О, парастак Есэя
Калі побач з табой ёсць акно, паглядзі праз яго на вуліцу. Калі не, проста ўяві сабе прыроду ў гэтую пару года. Які сёння дзень? Што ты бачыш альбо ўяўляеш? Некаторы час проста прабывай у гэтым, напэўна, халодным зімовым дні. Калі ёсць магчымасць і жаданне, выйдзі на шпацыр, затрымайся каля дрэва без лісця, знайдзі звялую раслінку ці штосьці іншае як адлюстраванне нечуллівасці зімы. І проста дазволь гэтаму быць тым, чым яно ёсць.
Антыфона
О, корань Есэя, які ўзносішся, як знак для народаў,
перад табою каралі замоўкнуць,
Табе народы будуць маліцца,
прыйдзі, каб вызваліць нас, і не спазняйся.
У Ісаі мы чытаем: «Выйдзе парастак з пня Есэевага, і атожылак з кораня ягонага прынясе плод» (Іс 11, 1-2). Есэй быў бацькам караля Давіда, і габрэі верылі, што Месія будзе паходзіць з роду Давіда. Хрысціяне лічаць, што ў Езусе споўніліся прароцтвы. Корань Есэя — гэта продкі Езуса, а Ён, у сваю чаргу, — парастак, які стане кветкай жыцця.
У Евангеллі паводле Лукі Захарыя, бацька Яна Хрысціцеля, гаворыць пра тое, што Бог збіраецца зрабіць праз Езуса, і якую справу даручае Яну.
Захарыя, бацька Яна, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, кажучы:
Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля,
бо наведаў і адкупіў народ свой,
і ўзняў рог збаўлення для нас
у доме Давіда, слугі свайго.
Як абвясціў спрадвеку
вуснамі сваіх святых прарокаў,
што збавіць нас ад ворагаў нашых
і ад рук усіх, хто нас ненавідзіць.
Каб аказаць міласэрнасць айцам нашым
і нагадаць пра святы запавет свой,
прысягу, якую даў Абрагаму, айцу нашаму,
дасць нам.
Каб, выбаўленыя з рук ворагаў нашых,
мы без страху служылі Яму
ў святасці і справядлівасці перад Ім
ва ўсе дні нашыя.
А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа,
бо пойдзеш перад абліччам Пана
падрыхтаваць шляхі Яму,
каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне
праз адпушчэнне яго грахоў,
дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога,
у якой наведаў нас Усход з вышыні,
каб асвятліць тых,
хто сядзіць у цемры і ў ценю смяротным,
каб накіраваць ногі нашыя
на шлях спакою (Лк 1, 67-79).
Жывучы ў Паўночным паўшар’і Зямлі, мы зараз набліжаемся да сярэдзіны зімы. Нічога не расце. Дрэвы і кусты дрэмлюць. Час кветак даўно мінуў. Выгляд навакольнай прыроды пэўным чынам уплывае і на стан нашай душы. Магчыма, мы адчуваем, што яна таксама замірае ў гэты, пазбаўлены жыцця, час. Зіма можа сімвалізаваць становішча ўсяго чалавецтва, — сцятага, нібы марозам, пакінутасцю.
Дзе ў свеце, у Касцёле ці ў сабе ты назіраеш падобны недахоп жыцця і колераў?..
Пад зямлёй прырода чакае свайго часу, але не бяздзейнічае. Цыбуліны гадуюць свае карані, насенне трывае ў замаразкі і рыхтуецца прарасці, як толькі халоднае надвор’е зменіцца на цёплае. Карані дрэў не прыпыняюць актыўнасці нават зімой, шукаюць у глебе і захоўваюць да вясны карысныя рэчывы, рыхтуючыся да бурлівага вясновага росту.
Гэта добры вобраз для нашай малітвы, асабліва ў тыя перыяды жыцця, калі знешне нічога не адбываецца. Калі ты адчуваеш у сабе сухасць, ты можаш проста дазволіць ёй быць і спадзявацца на Бога, які ведае, што робіць. Дазволь сабе крыху адпачыць у Ягоных руках. Не фарсіруй з’яўленне сваіх вясновых парасткаў. Дазволь сабе быць тым, кім ты ёсць, і там, дзе ты ёсць.
І дазволь Езусу быць тым, кім Ён ёсць.
Чалавецтва чакала прыйсця Месіі на працягу многіх пакаленняў. Гэтае чаканне часам выглядала безнадзейным. Мы працягваем спадзявацца, што Ён прыйдзе і зламае цвёрдую абалонку нашых сэрцаў, напоўніць колерамі нашае манахромнае жыццё. Адвэнт як час чакання дае нам падставу спыніцца і ясна выразіць сваё прагненне: каб Езус прыйшоў да нас, пусціў карані ў нашых сэрцах, заквітнеў у нас… Паспрабуй пагаварыць з Ім пра гэта.
Ці жадаем мы квітнець і прыносіць плён разам з Езусам? Калі Ён прыходзіць да нас, ці не нараджаецца ў нас імкненне (жаданне) занесці Яго іншым людзям?.. ахвяраваць сябе іншым?… дадаць свету, які жыве ў нястачы, крыху святла, колераў і цеплыні?
Выкажы Езусу сваё жаданне быць з Ім і працаваць з Ім.
З-пад паверхні зямлі, як вясной,
любоў узыходзіць зноў...
О, Мудрасць,
Пан,
корань Есэя,
ключ Давіда,
Усход,
Валадар народаў
Эммануэль,
прыйдзі, Езу.
A Адвэнтавыя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» (facebook.com). Пераклад на беларускую мову і апрацоўка тэкстаў — Тэрэса Клімовіч.
Гл. таксама: Адвэнт на Catholic.by: рэкалекцыі з ігнацыянскімі разважаннямі.