Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 19 снежня 2017 г.
Біблія – жывое і дзейснае Божае слова
Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, свету навукі і культуры, браты і сёстры!
1. “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. (…) Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго”, чытаем у Пралогу да Евангелля паводле Яна (Ян 1, 1-5).
Да гэтых натхнёных слоў звяртаецца наш суайчыннік, сучасны беларускі паэт Віктар Шніп. У вершы “Кніга” ён піша: “Напачатку было Слова і Слова стала кнігай, як раніца становіцца днём, як крыніца становіцца ракой”. Сапраўды, уцелаўлёнае Божае Слова – Езус Хрыстус – сталася кнігай, у якой запісана Яго вучэнне.
Яшчэ зусім нядаўна, у часы ганенняў, Біблію цяжка было знайсці са свечкай, а сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, якая адзначае 95-годдзе свайго заснавання, адбываецца прэзентацыя першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове. У ім прадстаўлена Слова, якое было на пачатку і якое стала кнігай жыцця.
Выказваю шчырую падзяку кіраўніцтву і ўсім супрацоўнікам галоўнай бібліятэкі нашай краіны за гэту магчымасць, што з’яўляецца знакам адкрытасці да ўзаемнага супрацоўніцтва ў імя духоўнага дабра нашага народа.
2. Сёлета Беларусь і міжнародная грамадскасць святкуе юбілей 500-годдзя выдання Бібліі Скарыны. Першай друкаванай кнігай на ўсходнеславянскіх землях стала кніга не па матэматыцы, фізіцы, гісторыі, геаграфіі, філалогіі, эканоміцы ці медыцыны, хаця Скарына і быў доктарам медыцыны, але Біблія – адна з крыніц нашай веры разам з Традыцыяй.
Гэты факт з’яўляецца вельмі важным і сутнасным. Наш славуты зямляк, як усходнеславянскі першадрукар, не імкнуўся да зямной славы і багацця, але выкарыстаў свае веды і атрыманыя ад Бога дары з мэтай падарыць нашаму народу самае галоўнае – Божае слова на роднай мове.
Галоўным заданнем Касцёла на сучасным этапе яго развіцця з’яўляецца новая евангелізацыя, гэта азначае абвяшчэнне заўсёды жывога і дзейснага Божага слова (пар. Габр 4, 12) новымі спосабамі і новай, зразумелай для сучаснага чалавека мовай. Аднак ужо пяць стагоддзяў таму гэта вельмі добра зразумеў Францішак Скарына і імгненна адказаў на гэты выклік таго часу – выдаў Біблію на роднай мове нашага народа.
Гэтым самым ён таксама ажыццявіў запавет Езуса Хрыста: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам” (Мц 28, 19-20). Таму пераклад Святога Пісання, якое мы павінны разумець як самае каштоўнае сведчанне пра Бога і пра наша збаўленне, безумоўна, з’яўляецца справай, якую нельга ігнараваць. Дзякуючы гэтаму перакладу мы дазваляем Езусу сёння прамаўляць да нас, як Ён прамаўляў да сваіх суайчыннікаў 2000 гадоў таму.
3. Заданне вучыць усе народы таму, чаму вучыў Збаўца, патрабуе перакладаў на нацыянальныя мовы. Паколькі кожная мова развіваецца і ўдасканальваецца, перакладам няма і не можа быць канца. Таму пераклад Новага Запавету на беларускую мову, які прэзентуецца сёння, не з’яўляецца першым і не будзе апошнім.
Усяго вядома каля 30 перакладаў на беларускую мову, якія былі здзейснены католікамі, праваслаўнымі і пратэстантамі, духоўнымі асобамі і свецкімі. Прыйдзе час, калі будуць новыя пераклады. Кожная эпоха нясе свае культурныя змены, і іх трэба ўлічваць пры перакладзе для лепшага зразумення святога тэксту. Таму “кананізацыя”, калі так мжна выказацца, таго ці іншага перакладу не з’яўляецца магчымай. Дасканалы толькі Бог, мы ж павінны імкнуцца да дасканаласці.
Гэты факт накладвае на перакладчыкаў Святога Пісання вялікую адказнасць, каб яго перакласці на зразумелую сучаснаму чалавеку мову і пры гэтым не страціць сэнсу Божага слова, якое перадаецца.
У сувязі з гэтым трэба выказаць падзяку Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за яе адданую і ахвярную працу.
Пераклад, які прэзентуецца сёння, быў здзейснены за 15 гадоў. Прымаючы пад увагу тое, што беларуская касцёльная мова, у тым ліку біблійная, знаходзіцца ў стадыі станаўлення і патрабуе ўдасканальвання, праца перакладчыкаў насіла не толькі і не столькі тэхнічны, колькі, перад усім, творчы характар.
Нельга ўявіць сабе адраджэнне і дзейнасць Касцёла без выдавецтва “Про Хрысто”, якое з 2000 года выдае каталіцкую літаратуру. Шчыра дзякую выдавецтву за выданне і гэтай Кнігі жыцця.
4. Свет убачыла вельмі патрэбная для пастырскай працы, і асабліва для евангелізацыі, кніга Новага Запавету. Але затрымлівацца на паўдарозе нельга. Ужо сёння неабходна думаць пра пераклад Старога Запавету, каб наш народ меў усё Святое Пісанне на роднай мове.
Гэта новае заданне, якое стаіць перад Касцёлам і перад Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла.
Прыйшоў таксама час, каб падумаць і аб міжхрысціянскім перакладзе Бібліі, як гэта ёсць у многіх краінах свету. Заклікае нас да гэтага Скарына, які нас аб’ядноўвае. Святкаванне Года Францішка Скарыны і існуючыя шматлікія пераклады Бібліі на беларускую мову з’яўляюцца найлепшым доказам таго, што хрысціянскія канфесіі Беларусі саспелі да такога задання.
Нават калі кожная канфесія ў пастырскай працы выкарыстоўвае свой пераклад, але міжканфесійны стаў бы сведчаннем нашага супольнага клопату пра абвяшчэнне Божага слова і быў бы вельмі карысным з навуковага пункту гледжання развіцця беларускай біблістыкі.
5. Выдаючы Біблію, Касцёл не толькі заспакойвае свае пастырскія патрэбы, але таксама спрыяе развіццю беларускай культуры, бо ўзбагачае яе біблійнымі тэкстамі і новай біблійнай тэрміналогіяй.
Езус абвяшчаў не Евангелле паводле Мацвея, Марка, Лукі ці Яна, але Евангелле Божага Валадарства. Ён казаў, што “споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15). Божае Валадарства – гэта сутнасць Евангелля, якое абвяшчаў Хрыстус. Яно нясе ў сабе сілу дзеяння Святога Духа, які абуджае і ўмацоўвае веру.
Гэта ўсё нагадвае пра тое, што не літара Святога Пісання, але змешчаная ў ёй Добрая Навіна з’яўляецца тым, чаму трэба вучыць людзей. Таму сэнс Бібліі крыецца ў перадачы Добрай Навіны, якую абвяшчаў Езус праз літару Святога Пісання.
5. 15 лістапада г.г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі мела месца прэзентацыя праваслаўнага выдання Новага Запавету. Сёння адбываецца прэзентацыя рыма-каталіцкага. Гэта знак таго, што нашы Цэрквы-сёстры, зусім не дамаўляючыся аб гэтым, імкнуцца своечасова чытаць знакі часу і ва ўнісон адказваць на іх з мэтай даць нашаму народу Божае слова на зразумелай мове, каб ён яго чытаў і жыў паводле прадстаўленых у ім духоўных прынцыпаў.
Без новага адкрыцця багацця Евангелля ў адпаведнасці з выклікамі часу нельга гаварыць аб духоўным адраджэнні ў поўным гэтага слова значэнні. Не дастаткова толькі схадзіць да ўрача, атрымаць ад яго рэцэпт і купіць лекі, іх трэба яшчэ прымаць, калі хочам выздаравець. Падобна ёсць і з Бібліяй: недастаткова яе набыць і пакласці на паліцу, яе трэба вывучаць, каб ведаць як жыць.
Упэўнены, што выданне Новага Запавету на сучаснай беларускай мове будзе не толькі мець пазітыўны ўплыў на рэлігійнае жыццё нашага народа, але таксама спрыяць яго культурнаму развіццю.
6. Як Францішак Скарына сваёй дзейнасцю і перакладам Бібліі стаўся еўрапейцам свайго часу, таксама пераклад Новага Запавету на беларускую мову яшчэ мацней духоўна яднае Беларусь з Еўропай і ўсім светам, бо ён арганічна ўліваецца ў прыблізна 3200 поўных ці частковых перакладаў Бібліі на нацыянальныя мовы і гэтым самым уключае нашу краіну ў сусветную супольнасць хрысціянства розных народаў.
Свет змяняецца, але нязменнай застаецца патрэба чалавека ў духоўным развіцці і праслаўленні Бога на яго роднай мове. Пераклады Святога Пісання на нацыянальныя мовы якраз і пакліканыя дапамагчы ў гэтым працэсе, каб Біблія, як жывое і дзейснае Божае слова (пар. Габр 4, 12), была даступнай і зразумелай кожнаму чалавеку.
Няхай гэты каштоўны дар, якім з’яўляецца першае поўнае афіцыйнае рыма-каталіцкае выданне на беларускай мове Новага Запавету стане яшчэ адным сведчаннем ажыццяўлення слоў Хрыста, што Евангелле Божага Валадарства сапраўды абвяшчаецца па ўсім свеце і ўсім народам (пар. Мц 24, 14), у тым ліку і беларусам, каб мы, як славянская нацыя, былі людзьмі вечна жывога і дзейснага (пар. Габр 4, 12) Божага слова.
Карыстаючыся нагодай, звяртаюся да ўладаў нашай краіны з прапановай, каб Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая так шмат учыніла для годнага святкавання юбілею 500-годдзя выдання Бібліі Францішка Скарыны, насіла імя нашага першадрукара.
Дзякую за ўвагу.