Пошук

29.11.2022 13:06   Catholic.by

26 лістапада арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці скіраваў з Лондана ліст паслу Беларусі пры Святым Пасадзе, Першаму намесніку Міністра замежных спраў Сяргею Алейніку, у якім выказаў свае спачуванні з прычыны раптоўнай смерці міністра Уладзіміра Макея.

Арцыбіскуп Гуджэроцці, якога Папа Францішак нядаўна менаваў Прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў і які цяпер завяршае сваю місію ў якасці Апостальскага нунцыя ў Вялікабрытаніі, з 2011 па 2015 год быў прадстаўніком Святога Пасаду ў Беларусі. У сваім лісце высокі ватыканскі іерарх, у прыватнасці, піша пра свой досвед супрацоўніцтва са спачылым міністрам Макеем.

«Магу засведчыць, што падчас маёй дзейнасці ў мінулыя гады ў вашай краіне, а таксама пазней, падчас яшчэ адной місіі, даручанай мне Святым Айцом, спадар Макей адыграў вырашальную ролю для дыялогу паміж Святым Пасадам і мясцовымі католікамі з аднаго боку і беларускімі дзяржаўнымі уладамі з другога. Менавіта дзякуючы пасрэдніцтву спачылага Міністра замежных спраў былі таксама рэалізаваныя важныя гуманітарныя ініцыятывы», — напісаў арцыбіскуп Гуджэроцці.

Ватыканскі дыпламат таксама адзначыў прафесійныя якасці Уладзіміра Макея і даў высокую ацэнку стылю яго працы на важнай дзяржаўнай пасадзе.

«Я заўсёды знаходзіў у ім жывую гатоўнасць падтрымліваць адкрытымі каналы камунікацыі і весці пошук прымальнага пасрэдніцтва нават тады, калі пазіцыі былі адрознымі. Магу засведчыць і пра тое, што такі яго падыход з удзячнасцю адзначалі таксама многія іншыя дыпламаты, у самых разнастайных заданнях», — заўважыў іерарх.

У сваім лісце арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці выказаў глыбокія спачуванні родным, супрацоўнікам і ўсім блізкім асобам спачылага Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, запэўніўшы ў сваёй малітве аб супакоі для яго душы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця