З 14 па 19 жніўня пры парафіі Нараджэння Маці Божай у Браславе (Віцебская дыяцэзія) праводзілася летняя школа касцёльнага спеву, якая ўжо стала традыцыйнай.
Як павеламляе сайт санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе Waladarka.by, у майстар-класах па касцёльнай музыцы бралі ўдзел прадстаўнікі парафій з Браслава, Віцебска, Заслаўя, Магілёва, Мінска і з іншых мясцін Беларусі.
Ініцыятарам школы спеву ўжо не першы год з’яўляецца арганістка браслаўскай парафіі Іна Сапун. Заняткі праходзілі пад кіраўніцтвам дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і галоўнага арганіста архікатэдральнага касцёла ў Мінску Уладзіміра Неўдаха ў супрацоўніцтве з Ірынай Арлоўскай і Таццянай Брытко.
Курс навучання ўключаў пастаноўка голасу для харыстаў і кантараў, харавы спеў, а таксама азнаямленне з сэнсам літургіі, значэннем асобных частак святой Імшы і прынцыпамі адбору рэпертуару для літургіі. Вывучаліся асаблівасці арганнага суправаджэння ў літургічным спеве. Заняткі наведвалі як дарослыя, так і дзеці.
З удзельнікамі летняй школы касцёльнага спеву сустрэўся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Своеасаблівым вынікам заняткаў стаў спеў удзельнікаў падчас галоўнай святой Імшы ва ўрачыстаць Маці Божай Валадаркі Азёраў, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.