Пошук

05.10.2017 12:08   Catholic.by

Намеснік Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы Францішка Джавані Анджэло Бэччу на інаўгурацыі новага будынка Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь выступіў з прамовай. Змяшчаем тэкст прамовы цалкам:

«Спадар міністр, паважаныя прадстаўнікі дзяржаўнай ўлады, Ваша Высокапраасвяшчэнства Мітрапаліт Павел, паважаныя члены дыпламатычнага корпуса, акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь, паважаныя Эксцэленцыі — каталіцкія біскупы, дарагія святары, кансэкраваныя асобы і вернікі, глыбокапаважаныя прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і іншых канфесій і рэлігій, шаноўныя спадарыні і спадары, я дзякую Апостальскаму Нунцыю і яго супрацоўнікам за шчодрыя намаганні і ахвярную працу, накіраваныя на завяршэнне будаўніцтва гэтай сядзібы, распачатыя папярэднім Апостальскім Нунцыям, якому таксама выказваю маю падзяку. Я вельмі рады быць сярод вас, перш за ўсё, каб перадаць вам сардэчнае прывітанне і благаслаўленне Папы Францішка.

Сённяшняя інаўгурацыя, якая праходзіць у пяты год Яго Пантыфікату і ў дзень, калі Каталіцкі Касцёл успамінае святога Францішка Асізскага, імя якога Папа выбраў для сябе, на мой погляд, з’яўляецца найлепшым знакам, каб адсвяткаваць 25-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь, якія адзначаем у гэтым годзе.

Як дыпламаты Святога Пасада, мы ніколі не адчуваем сябе іншаземцамі ў якім-небудзь народзе. Гэта не толькі таму, што ў многіх краінах, як і тут, ад вякоў ёсць моцная прысутнасць мясцовых католікаў, але і па прычыне таго, калі паглядзець на справу больш глыбока, што кожны народ аднолькава выбраны тым Богам, для якога мы выконваем нашу місію. І таму, з вялікай павагай, мы лічым яго «нашым».

Я хацеў бы працытаваць яшчэ аднаго Францішка, вялікага Скарыну, у год, калі мы адзначаем 500-годдзе выдання першай кнігі на беларускай мове —кнігі Псальмаў у яго рэдакцыі. Ён пісаў, што, як усе жывыя істоты ў прыродзе добра ведаюць месцы, дзе яны жывуць, «так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць.» (Ф. Скарына, Уводзіны да Кнігі Юдыт). Новая сядзіба, якую сёння ўрачыста адчыняем, як пастаянную прысутнасць на гэтай зямлі, і сярод гэтага народу, няхай будзе ясным знакам вялікай любові, якую Папа Францішак мае да Беларусі.

Некаторыя асаблівасці гэтай сядзібы, якая ў той жа час з'яўляецца домам для дыпламатычнага персаналу і супольнасці сясцёр, якія тут працуюць, яскрава прадстаўляюць тое, пра што я ўзгадваў. Гэты будынак пажадаў быць адным цэлым з гэтай зямлёй праз сціплую і простую структуру. Мы гаворым пра дом, размешчаны паміж іншымі дамамі, у самым цэнтры горада Мінска, і мы вельмі ўдзячныя за такую магчымасць. Тут, побач з адміністрацыйнымі і культавымі будынкамі, узнікаюць месцы, важныя для гістарычнай памяці, а таксама цэнтры культуры і навукі; гэта тыя сектары, якім будзе ўдзяляцца найбольшая ўвага, з позіркам, накіраваным на многіх перспектыўных маладых людзей гэтай краіны.

Гэта праяўленне той ўвагі і клопату, якія Каталіцкі Касцёл хоча працягваць прапаноўваць, супрацоўнічаючы на карысць і развіццё гэтага любага народа і яго краіны. Я прыношу глыбокую падзяку Святога Айца католікам гэтай краіны за нястомную адданасць службе на карысць людзей, заахвочваючы іх працягваць ісці па шляху штодзённага суправаджэння асобаў, з сапраўднай любоўю да гэтай зямлі і прапагандуючы адносіны адзінства ва ўсіх накірунках, пра што Папа Францішак не стамляецца нагадваць, пачынаючы ад найбольш патрабуючых матэрыяльна і духоўна, ад маладога пакалення, добрае выхаванне якога мае вельмі важнае значэнне.

Паказальна з гэтага пункту гледжання, што на мінулым тыдні кіраўнікі Радаў Канферэнцый Біскупаў Еўропы, якія ўпершыню перажывалі сваё пленарнае паседжанне ў Мінску, і, — пасля таго, як былі прыняты Прэзідэнтам Рэспублікі, які, сярод іншага, падкрэсліў важнасць развіцця рэлігійнай адукацыі, каб садзейнічаць гармоніі і міру — разважалі менавіта над пытаннямі моладзі і Еўропы, падзяляючы гэтыя вялікія выклікі з вернікамі гэтай краіны.

У мінулым на гэтай зямлі, разам з нашымі братамі і сёстрамі праваслаўнымі і з іншых веравызнанняў, былі перажытыя  пераслед і вялікія пакуты ў імя Бога.

У імя таго ж самага Бога, асабліва ў наш час, Касцёл адчувае тэрміновы прызыў зрабіць свой уклад у будучыню еднасці, будуючы масты братэрства і супакою.

Гэты дом, які наўмысна ахвяруе для сустрэч прасторныя памяшканні, імкнецца быць знакам і прыладай дыялогу. Так, трывалыя падзелы і ўпартыя канфлікты, якія перашкаджаюць сапраўднаму пошуку дыялогу, балюча раняць само імя Бога, Бога супакою, чыё імя — Любоў (пар 1 Ян 4,8).  Такім чынам, таксама тут, Святы Пасад не можа не пацвердзіць сваё рашэнне стрымана і мэтанакіравана падтрымліваць культуру сустрэчы. Без яе сама дыпламатыя аказваецца марнай. Сапраўды, калі  карыслівыя матывы і інтарэсы часткі перашкаджаюць адкрытасці паміж народамі і дзяржавамі, падвышаючы, а не паніжаючы бар'еры, якія выклікаюць ізаляцыю і маргіналізацыю, дыпламатыя заяўляе аб сваёй паразе. Таму што яна па сваёй прыродзе павінна нястомна шукаць паразуменне, дыялог і рашэнні ад імя і на карысць рэальных людзей, прадбачліва ўглядаючыся ў будучыню народаў.

Папа Францішак не перастае падкрэсліваць важнасць і актуальнасць культуры сустрэчы таксама для Еўропы. Напрыклад, падчас атрымання прэміі Карла Вялікага ён падкрэсліваў, што менавіта праз сустрэчу і ўзаемную інтэграцыю «супольнасць еўрапейскіх народаў зможа пераадолець спакусу канцэнтравацца на аднабаковых парадыгмах і займацца “ідэалагічнымі каланізацыямі”; хутчэй адкрые для сябе шырату еўрапейскай душы, народжанай ад сустрэчы цывілізацый і народаў, шырэйшай, чым цяперашнія межы Еўрасаюза, і пакліканай стаць новай мадэллю сінтэза і дыялогу. Твар Еўропы на самай справе пазнаецца не праз супрацьстаянні ў адносінах да іншых, а праз выціснутыя на ім рысы розных культур і праз прыгажосць перамогі над закрытасцю»”. (Прамова падчас ўручэння прэміі Карла Вялікага, 6 мая, 2016).

Беларусь — гэта важная частка Еўрапейскай душы, якая, як спадзяемся, ўсё больш зможа даць свой уклад, уносячы каштоўныя і, часта нябачныя, скарбы свайго народа, у тым ліку — важнасць сям'і і сціплага і працавітага жыцця, заснаванага на годнай элегантнасці умення задавольвацца без прэтэнзій; штодзённая мужнасць і цярплівая самаадданасць, цудоўна засведчаныя многімі маці і бабулямі; здольнасць зніжаць напружанасць мірным шляхам, з сапраўднай пакорай тых, хто ўмее зрабіць крок назад, таму што глыбока шануе іншага.

Тым не менш, не можна забываць, што Беларусь нясе на сваім целе мноства  шрамаў ад многіх раненняў, а ў памяці — балючыя ўспаміны пра вайну і трагічныя падзеі:  як тут не ўспомніць жудаснае знішчэнне габрэйскага народа, частыя шматгадовыя зняволенні і страшныя падзеі, калі, як сведчыць мясцовы пісьменнік, «суцяшэннем былі духоўныя магчымасці», схаваныя ў чалавечай душы (В. Быкаў “Сотнікаў”, VIII).

Такім чынам, у цэнтральным месцы гэтага дома, прысвечаным для малітвы, сакральнае ўбранства зроблена з бліскучага і паліраванага камня чырвона-рубінавага колера, каб паказаць сувязь паміж ахвярамі, перажытымі беларусамі з любоўю і гераізмам, і крывёю Хрыста, пралітай на крыжы, вобраз якога адлюстраваны на знешняй сцяне будынка пры галоўным ўваходзе.

Спадар міністр, дарагія сябры, сталая прысутнасць Святога Пасада на беларускай зямлі не з’яўляецца самамэтай, але выражае гарантыю яго намаганняў, каб клопат і прамаванне годнасці, свабоды і правоў гэтага народа і кожнага чалавека прыносілі карысць, тут і за яе межамі. У сувязі з гэтым, нават у гэты святочны вечар, мы не можам не думаць пра падзеі, якія раздзіраюць суседнюю Украіну, усё больш упэўненыя ў нашым абавязку не ўстрымлівацца ад любых шчырых намаганняў, накіраваных на першаснае дабро — стабільны і трывалы супакой.

Я выказваю падзяку Святога Айца дзяржаўным і рэлігійным Уладам гэтай краіны, як і тым, хто служыць высакароднай дыпламатычнай місіі, за ўсе добрыя намаганні, якія садзейнічаюць мірнаму суіснаванню, ўстойліваму развіццю і больш плённай інтэграцыі паміж людзьмі і кампанентамі грамадства. Гэта — абавязак тых, хто мае адказнасць у адносінах да іншых:
дзейнічаць у духу бескарыслівага служэння, накіраванага на рэальнае дабро канкрэтных людзей.

Завяршаючы, пакідаю вам пажаданне Святога Айца: каб усе вы заўсёды маглі знайсці ў гэтым месцы працягнутую руку і дружалюбную прысутнасць, якая не мае ніякага іншага прагнення, як толькі садзейнічаць агульнаму дабру і правільнаму выкарыстанню талентаў, якія кожнаму Божы Провід раздаў на служэнне асобам і народам. Дзякуй».

Абноўлена 05.10.2017 12:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця