Пошук


Урачыстае адкрыццё і благаслаўленне новага будынка Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь прайшло 4 кастрычніка ў Мінску на пр. Незалежнасці, 46д.

Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел намеснік Дзяржсакратара Папы Рымскага арцыбіскуп Джавані Анджэло Бэччу і міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Сярод гасцей былі паслы шматлікіх краін і супрацоўнікі дыпламатычных місій, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Уладзімір Гуляка, біскупы Беларусі, прадстаўнікі іншых канфесій і рэлігій, настаяцелі і прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў у Беларусі.

Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, выступаючы перад прысутнымі з прывітальным словам, назваў адкрыццё новай нунцыятуры падзеяй, дзе сустракаюцца мінулае, сучаснасць і будучыня.

Адкрыццё будынка нунцыятуры супала з 25-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Ватыканам і Беларуссю.

Гісторыя дыпламатычных адносін Святога Пасаду і Рэспублікі Беларусь (даклад кс. Віктара Гайдукевіча SDB) >>>

«За 25 гадоў мы мелі магчымасць перажыць шмат сапраўды плённых падзей. За гэты час шмат рэчаў змянілася ў свеце і Беларусі, але мэта нашага супрацоўніцтва засталася нязменнай — мы і далей жадаем супольна працаваць на карысць агульнага дабра, каб гэты свет станавіўся найлепшым месцам для кожнага чалавека», — сказаў іерарх.

    

Старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй прамове назваў падзею 25-гадовай даўніны «вельмі вялікім гістарычным крокам тых часоў».

Беларускі іерарх падкрэсліў, што будынак нунцыятуры — гэта ў першую чаргу дом Папы Рымскага.

«Наш народ чакае і не можа дачакацца візіту Святога Айца. Перад гэтым у яго не было свайго дома ў Беларусі, але з сённяшняга дня ён існуе. І мы спадзяёмся, што Папа яго наведае, бо наша краіна з яе багатай і адначасова трагічнай гісторыяй, добрымі і канструктыўнымі адносінамі з рознымі веравызнаннямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, і дзяржавай гэтага заслугоўвае», — адзначыў арцыбіскуп.

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей зазначыў, што Беларусь разглядае Ватыкан як «вельмі важнага партнёра» з пункту гледжання развіцця адносін з іншымі краінамі і рознымі міжнароднымі арганізацыямі.

«Нас збліжаюць практычна аднолькавыя падыходы да тых пытанняў, якія сёння турбуюць увесь сусвет — гэта пытанні захавання міру, бяспекі, сацыяльнай справядлівасці, традыцыйных каштоўнасцяў», — сказаў палітык.

Міністр выказаў падзяку Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі за «ўзважаны падыход да захавання міжканфесійнай згоды ў Беларусі» і «за імкненне вырашаць магчымыя пытанні шляхам дыялогу, для якога характэрны ўзаемная павага і паразуменне».

Уладзімір Макей пажадаў Апостальскаму Нунцыю і яго супрацоўнікам плёну ў служэнні ў Беларусі.

Намеснік Дзяржаўнага Сакратара Папы Рымскага арцыбіскуп Джавані Анджэло Бэччу зазначыў, што новая сядзіба нунцыятуры — «ясны знак вялікай любові, якую Папа Францішак мае да Беларусі».

«Я прыношу глыбокую падзяку Святога Айца католікам гэтай краіны за нястомную адданасць службе на карысць людзей», — падкрэсліў ватыканскі іерарх.

Арцыбіскуп выказаў падзяку Святога Айца дзяржаўным і рэлігійным уладам Беларусі, а таксама тым, «хто служыць высакароднай дыпламатычнай місіі», за ўсе «добрыя намаганні, якія садзейнічаюць мірнаму суіснаванню, устойліваму развіццю і больш плённай інтэграцыі паміж людзьмі і кампанентамі грамадства».

Арцыбіскуп Бэччу дадаў, што сакральнае ўбранства ў новаадкрытай нунцыятуры зроблена з бліскучага і паліраванага камня чырвона-рубінавага колеру, «каб паказаць сувязь паміж ахвярамі, перажытымі беларусамі з любоўю і гераізмам, і крывёю Хрыста, пралітай на крыжы, вобраз якога адлюстраваны на знешняй сцяне будынка пры галоўным уваходзе».

Прамова арцыбіскупа Бэччу цалкам››

У завяршэнне прамовы ватыканскі іерарх дадаў, што пакідае пажаданне Святога Айца: «Каб усе вы заўсёды маглі знайсці ў гэтым месцы працягнутую руку і дружалюбную прысутнасць».

Арцыбіскуп Габар Пінтэр выказаў спадзяванне, што падзея паспрыяе таму, што ў недалёкай будучыні «сапраўдны гаспадар гэтага дома — Святы Айцец — зможа наведаць Беларусь і асабіста адчуе гасціннасць гэтага краю».

«Добрае сяброўства мацней за каменныя сцены. Няхай сцены гэтай Апостальскай нунцыятуры заўсёды будуць выразным знакам сяброўства і добрых адносін», — заключыў напрыканцы арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Абноўлена 08.10.2017 16:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.