З нагоды прызначэння ў аддзел па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага сакратарыята ў Ватыкане мансеньёра Кшыштафа Сэрокі Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе словы падзякі касцёльнаму дыпламату за яго трохгадовае служэнне ў якасці Сакратара Апостальскай нунцыятуры і Часовага паверанага ў справах Апостальскай Сталіцы.
Мансеньёр
Ксёндз доктар Кшыштаф Сэрока
Сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі
Глыбокапаважаны мансеньёр Кшыштаф Сэрока!
У сувязі з прызначэннем Вас да працы ў Ватыканскі Дзяржаўны сакратарыят, у аддзел па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, прагну выказаць словы падзякі за Вашу працу на пасадзе Сакратара Апостальскай нунцыятуры ў Мінску, а таксама Часовага паверанага ў справах Апостальскай Сталіцы, на працягу апошніх трох гадоў.
Кірую ў Ваш адрас асаблівую падзяку за Вашыя намаганні і працу дзеля захавання міру і салідарнасці, праўды і дабра ў нашым народзе. Гэту падзяку выказваю ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, духавенства, манаскіх асоб, вернікаў і людзей добрай волі.
Дыпламатычная служба складаецца з абавязкаў міжнароднага значэння, некаторыя з якіх былі для Вас звычайнымі, а некаторыя — надзвычайнымі.
Вы, глыбокапаважаны мансеньёр Кшыштаф, дзяліліся з намі багатым скарбам душпастырскага і дыпламатычнага вопыту працы: на Вашым рахунку душпастырская праца ў парафіі святога Казіміра Каралевіча ў Гіжыцку (Польшча), навучанне ў Рыме ў Папскім універсітэце Святога Крыжа, Папскім Латэранскім універсітэце і ў Папскай касцёльнай акадэміі, служба ў Апостальскай нунцыятуры ва Угандзе, а цяпер Вашым месцам працы стане Ватыканскі Дзяржаўны сакратарыят.
Вы актыўна ўдзельнічалі ў жыцці лакальнага Касцёла, наведвалі вялікую колькасць парафій і ўзначальвалі цэлебрацыі. У вашых гаміліях пераважае дабрыня, глыбокая вера, практычны падыход да патрабаванняў Евангелля на сённяшні дзень. Ваш руплівае душпастырскае служэнне вернікам, якія ў літургіі карыстаюцца англійскай мовай, паслуга ў душпастырстве моладзі, актыўны ўдзел па закліку свайго маладога сэрца ў спартыўных мерапрыемствах, арганізаваных Касцёлам, пакінулі выразны след у сэрцах вернікаў.
Вы заўсёды былі адкрытымі на падтрымку, трапную параду і дапамогу тым, хто да Вас звяртаўся. А Ваша гасціннасць і добразычлівасць назаўсёды запісалася ў памяці тых, каго Вы запрашалі да сябе ў якасці госця.
Каталіцкі Касцёл у Беларусі дзякуе Вам за Вашае служэнне на нашай Бацькаўшчыне і ад усяго сэрца жадае, каб Ваша новая місія ў Сакратарыяце Апостальскай Сталіцы прыносіла шчодры плён працы дзеля збаўлення чалавека, што з’яўляецца ў Касцёле вярхоўным законам.
Запэўніваем Вас аб нашай малітве перад тронам Маці Божай Будслаўскай, Каралевы Беларусі, у Нацыянальным санктуарыі.
Няхай святы Крыштаф, Ваш нябесны заступнік і апякун вандроўнікаў, апякуецца Вамі на «дарогах» вашага вандравання і духоўна падтрымлівае на новым месцы служэння.
З удзячнасцю і малітвай
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск, 22 ліпеня 2026 г.







