Пошук

21.11.2022 17:17   Catholic.by
Фота Аляксандры Белавокай

Папа Францішак прызначыў Прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, які змяніў на гэтай пасадзе кардынала Ланардо Сандры ў сувязі з дасягненнем ім пенсійнага ўзросту.

Пра прызначэнне паведаміла 21 лістапада прэс-служба Святога Пасаду.

67-гадовы арцыбіскуп Гуджэроцці добра вядомы беларускім вернікам, паколькі з 2011 па 2015 год быў Апостальскім нунцыем у нашай краіне.

Італьянская рэдакцыя парталу Vatican News падае кароткую біяграфію новага Прэфекта.

Клаўдыё Гуджэроцці нарадзіўся ў Вероне ў 1955 годзе, уступіў у Пабожнае таварыства ксяндза Ніколы Мацца і ў 1982 годзе атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. У Венецыянскім універсітэце Ca’ Foscari атрымаў адукацыю ў галіне ўсходніх моў і літаратуры, ступень ліцэнцыята па літургіцы ў Папскім літургічным інстытуце святога Анзэльма, а таксама ступень доктара ўсходняй тэалогіі у Папскім усходнім інстытуце.

У якасці прафесара выкладаў ва ўніверсітэтах Венецыі, Падуі і Рыма, а таксама ў Грыгарыянскім універсітэце і Папскім усходнім інстытуце.

Менавіта з Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, якая была папярэдніцай цяперашняй Дыкастэрыі, у 1985 годзе распачалося служэнне монсіньёра Гуджэроцці Святому Пасаду.

У 1997 годзе ён быў прызначаны намеснікам сакратара гэтай Кангрэгацыі. Ён таксама быў кансультантам Службы папскіх літургічных цэлебрацый з 1990 па 2001 год, калі ў снежні быў менаваны тытулярным арцыбіскупам Равэла і ў 2002 годзе прыняў біскупскае пасвячэнне з рук Папы Яна Паўла ІІ. З таго часу нёс служэнне ў розных дыпламатычных прадстаўніцтвах Святога Пасаду: напачатку быў Апостальскім нунцыем у Грузіі, Арменіі і Азербайджане, у 2011 годзе Папа Бэнэдыкт XVI скіраваў яго ў Беларусь. Папа Францішак у 2015 годзе прызначыў арцыбіскупа Гуджэроцці Нунцыем ва Украіну, а ў 2020 годзе — у Вялікабрытанію.

Акрамя шматлікіх артыкулаў і эсэ, монсіньёр Гуджэроцці з’яўляецца аўтарам шэрагу грунтоўных прац, у якіх знайшлі адлюставанне ягоны досвед і даследаванні. Сярод ягоных публікацый варта адзначыць творы: «Армянская літургія пасвячэнняў і Кілікійская эпоха»; «Літургічныя вынікі тэалогіі камуніі паміж Касцёламі» (Рым 2001); «Новы чалавек — літургічная істота» (Рым 2005, перакладзены таксама на румынскую і ўкраінскую мовы); «Каўказ і ваколіцы (Рым 2012) і «Разважанні пра Усход» (Бозэ 2012).

Абноўлена 21.11.2022 17:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.