Пошук

22.07.2025 00:50   Catholic.by
Мансеньёр Кшыштаф Сэрока. Фота Міколы Новікава

22 ліпеня мансеньёр Кшыштаф Сэрока, Сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі, які да нядаўняга часу выконваў функцыю Часовага паверанага ў справах Святога Пасаду, святкуе сваё 40-годдзе. З гэтай нагоды Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, павіншаваў прадстаўніка Святога Айца ў нашай краіне з юбілеем.

Глыбокапаважаны мансеньёр Кшыштаф Сэрока!

Дазвольце ў сённяшні дзень звярнуцца да Вас словам «Юбіляр», бо сёння Вы дзякуеце Богу і бацькам за 40-годдзе дару жыцця.

З Божага Провіду і любові Вашых бацькоў Вы нарадзіліся ў мястэчку Бяла-Піска, якое знаходзіцца непадалёку ад горада Элка ў Польшчы. Вашыя тата і мама здаўна былі членамі супольнасці «Хатні Касцёл», і менавіта ў Вашым доме і ў Вашай сям'і — Вашым «Хатнім Касцёле» — нарадзілася Вашае святарскае пакліканне. Пасля заканчэння сярэдняй школы Вы, адказваючы ў сэрцы на голас Хрыста, які кліча, паступілі ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Элку.

Ці думалі Вы 29 мая 2010 года, у дзень удзялення Вам у элцкай катэдры святарскага пасвячэння біскупам Ежы Мазурам SVD, які раней нёс служэнне на тэрыторыі Беларусі, што Божы Провід скіруе таксама Вас на служэнне ў нашу сінявокую краіну?

Сённяшні дзень папярэдзіла вучоба ў Папскім універсітэце Святога Крыжа, а затым і падрыхтоўка да дыпламатычнага служэння праз вывучэнне кананічнага права ў Папскім Латэранскім універсітэце і ў Папскай касцёльнай акадэміі ў Рыме.

Вы набылі бясцэнны досвед падчас служэння на Вашай першай дыпламатычнай пляцоўцы ў афрыканскай Угандзе, а з 2023 года Вы з'яўляецеся Сакратаром Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі, пэўны час займаючы пасаду Часовага паверанага ў справах Святога Пасаду ў нашай краіне.

Прыкладам жыцця для Вас з самых ранніх гадоў быў Ваш зямляк, святы Папа-славянін Ян Павел ІІ. Вы, ведучы актыўны лад жыцця, падобна як некалі Караль Вайтыла — будучы святы Папа, — неаднаразова арганізавалі для моладзі, даверанай Вашай душпастырскай апецы, сплавы на байдарках, заахвочваючы іх да актыўнага крочання шляхам святасці.

Папа Леў XIV падчас сёлетняй сустрэчы са святарамі з Папскай дыпламатычнай акадэміі, выпускніком якой Вы таксама з'яўляецеся, прамовіў наступныя словы: «Я... заклікаю вас карыстацца дарам святарства з пакорай і лагоднасцю, са здольнасцю слухаць і быць блізкімі, як верныя і нястомныя вучні Хрыста Добрага Пастыра».

Глыбокапаважаны мансеньёр Кшыштаф! Віншуем Вас з 40-гадовым юбілеем. Жадаем Вам Божага благаслаўлення, апекі Маці Божай Будслаўскай, заступніцтва святога Крыштафа і святога Раймунда Пеньяфорцкага, заступніка Вашай прафесійнай дыпламатычнай штодзённасці, ad plurimos annos — на доўгія гады.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск, 22 ліпеня 2025 г.

Абноўлена 22.07.2025 17:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.