Пошук

20.12.2017 11:01   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Сярод удзельнікаў прэзентацыі былі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, старшыня беларускага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы — епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел.

Афіцыйны пераклад Новага Запавету на беларускую мову прэзентавалі 19 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Гэта першае поўнае рыма-каталіцкае выданне Новага Запавету па-беларуску.

У межах прэзентацыі адбылася цырымонія ўзнагароджвання ганаровымі граматамі членаў Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ і прадстаўнікоў выдавецтва «Про Хрысто», якія прымалі ўдзел у выданні кнігі.

Пра беларускія пераклады Святога Пісання (1926-2017 гг.) у сваім дакладзе распавяла доктар біблійных навук Марына Пашук — супрацоўніца Секцыі па перакладзе

«І Слова стала кнігай...»

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных, нагадаў, што сёлета споўнілася 500 гадоў з моманту выдання Бібліі Скарынам.

«Першай друкаванай кнігай на ўсходнеславянскіх землях стала кніга не па матэматыцы, фізіцы, гісторыі, геаграфіі, філалогіі, эканоміцы ці медыцыне, але Біблія — адна з крыніц нашай веры», — адзначыў іерарх.

           

Арцыбіскуп прызнаў, што гэты факт з’яўляецца вельмі важным і сутнасным: «Наш славуты зямляк, як усходнеславянскі першадрукар, не імкнуўся да зямной славы і багацця, але выкарыстаў свае веды і атрыманыя ад Бога дары з мэтай падарыць нашаму народу галоўнае — Божае слова на роднай мове».

Поўны тэкст выступлення глядзіце ТУТ››

Паводле Мітрапаліта, Францішак Скарына ўжо пяць стагоддзяў таму разумеў важнасць абвяшчэння Божага слова на роднай для беларусаў мове.

«Дзякуючы гэтаму перакладу мы дазваляем Езусу сёння прамаўляць да нас, як Ён прамаўляў да сваіх суайчыннікаў 2000 гадоў таму», — дадаў арцыбіскуп.

Па словах іерарха, кожная мова развіваецца і ўдасканальваецца, таму перакладам няма і не можа быць канца:

«Пераклад Новага Запавету на беларускую мову, які прэзентуецца сёння, не з’яўляецца першым і не будзе апошнім. Кожная эпоха нясе культурныя змены, якія трэба ўлічваць для лепшага разумення святога тэксту».

На думку Мітрапаліта, «кананізацыя» перакладу не з’яўляецца магчымай:

«Дасканалы толькі Бог, мы ж павінны імкнуцца да дасканаласці. Сёння вядома каля 30 перакладаў на беларускую мову, якія былі здзейснены католікамі, праваслаўнымі і пратэстантамі, духоўнымі асобамі і свецкімі».

Праца над перакладам ішла 15 гадоў. «Прымаючы пад увагу тое, што беларуская касцёльная мова, у тым ліку біблійная, знаходзіцца ў стадыі станаўлення і патрабуе ўдасканальвання, праца перакладчыкаў насіла не толькі і не столькі тэхнічны, колькі, перад усім, творчы характар», — дадаў іерарх.

Мітрапаліт Кандрусевіч выказаў падзяку Секцыі па перакладзе пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, супрацоўнікам выдавецтва «Про Хрысто», а таксама супрацоўнікам і дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі за магчымасць прэзентацыі ў яе сценах.

Абноўлена 20.12.2017 12:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.