Пошук

08.10.2017 16:14   Catholic.by

Мінск, 4 кастрычніка
Урачыстае адкрыццё новага будынку Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі

Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны арцыбіскуп Анджэло Бэччу, намеснік дзяржсакратара Яго Святасці, глыбокапаважаны Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Габар Пінтэр!
Паважаны міністр Уладзімір Уладзіміравіч Макей!
Глыбокапаважаныя біскупы!
Глыбокапаважаныя паслы і прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу,
вялебныя прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій і рэлігій,
святары і кансэкраваныя асобы,
паважаныя спадарыні і спадары!

Юбілей 25-годдзя дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскім Пасадам азначае завяршэнне пэўнага этапу ў працэсе развіцця двухбаковых адносін, што з'яўляецца добрай магчымасцю звярнуць увагу на гістарычны працэс іх станаўлення і задумацца пра перспектывы на будучыню. Бо, не ведаючы гісторыі, складана зразумець сённяшнюю рэальнасць, а без слушнага разумення сучаснага немагчыма планаваць будучыню.

Таму дазвольце мне, наколькі гэта магчыма ў межах майго кароткага выступлення, прадставіць асноўныя моманты гістарычнага працэсу ўтварэння дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Святым Пасадам і на аснове гэтага зрабіць пэўныя высновы.

Разважаючы аб працэсе станаўлення двухбаковых адносін паміж Апостальскім Пасадам і Рэспублікай Беларусь, варта падкрэсліць, што дасягнуты на сёння status quo дыпламатычных адносін трэба разумець як вынік гістарычнага працэсу будавання двухбаковых кантактаў. Гэты працэс бярэ свой пачатак яшчэ ў раннім сярэдневякоўі, калі распачалася гісторыя развіцця дыпламатычных адносін Святога Пасаду з Кіеўскай Руссю. Паводле летапісных паданняў, князь Уладзімір прымаў паслоў Папы Рымскага яшчэ ў 988 годзе. Аднак падобныя кантакты мелі няўстойлівы характар. А вось да XIV ст. дадзеныя адносіны сталі больш рэгулярнымі. Імператар Пётр І вывеў дыпламатычныя адносіны на якасны ўзровень, неаднойчы накіроўваючы свае пасольствы ў Рым. А вось ужо ў 1845 годзе была арганізавана сустрэча імператара Мікалая І з папам Рыгорам XVI, на якой быў падпісаны канкардат паміж Святым Пасадам і Расіяй.

У пачатку XX стагоддзя адносіны паміж Савецкай Расіяй і Святым Пасадам былі неафіцыйнымі: вяліся перамовы па розных пытаннях, якія, аднак, не былі вырашаны.

Больш актыўна адносіны пачалі развівацца ў канцы 1980-х гг.: візіт Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці, сустрэча папы Яна Паўла ІІ і Прэзідэнта Міхаіла Гарбачова, абмен афіцыйнымі прадстаўнікамі — усё гэта казала пра адлігу ў міждзяржаўных адносінах паміж Святым Пасадам і СССР.

У снежні 1991 г. Расія была прызнаная Святым Пасадам, які выказаў жаданне працягнуць афіцыйныя і сяброўскія адносіны.

Гэтыя адносіны з палітычнымі структурамі, у склад якіх на працягу апошніх стагоддзяў уваходзіла сучасная Беларусь, перажывалі ў дадзеным кантэксце свае ўздымы і падзенні, неаднойчы заходзячы ў тупік, ажно да іх спынення. У межах майго выступлення звернем увагу на гісторыю сучаснай Беларусі.

Сацыяльна-палітычныя перабудовы канца 80-х і пачатку 90-х мінулага стагоддзя стварылі перадумовы для ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскім Пасадам. Упершыню перад дзяржаўнымі ўладамі Беларусі гэтае пытанне ўзняў першы прадстаўнік Ватыкана ў былым Савецкім Саюзе арцыбіскуп Франчэско Каласуоно ў 1990 г.

Гэтая ідэя была рэалізавана 11 лістапада 1992 года, калі Папа Рымскі св. Ян Павел ІІ Апостальскай граматай Quantamtandem заснаваў Апостальскую Нунцыятуру ў Рэспубліцы Беларусь. Пэўны час нунцыятура дзейнічала ў Ватыкане. Першым нунцыем стаў арцыбіскуп Габрыэль Мантальва Ігера, які выконваў гэтую функцыю з 17 красавіка 1993 года па 17 мая 1994 года. 18 мая 1994 года нунцыятура была перанесена ў Мінск, а новым нунцыем быў прызначаны арцыбіскуп Агостыно Маркето. Беларусь таксама адкрыла сваё пасольства пры Апостальскім Пасадзе на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом.

У гісторыі дыпламатычных адносін Святога Пасаду і Рэспублікі Беларусь выразна прасочваюцца два перыяды: канец 90-х гадоў мінулага стагоддзя і сучасны этап.

Першы этап характарызуецца больш фармальным супрацоўніцтвам, калі дыпламатычныя адносіны былі нібы статычныя — не пагаршаліся, але і не развіваліся, без афіцыйных сустрэч прэзідэнта і Папы. У гэты перыяд фокус увагі маладой Рэспублікі Беларусь быў накіраваны перш за ўсё на развіццё палітычных, эканамічных і сацыяльна-культурных адносін з Італіяй.

Другі этап можна характарызаваць як пераход «ад слова да справы». Ён адзначыўся істотным ажыўленнем дыпламатычных сувязяў паміж Беларуссю і Апостальскім Пасадам. Спецыяльныя пасланнікі Яго Святасці Папы Рымскага здзяйснялі і працягваюць здзяйсняць афіцыйныя візіты ў Беларусь, перш за ўсё з нагоды касцёльных юбілейных урачыстасцяў, а таксама сацыяльна-культурных мерапрыемстваў або з дыпламатычнай місіяй. Беларускія дэлегацыі таксама здзяйснялі афіцыйныя візіты ў Ватыкан.

Асноўныя даты і мерапрыемствы, якія грунтоўна паўплывалі на станаўленне дыпламатычных адносін паміж Апостальскім Пасадам і Рэспублікай Беларусь:

•    (18–22 чэрвеня 2008) Візіт Дзяржсакратара Яго Святасці папы Бэнэдыкта ХVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ адкрыў новую эпоху ў дыпламатычных адносінах паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам. Гэта першы візіт такога высокапастаўленага прадстаўніка Ватыкана і з’яўляецца свайго роду пачаткам інтэнсіўнай фазы ўзаемнага супрацоўніцтва. Кардынал Бэртонэ наведаў нашую краіну з афіцыйным візітам па запрашэнні беларускага ўраду і сустракаўся з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і іншымі прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў, а таксама з вернікамі. Пасля гэтага візіту папа Бэнэдыкт XVI высока ацаніў дзейнасць Беларусі па ўмацаванні дэмакратычнага працэсу, а таксама адзначыў, што Святы Пасад гатовы ўнесці свой унёсак у развіццё краіны, калі яму будзе дадзена такая магчымасць.

•    (27 красавіка 2009 г.) Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь наведаў Рым і сустрэўся з папам Бэнэдыктам XVI. На сустрэчы абмяркоўваліся тэмы, якія датычылі адносін веры і розуму, міжканфесійнага і міжкультурнага дыялогу, а таксама пытанні ўмацавання свету і агульнага прагрэсу.

•    (13–15 лістапада 2011 г.) старшыня Папскай рады спрыянння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох прыняў удзел у канферэнцыі: «Міжнародны Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысціянскія этычныя каштоўнасці як унёсак у сацыяльнае жыццё Еўропы». Тады таксама адбылася яго сустрэча з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, падчас якой абмяркоўваліся пытанні міжканфесійнага дыялогу і далейшага развіцця адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Святым Пасадам. Прэзідэнт таксама выказаў надзею, што Каталіцкі Касцёл і асабіста папа Бэнэдыкт XVI будуць спрыяць абароне інтарэсаў Беларусі на міжнароднай арэне.

•    (25–27 кастрычніка 2012 г.) намеснік міністра замежных спраў Беларусі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе і пры Суверэнным ваенным Мальтыйскім ордэне Сяргей Алейнік наведаў Ватыкан.

•    (2012–2013) Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сустракаўся са старшынёй Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу Жанам-Луі Таранам, які прыбыў у Беларусь як папскі пасланнік на святкаванне Юбілею 400-годдзя прабывання абраза Маці Божай у будслаўскай святыні, і двойчы — з апостальскім нунцыем арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці. Падчас апошняй сустрэчы Апостальскаму Пасаду была выказана ўдзячнасць за падтрымку, якую той аказвае Беларусі ў арганізацыі наладжвання адносін з Еўрасаюзам.

•    (12–15 сакавіка 2015) Знакавай падзеяй можна назваць візіт Дзяржсакратара Яго Святасці папы Францішка кардынала П'етро Параліна, які знаходзіўся ў Беларусі з афіцыйным візітам па запрашэнні беларускіх уладаў. Гэта другі падобны візіт у гісторыі сучаснай Беларусі, мэтай якога было перш за ўсё далейшае развіццё кантактаў з органамі дзяржаўнага кіравання Беларусі і сустрэча з вернікамі. Ватыканскі іерарх сустрэўся з прэзідэнтам, прэм'ерам, міністрам замежных спраў, мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Паўлам, асвяціў краевугольны камень новага будынка Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску.

•    (21 мая 2016) Яшчэ адным важным крокам у наладжванні адносін стала другая сустрэча Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з папам Францішкам. Асноўнай яе тэмай стала развіццё адносін Апостальскага Пасаду з Беларуссю. Папа Францішак выказаўся з адабрэннем пра мірную місію Беларусі, а прэзідэнт у чарговы раз запрасіў Папу Рымскага наведаць нашу краіну. Па словах прэзідэнта, Пантыфік выказаў згоду з тым, што прыйшоў час яму прыехаць у Беларусь. Таксама ў Ватыканскіх музеях была адкрыта выстава праваслаўнага і каталіцкага сакральнага мастацтва Беларусі, што з'яўляецца прэцэдэнтам у гісторыі нашых адносін.

•    (9 студзеня 2017) Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі і пры Святым Пасадзе па сумяшчальніцтву Сяргей Алейнік прыняў удзел у навагодняй аўдыенцыі Папы Рымскага для акрэдытаваных пры Апостальскім Пасадзе паслоў, падчас якой у іх адбылася кароткая размова, а таксама сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці папы Францішка кардыналам П'етро Паралінам і сакратаром па адносінах з дзяржавамі арцыбіскупам Полам Галахерам. У межах гэтай сустрэчы былі абмеркаваны пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, уключаючы рэалізацыю ўжо дасягнутых дамоўленасцяў.

У цэлым, у апошні час адзначаецца інтэнсіфікацыя нашых адносін. Сустрэчы афіцыйных асобаў сталі правілам, а не рэдкасцю, трывае ўзаемны дыялог па разнастайных пытаннях, прычым ініцыятыва ў дадзеным выпадку ўжо паходзіць з абудвух бакоў.

Можна з упэўненасцю казаць пра тое, што развіццё адносін паміж Апостальскім Пасадам і Беларуссю ідзе наперад, асабліва ў галіне культуры, рэлігіі і абароны маральных каштоўнасцяў, развіцця міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу, дыялогу з дзяржаўнымі ўладамі.

Варта адзначыць, што гэта толькі агульны пералік асноўных кірункаў развіцця дыпламатычнай сувязі Беларусі і Апостальскага Пасаду. Працэс працягваецца, адкрываючы ўсё новыя сферы для супрацоўніцтва.

Нашае двухбаковае супрацоўніцтва складае, магчыма, не вельмі заўважную, але вельмі важную частку знешняй палітыкі як РБ, так і Апостальскага Пасаду, які з'яўляецца рэлігійным лідарам і голасам сумлення ў сучасным свеце, да пазіцыі якога — як у пытаннях маральнасці, так і вырашэння розных канфліктаў — прыслухоўваецца свет.

Афіцыйнае адкрыццё Апостальскай Нунцыятуры з'яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем дынамічнага развіцця адносін паміж РБ і Апостальскім Пасадам. Маем надзею, што яны будуць садзейнічаць як арганізацыі хутчэйшага візіту Папы Рымскага ў Беларусь, дзе католікі, і не толькі, з нецярплівасцю чакаюць Пантыфіка, так і заключэнню пагаднення паміж двума суб'ектамі міжнароднага права — Святым Пасадам і РБ, што дало б новыя магчымасці для дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне і садзейнічала б далейшаму плённаму развіццю нашых узаемаадносін.

Абноўлена 09.10.2017 14:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця