Пошук

28.11.2022 11:04   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

27 лістапада, у Першую нядзелю Адвэнту, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь Антэ Ёзіч у капліцы Апостальскай нунцыятуры ў Мінску цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі аб супакоі для душы памерлага Уладзіміра Макея.

Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей напярэдадні раптоўна пайшоў з жыцця ва ўзросце 64-х гадоў.

У пятніцу 25 лістапада, у свой апошні працоўны дзень, ён сустрэўся з нунцыем Ёзічам.

Як паведаміў сайт Міністэрства замежных спраў mfa.gov.by, асноўнымі тэмамі гэтай гутаркі сталі 30-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам, узаемадзеянне Ватыкана і Мінска, а таксама актуальнае становішча Рыма-Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

Апошні афіцыйны здымак. Фота mfa.gov.by

Варта адзначыць, што сустрэчы прадстаўніка Папы Францішка ў Беларусі з міністрам Макеем адбываліся рэгулярна. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства заўсёды быў адкрытым для кантактаў і прыкладаў вялікія асабістыя намаганні для падтрымання традыцыйна добрых адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам.

Арцыбіскуп Ёзіч у малітве даручае душу спачылага Уладзіміра Макея Божай Міласэрнасці і выказвае спачуванні яго родным, блізкім і калегам, молячыся аб суцяшэнні для іх у гэтую цяжкую хвіліну расстання.

За памерлага міністра падчас ранішняй святой Імшы ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі, якая транслявалася на радыё, маліўся таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч возьме ўдзел у развітанні і пахаванні спачылага Уладзіміра Макея, якое адбудзецца ў аўторак.

Абноўлена 28.11.2022 11:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа