Пошук

21.11.2024 16:39   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Grodnensis.by / Catholic.by

18 лістапада вікарый парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Гродзенская дыяцэзія, Лідскі дэканат) ксёндз Андрэй Скамарошка абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыцэзіі Grodnensis.by, дысертацыю ксёндз Андрэй пісаў у Вармінска-Мазурскім універсітэце ў Ольштыне (Польшча) на тэму «Евангелізацыйнае вымярэнне літургіі Праваслаўнай Царквы». Каталіцкі святар засяроджвае ў ёй увагу на значэнні літургіі ў справе евангелізацыі ў Праваслаўнай Царкве з перспектывы міжканфесійнага супрацоўніцтва ў абвяшчэнні свету Добрай Навіны аб збаўленні.

Тэма дысертацыі базуецца на прынцыпе, што літургія — гэта цэнтральны элемент евангелізацыйнай місіі Праваслаўя. Навуковая праца змяшчае адказ на пытанне, як Праваслаўная Царква выкарыстоўвае літургію для абвяшчэння Евангелля ў сённяшнім свеце. Таксама ў ёй паказана, як літургія ўводзіць людзей у досвед прысутнасці Бога, што ўмацоўвае іх веру і натхняе дзяліцца ёю з іншымі.

Навуковая праца заахвочвае да паглыблення экуменічнага дыялогу і разважання над тым, якія евангелізацыйныя стратэгіі былі б паспяховымі ў кантэксце сучасных выклікаў, маючы на ўвазе літургію як метад выхавання сведкаў Евангелля і будаўніцтва касцёльнай камуніі.

Навуковым кіраўніком у вядзенні даследавання і ў напісанні працы быў ксёндз Рышард Гайдук CSsR.

На абароне дысертацыі прысутнічалі сярод іншых біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, некалькі святароў Гродзенскай дыяцэзіі. Менавіта яны першымі маглі павіншаваць новага доктара тэалогіі, які ўзбагаціць сваімі ведамі Касцёл у Беларусі.

 

Абноўлена 21.11.2024 16:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа