Пошук

20.12.2017 10:28   Catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч перадае ў дар пераклад Святога Пісання епіскапу Маладзечанскаму і Стаўбцоўскаму Паўлу. Фота Віталія Палінеўскага

19 снежня падчас прэзентацыі рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаўся пра неабходнасць міжхрысціянскага пераклада Бібліі.

«Прыйшоў час падумаць і аб міжхрысціянскім перакладзе Бібліі, як гэта ёсць у многіх краінах свету, — адзначыў іерарх. — Святкаванне года Францішка Скарыны і існуючыя шматлікія пераклады Бібліі на беларускую мову з’яўляюцца найлепшым доказам таго, што хрысціянскія канфесіі Беларусі саспелі да такога задання».

Арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў, што

«міжканфесійны пераклад Бібліі стаў бы сведчаннем супольнага клопату пра абвяшчэнне Божага слова і быў бы вельмі карысным з навуковага пункту гледжання развіцця беларускай біблістыкі».

Нагадваючы аб тым, што 15 лістапада Беларуская Праваслаўная Царква прадставіла свой пераклад Новага Запавету на беларускую мову, Мітрапаліт назваў гэта важным знакам часу.

«Гэта знак таго, што нашы Цэрквы-сёстры, зусім не дамаўляючыся аб гэтым, імкнуцца своечасова чытаць знакі часу і ва ўнісон адказваць на іх з мэтай даць нашаму народу Божае слова на зразумелай мове, каб ён яго чытаў і жыў паводле прадстаўленых у ім духоўных прынцыпаў».

«Два пераклады былі завершаны без папярэдняй дамоўленасці, амаль у адзін і той жа час», — адзначыў епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел.

Прэзентаваны ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пераклад Новага Запавету на беларускай мове — першае поўнае рыма-каталіцкае выданне Новага Запавету па-беларуску.

Абноўлена 20.12.2017 11:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця