Пошук


26 кастрычніка ў Свіры прайшла пастырская сустрэча для святароў і кансэкраваных асобаў, якія працуюць у Мінскай вобласці.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў святую Імшу, назваў літургічныя тэксты гэтага дня «чытаннямі парадоксаў»: святы Павел называе сябе нявольнікам, але пры гэтым не прадстаўляе Бога як рабаўладальніка; Хрыстус жа прыйшоў устанавіць не мір, а падзел, але пры гэтым сцвярджае, што мір — гэта Ягоны дар.

«Вучэнне св. Паўла канцэнтруецца на Божай любові да чалавека, любові, якая выходзіць за межы чалавечай логікі. Нярэдка нам цяжка патлумачыць любоў аднаго чалавека да іншага, — сказаў Мітрапаліт. — Святая Джанна Бэрэтта Молла без ваганняў аддала сваё жыццё, каб яе дзіця нарадзілася. Мне давялося спаткацца з яе дачкою, цяпер ужо дарослай жанчынай. Яна з вялікім хваляваннем апавядала пра сваю маму, якая коштам свайго жыцця захавала яе жыццё. Якая любоў кіравала ёй? Ці можна патлумачыць гэта чалавечымі словамі? Напэўна, не».

   

Святы Павел, называючы сябе нявольнікам Бога, хоча падкрэсліць, што «гатовы ўчыніць для Бога ўсё». «Але гэта не рабства страчанай годнасці ці страху, гэта рабства, якое вызваляе і чыніць нас свабоднымі, — дадаў іерарх. — Рызыкуючы дзеля Хрыста, мы адчуваем новы ўзровень любові».

«Евангелле паказвае залежнасць Езуса ад любові да свайго нябеснага Айца, бо Езус прыйшоў выканаць Ягоную волю. У выкананні гэтай волі праяўлялася Яго любоў да Айца, — працягваў арцыпастыр. — У выніку, апагей любові да Нябеснага Айца стаў апагеем любові да чалавека».

Мітрапаліт нагадаў святарам і кансэкраваным асобам пра іх пакліканне любіць Бога, Касцёл і чалавека: «У гэтым сэнсе мы павінны стаць іх нявольнікамі».

З нагоды Місійнага тыдня, які ў гэтыя дні перажывае Касцёл, арцыпастыр нагадаў пра місіі Ad gentes, якія заключаюцца ў абвяшчэнні Божага слова тым народам, якія ніколі не чулі пра Евангелле. Пры гэтым іерарх падкрэсліў, што «наш кантынент становіцца на шлях постхрысціянства» і патрабуе руплівых святароў.

«Святы Ян Павел II казаў, што місіі з’яўляюцца справай веры і любові Бога, — нагадаў іерарх. — Будзем жа нявольнікамі Хрыста, каб любіць народ, да якога мы пасланы, і ажыццяўляць справы збаўлення Хрыста».

Падчас арганізацыйнай часткі сустрэчы арцыбіскуп нагадаў пра бліжэйшыя мерапрыемствы ў архідыяцэзіі:

Арцыпастыр заклікаў святароў паклапаціцца пра споведзь вернікаў і асвячэнне магіл у актаве малітвы за памерлых. Таксама іерарх нагадаў пра неабходнасць арганізацыі фацімскіх набажэнстваў у першыя суботы месяца ў кожнай парафіі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.