Пошук

11.03.2022 11:17   Catholic.by

10 сакавіка ў Мінску прайшоў міжрэлігійны семінар «Культура і рэлігія. Дыялог у XXI стагоддзі», у якім у якасці прадстаўніка Каталіцкага Касцёла па даручэнні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ўзяў удзел ксёндз канонік Францішак Рудзь.

Семінар праводзіўся па ініцыятыве Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёганэса Раў, адным з заданняў якога з’яўляецца спрыянне міжкультурнаму і міжканфесійнаму дыялогу.

У межах семінара прадстаўнікі розных канфесій і рэлігій абмеркавалі праблемы фармавання, станаўлення і развіцця культуры міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу ў Беларусі.

З боку прадстаўніка Касцёла асаблівая ўвага была нададзена тэалагічна-філасофскай спадчыне святога Яна Паўла ІІ, які заклікаў да дыялогу і добрасуседства паміж сусветнымі рэлігіямі.

Удзельнікі семінара яшчэ раз сцвердзілі, што тэма дыялогу культур і рэлігій не губляе сваёй актуальнасці. У сваім выступленні ксёндз Францішак Рудзь адзначыў, што сёння Рыма-Каталіцкі Касцёл выступае актыўным партнёрам і гарантам міжканфесійнага супрацоўніцтва. Выразны заклік да такога дыялогу прагучаў ужо ў энцыкліцы Папы Яна XXIII Pacem in terris. Гэты дакумент, абнародаваны ў 1963 годзе, быў адрасаваны вернікам розных веравызнанняў. У ім Папа падкрэсліў неабходнасць узаемадзеяння ўсіх дзяржаў дзеля абароны міру і іншых агульначалавечых каштоўнасцяў.

Яго наступнік Папа Павел VI у энцыкліцы Ecclesiam suam, якая з’явілася ў 1964 годзе, у якасці агульных каштоўнасцяў у гэтым дыялогу назваў мір, справядлівасць, свабоду, прагрэс, культуру.

Другі Ватыканскі сабор пацвердзіў канцэпцыю дыялогу са светам. У Рымскай Курыі — цэнтральным кіраўнічым апараце Касцёла — за міжрэлігійны дыялог ужо больш за паўстагоддзя адказвае створаная Паўлам VI у 1964 годзе Папская рада па міжрэлігійным дыялогу, якая выдае свой часопіс «Pro Dialogo».

Вялікі ўнёсак у гэтую справу следам за сваімі папярэднікамі зрабіў Папа Ян Павел II. Ён выступаў за збліжэнне Каталіцкага Касцёла з іншымі хрысціянскімі супольнасцямі і нехрысціянскімі канфесіямі.

Гэта стала яшчэ адным важным крокам для развіцця дыялогу паміж усімі сусветнымі рэлігіямі.

Папа Францішак таксама звяртае вялікую ўвагу на братэрства як асноўнае вымярэнне дыялогу і адносін паміж прадстаўнікамі розных рэлігій. У энцыкліцы Fratelli tutti, прысвечанай братэрству і сацыяльнаму сяброўству, ён звярнуў увагу на неабходнасць фармавання і падтрымання братэрскіх і сяброўскіх адносін.

У Беларусі, шматканфесійнай краіне, міжрэлігійны дыялог вядзецца па ініцыятыве прадстаўнікоў розных рэлігійных канфесій пры падтрымцы дзяржавы і няўрадавых арганізацый, такіх, як цэнтр Ёганэса Раў. Варта адзначыць, што большасць удзельнікаў семінара ужо на працягу года з’яўляюцца таксама актыўнымі ўдзельнікамі праекта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта «Дыялог культур і рэлігій».

«Падобныя праекты і ўдзел у іх Касцёла ў Беларусі сведчаць аб паспяховым развіцці міжкультурнага і міжканфесійнага дыялогу ў нашай краіне», — лічыць ксёндз Францішак Рудзь.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця