаліў цэлебрацыю св. Імшы на стадыёне ў сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, што стала першай у гісторыі Эўхарыстыяй, здзейсненай Пантыфікам на Аравійскім паўвостраве.

Як паведаміла італьянская рэдакцыя партала Vatican News, гэтай гістарычнай падзеяй завяршыўся візіт Святога Айца ў мусульманскую краіну, адметнасцямі якога былі міжрэлігійны дыялог і сустрэча з мясцовай хрысціянскай супольнасцю.

Як адзначаецца, гэта стала вельмі хвалюючым момантам для мноства людзей, калі Наступнік апостала Пятра ўпершыню ў гісторыі ступіў на аравійскую зямлю і цэлебраваў св. Імшу ў гэтым рэгіёне.

Эўхарыстыя ў Абу-Дабі сабрала каля 180 тыс. удзельнікаў, большасць з якіх не змясціліся на стадыёне, разлічаным прыблізна на 45 тыс. асобаў. Гэтыя вялізныя натоўпы Папа прывітаў, праехаўшы каля іх на папамабілі.

Фота shropshirestar.com

Мясцовыя католікі з’яўляюцца ў краіне меншасцю, якая складае каля 10% насельніцтва. Гэта пераважна працоўныя мігранты азіяцкага паходжання, большасць з якіх прыбылі ў ААЭ з Індыі і Філіпінаў. Аднак сярод іх прысутнічаюць таксама прадстаўнікі іншых народаў — усяго каля сотні народнасцяў, — якія размаўляюць на розных мовах і моляцца ў розных абрадах, аднак якіх аб’ядноўвае адна вера і адзіная радасць ад сустрэчы са Святым Айцом.

Акрамя католікаў лацінскага абраду, у св. Імшы з Папам узялі ўдзел хрысціяне копты, халдэі, грэка-католікі, грэка-мельхіты, мараніты, сіра-католікі, сіра-малабарцы, сіра-маланкарцы… На цэлебрацыі прысутнічалі таксама каля чатырох тыс. мусульманаў і міністр Талерантнасці ААЭ.

Імша з папам Францішкам стала самай вялікай у гісторыі публічнай хрысціянскай цэлебрацыяй на Аравійскім паўвостраве.

Быць аазісам міру дзякуючы Хрыстовым Благаслаўленням, якія з’яўляюцца «жыццёвай картай», заклікаў Святы Айцец арабскіх хрысціянаў, параўнаўшы іх супольнасць з зялёным дрэвам, якое паглынае забруджанае паветра і аднаўляе кісларод. Пастыр паўсюднага Касцёла паказаў, якога кшталту сведчанне неабходна даваць католікам у Эміратах.

Фота shropshirestar.com

Тут не патрэбныя нейкія незвычайныя акцыі, а варта толькі наследаваць Хрыста з лагоднасцю і любоўю, пра што казаў таксама Францішак Асізскі братам, якія выпраўляліся на місію да сарацынаў, раячы ім не ўступаць у спрэчкі і сваркі. Пры гэтым святы Францішак падкрэсліваў, што хрысціянін узброены толькі сваёй пакорнай верай і канкрэтнай любоўю.

Святы Айцец нагадаў, што кожны хрысціянін пакліканы абараняць мір, пачынаючы з супольнасці, у якой жыве.

«Я прашу для вас ласкі захоўваць мір, адзінства, клапаціцца адно пра аднаго з тым прыгожым братэрствам, для якога няма хрысціянаў першага і другога гатунку.

Езус, які называе вас шчаслівымі, няхай дасць вам ласку заўсёды ісці наперад без страху, узрастаючы ў любові „паміж сабою і да ўсіх“», — сказаў на заканчэнне папа Францішак.

Абноўлена 06.02.2019 15:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.